Самаходная артылерыйская устаноўка «Цэзар» на шасі Tatra Т815. Фота: fmi.dk

22 красавіка Фларанс Парлі, міністарка абароны Францыі, паведаміла, што прэзідэнт Макрон даручыў перадаць Украіне самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Цэзар». Гэта нашмат больш практычная падтрымка, чым публікацыя поўных драматызму фотаздымкаў пасля складаных тэлефонных перамоваў з Пуціным.

Канкрэтная колькасць установак не называецца, аднак па дадзеных выдання Ouest-France гаворка вядзецца пра перадачу 12 адзінак тэхнікі з рэзерваў французскай арміі.

Самаходная артылерыйская ўстаноўка «Цэзар», створаная ў Францыі — адна з найлепшых у свеце ў сваёй катэгорыі. Яна стаіць на ўзбраенні Чэхіі, Даніі, Тайланда, Інданезіі і Саудаўскай Аравіі.

Стандартная для НАТА гармата 155 мм забяспечвае, пры выкарыстанні актыўна-рэактыўных снарадаў, нанясенне ўдараў па цэлях на адлегласці да 45 км. Браніраванне кабіны не самае магутнае — абараняе ад куляў калібру 7.62 мм, затое вага ўстаноўкі меншая за 18 тон, што дазваляе выкарыстоўваць самалёты для перакідання гэтай тэхнікі. Па дарогах «Цэзар» можа пераадольваць да 600 км з хуткасцю да 80 км/г. Па-за дарогамі хуткасць да 50 км/г. Экіпаж складаецца з 4—5 чалавек. Сучасная сістэма кіравання агнём, у склад якой уваходзяць прымач GPS, радар і балістычны блок кіравання, робіць гэтую зброю вельмі трапнай. Запас снарадаў не надта вялікі — 18 штук, але гэта могуць быць у тым ліку звышсучасныя снарады M982 Excalibur, выкарыстанне якіх практычна гарантуе знішчэнне цэлі з першага стрэлу. Сістэма можа страляць з хуткасцю да 6 снарадаў на хвіліну.

Ва ўмовах, калі расійская армія не дасягнула абсалютнага панавання ў паветры і любое прымяненне авіяцыі пагражае стратамі авіятэхнікі, менавіта артылерыя робіцца асноўным інструментам вайны. І тут пераможцам стане той, хто хутчэй, трапней і з максімальна далёкай дыстанцыі наносіць удары.

Вось чаму Украіна прасіла ў Захаду артылерыйскія сістэмы. Сучасны стандарт артылерыі НАТА — 155 мм, расійскі — 152,4 мм. І гэта акурат той выпадак, калі памер мае значэнне — 2,6 мм розніцы ў калібры канвертуюцца ў выніку ў некалькі кіламетраў розніцы па дальнасці. Сучасныя артылерыйскія сістэмы Паўночнаатлантычнага альянсу могуць весці агонь, знаходзячыся па-за межамі дасяжнасці для расійскай артылерыі. 

Першымі пра пастаўкі такога ўзбраення заявілі Эстонія, Славакія, Вялікабрытанія і ЗША. Цяпер прыйшла чарга Францыі.

Паводле некаторых ацэнак, агулам украінцы могуць атрымаць — ці ўжо атрымалі — больш за дзве сотні ствалоў.

Чытайце таксама:

Славаччына прадае Украіне «Зузаны», якія б'юць на 50 км

Украіна перамагае ў бітве беспілотнікаў

Краіны Захаду абяцаюць Украіне цяжкую артылерыю. Боепрыпасы ідуць няспынным патокам

Клас
42
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?