Жанчына з немаўлём у метро — гэта кіяўлянка Таццяна Блізнюк з дачкой Марычкай, якой на момант, калі была зробленая фатаграфія, толькі-толькі споўнілася два месяцы. 25 лютага Таццяна з мужам Міхаілам, дачкой і мопсам Фібі спусціліся ў метро, калі ў Кіеве пачалася паветраная трывога.

Фота Таццяны, якая корміць немаўля, прыхінуўшыся да халоднай мармуровай сцяны метрапалітэна, зрабіў венгерскі журналіст выдання Teleks Андраш Фельдэш. Ён апублікаваў яго ў сябе ў «Інстаграме». Здымак імгненна стаў вірусным.

Ілюстратар Марына Саломеннікава з Дняпра ўбачыла фатаграфію Таццяны, гартаючы стужку навін.

«У маёй галаве адразу склаліся ўсе пазлы ўбачанага і прачытанага — гэтая жанчына з дзіцем была сімвалам усіх украінскіх маці, якія павінны хавацца ад расійскай зброі ў бамбасховішчах», — распавядае Марына. 

Яна паказала Таццяну на фоне схемы руху цягнікоў Кіеўскага метрапалітэна — нібыта з залатым німбам над галавой.

«Украінскія жанчыны самыя адважныя і моцныя», — падпісала сваю працу Марына.

Пасля гэтага ілюстрацыю Марыны апублікаваў у сябе на старонцы кансультант Ватыканскага Сакратарыята па сувязях з грамадскасцю Джэймс Марцін.

Выяву жанчыны з німбам назвалі Кіеўскай Мадоннай, а Марына Саломеннікава сціпла кажа, што проста зрабіла добрую ілюстрацыю.

Нядаўна Кіеўская Мадонна стала абразом у храме італьянскага Неапаля, яна знаходзіцца ў капліцы пры школе сясцёр-францішканак.

Фота абраза ў сябе апублікаваў украінскі святар-езуіт Вячаслаў Окунь, які цяпер вучыцца ў Рыме.

Клас
43
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
2