Паддоны з боепрыпасамі для Украіны ў транспартным самалёце. Фота ВПС ЗША.

Паддоны з боепрыпасамі для Украіны ў транспартным самалёце. Фота ВПС ЗША.

Краіны Захаду адзіным фронтам пачынаюць пастаўкі ва Украіну бранятэхнікі і артылерыі.

Рэй вядзе Брытанія. Сёння пасля сазвону кіраўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Канады, Румыніі, НАТА і ЕС брытанцы заявілі пра гатоўнасць пастаўкі бронемашын з эфектыўнымі зенітнымі комплексамі малой дальнасці Stormer HVM з ракетамі Starstreak.

Пентагон заявіў, што Украіна ўжо атрымала з іншых краін самалёты-знішчальнікі, а таксама запчасткі, якія дазволяць падняць у паветра больш вайсковых самалётаў. Такую заяву зрабіў прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі сёння.

Кірбі ўдакладніў, што гаворка ідзе пра дапамогу, атрыманую не ад Злучаных Штатаў.

Польшча ўжо адправіла Украіне сотню танкаў, ЗША — ударныя беспілотнікі, некалькі гаўбіц, савецкія верталёты і бронемашыны старога ўзору.

У той жа час Канада таксама абвясціла пра намер паставіць артылерыю. Артылерыю ўжо перадалі Украіне Славаччына і Чэхія.

Пра намер паставіць Украіне цяжкую зброю напісаў прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ па выніках размовы з Уладзімірам Зяленскім.

Парламент Італіі з рэдкім для палітычнага спектра гэтай краіны адзінадушшам ўхваліў пастаўкі цяжкага ўзбраення — пакуль не канкрэтызуецца якога.

А Румынія спецыяльна пад перадачу зброі са сваіх запасаў мяняе нацыянальнае заканадаўства.

Раней ладныя партыі ўзбраення перадалі Украіне таксама Фінляндыя, Швецыя, Бельгія, Іспанія і Нарвегія.

У прыгранічным польскім Жэшуве штодзень прызямляюцца 8 — 10 вялікіх транспартных самалётаў з узбраеннямі і боепрыпасамі для Украіны. Расія выявілася няздольная перарэзаць шляхі пастаўкі зброі Украіне. Насуперак заявам Масквы, супрацьпаветраная абарона Украіны працягвае існаваць, і расійскія самалёты не рашаюцца залятаць далёка за лінію фронту. 

Нявырашаным застаецца толькі пытанне абароны ад крылатых і балістычных ракет, якімі Расія метадычна знішчае ўкраінскую інфраструктуру. Наяўных ва Украіны сістэм С-300 недастаткова, а пастаўкі амерыканскіх «Пэтрыётаў» ці то пакуль лагістычна немагчымыя, ці то не знайшлі палітычнага «апруву».

Пастаўкі Украіне цяжкіх узбраенняў павышаюць шанцы на тое, што яна выстаіць перад расійскай агрэсіяй.

Клас
52
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0