Яраслаў з гуртом РСП

Яраслаў з гуртом РСП

Яраслаў малюе з калыскі, а цікавіцца палітыкай пачаў з 15-16 гадоў. Менавіта палітычная сітуацыя ў краіне аказала немалы ўплыў на творчасць маладога мастака.

«Нягледзячы на тое, што ў 2020-м мне яшчэ не было 18, я актыўна цікавіўся тым, што адбываецца. Калі даведаўся, што ў Гродна прыязджае Сяргей Ціханоўскі, то пайшоў паглядзець на яго выступ. Ніякіх засцярог, што гэта можа быць небяспечна, у мяне нават не ўзнікала, бо гэта было афіцыйнае мерапрыемства», — згадвае хлопец.

Аднак афіцыйны характар мерапрыемства ніяк не паўплываў на ход падзей. 29 мая на Савецкай плошчы ў Гродна быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яшчэ шэраг людзей. У іх ліку аказаўся і Яраслаў.

«Магчыма, амапаўцаў прыцягнула маё яркае адзенне і наяўнасць БЧБ-сцяга, — разважае наш суразмоўца. — Натуральна, я не меў ніякага дачынення да Ціханоўскага.

На той момант мне было ўсяго 17 гадоў, таму мяне пратрымалі нядоўга і ўжо ноччу адпусцілі без складання пратакола. Супрацоўнікі забралі толькі мой тэлефон, абяцалі, што вернуць, але больш свой тэлефон я так і не бачыў», — прызнаецца Яраслаў.

Калі праз дзень на плошчы выстраілася велізарная чарга гараджан, якія хацелі пакінуць подпісы за вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты, мастак зноў быў там і вырашыў намаляваць чаргу з натуры. 

«Потым быў плакат з Ціханоўскім. Я намаляваў Сяргея на фоне таго самага пікета і дадаў надпіс «I'll be back». У апошні дзень збору подпісаў я перадаў малюнак штабу Святланы Ціханоўскай, а яшчэ праз тыдзень яны самі са мной звязаліся. Штаб прапанаваў зрабіць серыю паштовак салідарнасці з затрыманымі ў Гродне ў той дзень. Тады я намаляваў дзесяць такіх паштовак.

Пасля мне прапанавалі зрабіць плакат з Паўлам Севярынцам, мы яго адправілі жонцы Паўла. Таксама быў плакат з Мікалаем Статкевічам.

Да калекцыі паштовак салідарнасці паступова дадаваліся новыя героі. Быў там і Вітольд Ашурак, які на той час быў яшчэ жывы», — згадвае хлопец.

Юнак кажа, што жаданне тварыць на папулярную тады тэматыку не мела пад сабой мэты хайпануть або зарабіць грошай. Напрыклад, са штаба Ціханоўскай Яраслаў узяў усяго па 5 рублёў за паштоўку. Па яго словах, гэта прыкладна тая сума, якая сыходзіць на матэрыялы. Хлопец адзначае, што ўсё рабілася ў першую чаргу дзеля ідэі.

У калекцыі мастака таксама быў трыпціх з Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкала і Святланай Ціханоўскай. Падчас выступу ў Гродне Святлана запрасіла хлопца на сцэну, дзе ён падарыў ім гэтую сваю працу.

Фота: Hrodna.life / Руслан Кулевіч

Фота: Hrodna.life / Руслан Кулевіч

З часам Яраслаў стаў адыходзіць ад палітычных тэм у сваёй творчасці, паколькі працаваць у гэтым кірунку станавілася ўсё больш небяспечна. Але пачаў рабіць партрэты вядомых беларусаў.

«Я наведваў курсы «Мова Нанова», а туды часта прыязджалі розныя знакамітасці, пакуль яны гралі ці спявалі, я маляваў іх з натуры. Потым падыходзіў і браў аўтограф. Дзякуючы гэтаму досведу я зразумеў, што магу стасавацца з такімі людзі, што ў гэтым няма нічога страшнага, бо яны такія самыя людзі, як і ўсе», — дзеліцца Яраслаў.

Партрэт Змітра Вайцюшкевіча

Партрэт Змітра Вайцюшкевіча

Першымі героямі, каго намаляваў хлопец, былі Ігар Банцар і Зміцер Вайцюшкевіч. Ёсць у яго партрэты Алеся Дзянісава, Маргарыты Ляўчук, Мікіты Бялевіча — агулам 16 прац у калекцыі. Усе іх хлопец захоўвае ў сябе, бо плануе зрабіць выставу. А аўтографы сваіх герояў збірае на спіне працоўнага халата.

Той самы працоўны халат

Той самы працоўны халат

«Пасля выставы планую раздаць партрэты героям, або з іх дазволу выстаўлю карціны на продаж. Выставу хачу зрабіць гэтай восенню, але пакуль не ведаю, у якім горадзе. У мяне няма нейкай вызначанай лічбы, колькі на той момант павінна быть прац, але ёсць прынамсі тры асобы, чые партрэты я хачу намаляваць. Гэта Лявон Вольскі, Святлана Ціханоўская і Павел Латушка», — кажа мастак. 

Ігар Банцар са сваім партрэтам

Ігар Банцар са сваім партрэтам

Першапачаткова хлопец рабіў партрэты толькі тых асоб, якія знаходзіліся ў Беларусі, а пасля ад’езду за мяжу — і тых, хто жыве ў Польшчы і Літве. Хлопец пісаў у Варшаве, Беластоку, Кракаве і Вільні. 

«Калі я прыязджаў у Вільню, каб намаляваць Маргарыту Ляўчук, то зразумеў, што проста абавязаны намаляваць будынак, дзе знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы», — дзеліцца мастак.

Цяпер ужо больш за месяц Яраслаў жыве ў Польшчы, дзе рыхтуецца да паступлення ў ВНУ. З Беларусі хлопец з’ехаў праз тое, што пачалася вайна.

«Негледзячы на тое, што я быў затрыманы ў адзін дзень з Ціханоўскім, маляваў на БЧБ-тэматыку і ніколі не хаваў сваю пазіцыю, у дачыненні да мяне не было ніякіх рэпрэсій. У нашым каледжы мастацтваў не адлічвалі праз палітычныя погляды. Таму з Беларусі я з’ехаў менавіта праз пачатак вайны.

Я зрабіў ПЛР-тэст і, нават не адлічваючыся з вучобы, проста з’ехаў. Невядома, што магло абыцца, раптам закрылі б межы і пазней выехаць ужо было б немагчыма», — разважае Яраслаў. 

У Польшчы ён піша таксама прыгожыя краявіды і старыя будынкі. Яшчэ ў Гродне юнак часта маляваў горад. Прычым рабіў свае замалёўкі не толькі на традыцыйных матэрыялах, але і, напрыклад, на донцах аднаразовых кубачкаў для кавы.

Фота: Hrodna.life / Руслан Кулевіч

Фота: Hrodna.life / Руслан Кулевіч

Творчасць дазваляе хлопцу не толькі самарэалізоўвацца, але і трошкі зарабляць. Гэтых грошай 19-гадоваму юнаку хапае на набыццё матэр’ялаў, аплату транспарту і на кішэнныя выдаткі. 

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Я мару вярнуцца не проста ў Беларусь, а ў родны Бабруйск». Тыктокер Мікіта Бялевіч пра ад’езд, жонку і беларускамоўны кантэнт

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1