Фота: «Радыё Свабода»

Італьянская паліцыя вызваліла беларускага мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча, які праславіўся пратэснымі перформансамі ў 2020 годзе. У гэты раз ён зладзіў акцыю каля расійскага павільёна на венецыянскай біенале. Яго затрымалі, а ў пратаколе, складзеным паліцыяй, былі адразу тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: агаленне на публіцы, вандалізм, прапаганда нацызму. 

— Можаце растлумачце пасыл сваёй італьянскай акцыі?

— Раней я рабіў памылку, калі канкрэтна разжоўваў і тлумачыў свае працы. З нядаўняга часу я не даю прамога тлумачэння. Калі і пішу тэкст, то ён з'яўляецца часткай маёй працы. Тлумачыць сэнс гэтай акцыі — гэта тое ж самае, што пераказваць верш сваімі словамі. Паэзію трэба чытаць і адчуваць, кожны ўспрымае яе па-свойму.

Да таго ж гэта цяжкая і доўгая размова. Напэўна, усе канатацыі, якія я ўкладваў у твор, я нават не змагу ўспомніць. Я рыхтаваў акцыю ў працягу некалькіх месяцаў — гэта не нейкі эмацыйны жэст, гэтая праца змяшчае мноства адсылак. У цэлым гэта крытычнае мастацтва, і крытыка накіраваная не толькі на Пуціна, як прадстаўляюць многія заходнія СМІ. Дам невялікую падказку да разумення акцыі: я задаю пытанне, а ці магчымы мастак з нашай тэрыторыі па-за транс-СССР-версіяй? Ці можа яго мастацтва быць прадстаўленае на Захадзе без ахвяры, без змроку, які цяпер зыходзіць з ідэалогіі рускага свету? Ці могуць яго працы быць самастойным мастацтвам у цывілізаваным свеце без гэтага ўсяго? Цяпер, каб мастаку быць рэалізаваным на Захадзе, яму трэба быць трубамі палітычнай каналізацыі, выкрываць дыктатара, паказваць сваю знявечаную душу.

Вядома, большасць людзей успрымаюць гэта як пратэст супраць Пуціна і — у сітуацыі, якая склалася — супраць Лукашэнкі. Палітычныя канатацыі ёсць у гэтай акцыі, але трактаваць яе толькі ў форме пратэсту я адмаўляюся.

— Вы напісалі, што ў пратаколе ў вас, акрамя іншага, значыцца і прапаганда нацызму. Вы спрабавалі тлумачыць паліцыі сваю акцыю, чым вы ў прынцыпе займаецеся?

— Я трапіў на вельмі дурных паліцэйскіх. Узровень іх разумення ў мастацтве нават ніжэйшы, чым у беларускай міліцыі, з якой мне таксама шмат разоў давялося мець кантакт. Яны пытаюцца: «Вы падтрымліваеце Пуціна?» Я кажу: «Не». Удакладняюць: «Значыць, вы падтрымліваеце Зяленскага? Не? Як так?». І я спрабую расказаць, што гэта мастацтва, гэта не палітычная заява, не прапаганда аднабокай ідэі. А вось яны не разумеюць. Кажуць: «Вы зігавалі, гэта прапаганда нацызму». Напісалі мне, што я казаў прылюдна «Хайль Гітлер». Я ім адказаў: «Вы ж таксама толькі што гэта сказалі, значыць, і на вас трэба складаць пратакол?»

У выніку дакумент я не падпісаў, але мне растлумачылі, што калі суд нада мной і будзе, то няхутка, ды і ў Італіі мне лепш не з'яўляцца.

— Паспелі за гэты кароткі час ацаніць умовы ў італьянскім месцы часовага зняволення?

— Мне здаецца, я ўжо практычна стаў спецыялістам па турмах, пры гэтым ні разу толкам не сядзеў. У беларускай я правёў трое сутак, у французскай — паўтара дня, у італьянскай — умоўна кажучы, паўдня. У параўнанні з беларускай, гэтыя дзве — гэта нешта забаўляльнае. Цябе не б'юць, на цябе не крычаць, не спрабуюць наўпрост ціснуць. Проста яны не вельмі былі рады, што я заняў у іх час. Далі мне вады. Я пасядзеў, паўсміхаўся, мне прапанавалі «выдаць сяброў», якія дапамагалі ў арганізацыі гэтай акцыі. Напэўна, у беларускай сітуацыі я б адразу атрымаў за ўсё гэта па твары. У гэтым жа выпадку паліцэйскіх проста разбірала злосць, але яны нічога не маглі зрабіць — іх стрымліваў закон.

У суботу раніцай Аляксей вылецеў з Італіі ў Талін. Наступны прыпынак — Парыж. Сёння ў Францыі будзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў, і мастак едзе «з біенале на парыжскія барыкады».

З Russia зрабіў Belorussia. Мастак Аляксей Кузьміч зладзіў новую дзёрзкую акцыю ВІДЭА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру