Сяргей Шайгу, Уладзімір Пуцін і Валерый Герасімаў. Фота: ТАСС

Дзве крыніцы «Блумберга» пры гэтым сцвярджаюць, што рашэнне аб уварванні ва Украіну было прынята Пуціным разам з некалькімі «ястрабамі», у ліку якіх міністр абароны Сяргей Шайгу, начальнік генштаба Валерый Герасімаў і сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў.

За некалькі тыдняў пасля пачатку ўварвання кола дарадцаў і кантактаў Пуціна яшчэ мацней звузілася ў параўнанні з абмежаванай групай прыхільнікаў жорсткай лініі, з якімі ен рэгулярна кансультаваўся раней, піша агенцтва.

Амаль праз восем тыдняў пасля нападу ва Украіну ваенныя страты растуць, а Расія сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай міжнароднай ізаляцыяй. «Невялікая, але ўсё большая колькасць высокапастаўленых крамлёўскіх інсайдараў ціха сумняецца ў правільнасці яго рашэння пачаць вайну», — піша агенцтва.

«Катастрафічная памылка»

Шэрагі крытыкаў унутры расійскай улады застаюцца абмежаванымі на высокіх пасадах ва ўрадзе і дзяржаўным бізнэсе — яны лічаць, што ўварванне было катастрафічнай памылкай, якая адкіне краіну на гады, сцвярджае «Блумберг», спасылаючыся на дзесяць дасведчаных суразмоўцаў. Усе яны размаўлялі на ўмовах ананімнасці, баючыся наступстваў.

Пакуль гэтыя людзі не бачаць ніякіх шанцаў на тое, што Пуцін зменіць свой курс. Па іх словах, расійскі прэзідэнт, усё больш і больш залежыць ад вузкага кола дарадцаў і ігнаруе спробы іншых чыноўнікаў папярэдзіць яго аб згубных эканамічных і палітычных наступствах тых ці іншых крокаў.

Некаторыя суразмоўцы Блумбэрга сказалі, што ўсё больш падзяляюць асцярогі прадстаўнікоў амерыканскай разведкі наконт таго, што Пуцін можа аддаць загад на кропкавае прымяненне ядзернай зброі, калі сутыкнецца з няўдачай у кампаніі, якую ён лічыць сваёй гістарычнай місіяй.

«Безумоўна, пуцінскую вайну па-ранейшаму моцна падтрымлівае большая частка расійскай эліты, і многія інсайдары публічна і нават у прыватных размовах падтрымліваюць версію Крамля аб тым, што канфлікт з Захадам быў непазбежны і што эканоміка адаптуецца да шырокамаштабных санкцый, — гаворыцца ў артыкуле. — І грамадская падтрымка застаецца моцнай, бо першапачатковы шок і эфект санкцый саступілі месца свайго роду сюррэалістычнай стабільнасці ў Расіі».

«Спрабавалі растлумачыць»

Паводле інфармацыі суразмоўцаў агенцтва, высокапастаўленыя чыноўнікі спрабавалі растлумачыць Пуціну, што эканамічныя наступствы санкцый будуць разбуральнымі, бо знішчаць вынікі двух дзесяцігоддзяў росту.

Пуцін, паводле іх слоў, адмахнуўся ад гэтых папярэджанняў, заявіўшы, што, хаця Расія заплаціць вялізную цану, Захад не пакінуў яму іншага выбару, акрамя як пачаць вайну.

Два дні таму Пуцін заявіў, што спроба «эканамічнага бліцкрыгу» супраць Расіі правалілася. «Разлік быў на тое, каб хутка расхістаць фінансава-эканамічную сітуацыю ў нашай краіне, справакаваць паніку на рынках, калапс банкаўскай сістэмы, маштабны дэфіцыт тавараў у магазінах, — сказаў ён у панядзелак на нарадзе па сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. — Можна ўжо ўпэўнена сказаць, што такая палітыка ў дачыненні да Расіі правалілася, стратэгія эканамічнага бліцкрыгу не ўдалася».

Пуцін па-ранейшаму ўпэўнены, што людзі яго падтрымліваюць і што расіяне гатовы выцерпець гады абмежаванняў дзеля нацыянальнай велічы. Ён поўны рашучасці працягваць вайну — нават нягледзячы на тое, што Крамлю давялося абмежаваць амбіцыі, адмовіцца ад захопу большай часткі Украіны і пераарыентавацца на бітву за Данбас.

Нязгодныя з лініяй Пуціна не бачаць ніякіх прыкмет таго, што той гатовы разгледзець пытанне аб спыненні ваенных дзеянняў ці аб сурʼёзных саступках, неабходных для дасягнення спынення агню.

«Улічваючы яго татальнае дамінаванне ў палітычнай сістэме, альтэрнатыўныя погляды гучаць толькі ў прыватным парадку», ‒ піша агенцтва.

Паводле яго ацэнкі, абмежаванасць інфармацыі садзейнічала таму, што Крэмль пралічыўся ў першыя дні наступлення. Мільярдэр Раман Абрамовіч, які браў удзел у арганізацыі расійска-ўкраінскіх перамоваў, меў развеяць упэўненасць Пуціна ў тым, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакіне краіну, як толькі пачнецца ўварванне, сцвярджаюць крыніцы «Блумбэрга».

Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка мільярдэр Міхаіл Фрыдман, які трапіў пад санкцыі, тлумачыў у інтэрвʼю «Блумбергу», чаму ніхто ў Расіі не адважыцца публічна асуджаць вайну.

«Дыстанцыя паміж спадаром Пуціным і кім-небудзь яшчэ падобная дыстанцыі паміж Зямлёй і космасам, — казаў ён. — Сказаць Пуціну нешта супраць вайны для каго заўгодна было б раўнасільна самагубству».

Мільярдэр Алег Дзерыпаска яшчэ ў канцы сакавіка назваў вайну «варʼяцтвам», нагадвае Блумберг. Заснавальнік «Тинькофф банка» Алег Цінькоў напярэдадні ў яшчэ больш рэзкіх выразах выступіў супраць вайны і тых, хто яе падтрымлівае, а таксама раскрытыкаваў расійскае войска.

«Блумберг» нагадвае, што толькі адзін высокапастаўлены чыноўнік «публічна парваў з Крамлём з-за ўварвання» — Анатоль Чубайс, які сышоў у адстаўку з пасады спецпрадстаўніка Пуціна па пытаннях устойлівага развіцця і паляцеў у Стамбул. Аднак Чубайс адмовіўся ад якіх-небудзь публічных заяваў наконт свайго рашэння.

Іншым, хто хацеў сысці, у тым ліку кіраўніцы ЦБ Эльвіры Набіулінай, сказалі, што яны павінны застацца, каб дапамагчы справіцца з эканамічнымі наступствамі, піша «Блумберг». Яшчэ раней агенцтва паведамляла, што Набіуліна спрабавала сысці ў адстаўку пасля пачатку ўварвання, але Пуцін ёй у гэтым адмовіў. ЦБ пасля гэтай публікацыі заявіў, што інфармацыя аб жаданні Набіулінай пакінуць сваю пасаду не адпавядае рэчаіснасці. Высокапастаўленыя чыноўнікі асудзілі тых, хто пакінуў краіну, лічачы іх «здраднікамі», піша «Блумберг».

Некаторыя прадстаўнікі эліты настойваюць на яшчэ больш жорсткай лініі, лічыць агенцтва і нагадвае, што калі прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заступіўся за тэлевядучага Івана Урганта, які зʼехаў з Расіі, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, чые войскі ваююць ва Украіне, раскрытыкаваў Пяскова за недастатковы патрыятызм.

«Няма месца для рознагалоссяў ці дыскусій, усе павінны проста займацца гэтым і выконваць указы прэзідэнта, і пакуль Пуцін трымае сітуацыю пад кантролем, людзі будуць ісці за ім», — ацаніла сітуацыю кіраўніца праекта R.Politik Таццяна Станавая.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру