Літаральна з першых жа дзён ўварвання ў Беларусі пачала працаваць таемная сетка, у якую ўвайшлі чыгуначнікі, хакеры і перабежчыкі з органаў бяспекі, каб пашкодзіць чыгуначныя пуці, тым самым прычыніўшы шкоду расійскім лагістычным ланцужкам.

Нападзенні былі простыя, але эфектыўныя. Мэтай беларускага падполля былі шафы кіравання сігналамі, якія забяспечваюць бесперабойнае функцыянаванне чыгункі. У выніку цягнікі цэлымі днямі прастойвалі, што вымушала расіян папаўняць запасы сваіх войскаў аўтатранспартам. Гэта ў сваю чаргу прывяло да вядомых 60-кіламетровых калон на поўнач ад Кіева.

«Улічваючы залежнасць Расіі ад цягнікоў, я ўпэўненая, што гэта спрыяла некаторым праблемам, якія ў іх назіраліся на поўначы. Гэта замарудзіла іх здольнасць перасоўвацца. Ім не ўдалося прасунуцца далей на ўкраінскую тэрыторыю і наладзіць лініі пастаўкі, таму што ім даводзілася абапірацца на грузавікі», — цытуе газета Эмілі Фэрыс, навуковую супрацоўніцу лонданскага аналітычнага цэнтра RUSI.

Выданне называе дзеянні беларускіх дыверсантаў «другой рэйкавай вайной».

«Мы не хацелі, каб гінулі расійскія або беларускія машыністы. Мы выкарыстоўвалі бяскроўны спосаб, каб спыніць іх», — цытуе газета беларускага актывіста Юрыя Рававога.

Ён, як і іншыя беларусы, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі нападаў, адмаўляюцца раскрываць дакладныя падрабязнасці таго, як і кім былі ўчыненыя атакі, баючыся за бяспеку чыгуначных партызан.

Пачынаючы з 26 лютага, праз два дні пасля ўварвання, серыя з пяці дыверсійных нападаў на сігнальныя шафы прывяла да амаль поўнага спынення руху расійскіх цягнікоў у Беларусі.

Да 28 лютага сталі з'яўляцца спадарожнікавыя фатаграфіі 60-кіламетровай калоны расійскіх грузавікоў і танкаў, якія нібыта накіроўваліся з Беларусі ў бок Кіева. На працягу тыдня калона прастойвала з-за таго, што ў машын скончылася паліва, і/або яны зламаліся.

Пасля гэтага лукашэнкаўцы пачалі рэпрэсіі. Міністэрства ўнутраных спраў пастанавіла, што пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры з'яўляецца тэрарыстычным актам, злачынствам, за якое прадугледжана 20 гадоў турмы.

Чыгуначнікаў затрымлівалі выпадковым чынам, і па стане на канец красавіка па меншай меры 11 беларусаў знаходзяцца пад вартай па падазрэнні ва ўдзеле ў «тэрактах».

Клас
128
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
5