Андрэй Ажароўскі, інжынер-фізік, эксперт праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў» Расійскага сацыяльна-экалагічнага саюза. Фота: bernardinai.lt

«Беларусы ў нейкай ступені з'яўляюцца паддоследнымі»

«Наша Ніва»: З моманту катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прайшло 36 гадоў, што працягвае аказваць на нас уплыў?

Андрэй Ажароўскі: У Чарнобылі з рэактара, што выбухнуў і гарэў пасля два тыдні, «выйшла» каля 200 радыенуклідаў. Прайшло 36 гадоў, і некаторыя з іх цалкам распаліся — напрыклад, ёд-131, які быў адным з асноўных паражальных фактараў у першыя гады пасля аварыі (яго перыяд паўраспаду 8 дзён, распаўся амаль цалкам ён прыкладна за 80 дзён, але тыя, хто яго ўдыхнуў, займелі велізарныя праблемы са шчытавіцай).

Колькасць цэзію і стронцыю з перыядам паўраспаду каля 30 гадоў — іх колькасць зменшылася больш чым у два разы. Але гэта не значыць, што яны зніклі. Забруджанні застаюцца, як і небяспека, звязаная з імі. Да 30-годдзя Чарнобыля тэрыторыя Беларусі афіцыйна абследавалася, і было пацверджана, што ў краіне застаюцца месцы, у якіх немагчыма жыць праз актуальнае забрудненне. Самыя аддаленыя ад рэактара, які выбухнуў, кропкі, дзе дагэтуль нельга ўвесь час знаходзіцца — гэта мястэчкі ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. 

«НН»: Наколькі цяпер небяспечнае для здароўя становішча ў рэгіёнах вакол Чарнобыля? У якім радыусе яно бяспечнае?

АА: Усё вельмі індывідуальна: недзе зусім побач з Чарнобылем ёсць чыстыя месцы, а ў цэлым і ў радыусе 230 кіламетраў, як мы бачым, ёсць месцы, дзе нельга жыць. У той ці іншай ступені больш за 2/3 тэрыторыі краіны падпалі пад забрудненне, і цэзій са стронцыем усё яшчэ знаходзяцца ў глебе, у тым ліку трапляюць у сельскагаспадарчую прадукцыю — на стол беларусам. Я думаю, вельмі складана знайсці бульбу ці сыр без чарнобыльскіх радыенуклідаў, зробленыя ў Беларусі. Але ўсё гэта ў дазволеных межах, паводле санітарных нормаў. 

З іншага боку, штораз, калі штучныя радыенукліды трапляюць у арганізм, гэта прыводзіць да хранічнага ўнутранага апраменьвання. Ад гэтага не паміраюць, але гэта ўплывае на рост захворванняў, абвастрэнне наяўных. Фактычна мы назіраем за велізарным эксперыментам.

Першая сур'ёзная радыяцыйная аварыя здарылася ў 1957 годзе на Урале, калі там на хімкамбінаце «Маяк» выбухнуў комплекс перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва. І з часоў Кыштымскай катастрофы вядзецца сістэматычны нагляд за людзьмі, якія падпалі пад апраменьванне — гэта Чалябінская вобласць найперш. З боку навукі гэта апраўдана, але з этычнага пункту гледжання — гэта амаль стаўленне да людзей як да паддоследных трусоў. 

Чалавецтва глабальна ўсё яшчэ мала ведае пра доўгатэрміновыя наступствы такіх тэхнагенных катастроф, і вось цяпер беларусы таксама адносяцца да найбольш пацярпелай нацыі і, выходзіць, у нейкай ступені з'яўляюцца паддоследнымі.

«Мірны атам» і «ваенны атам» — як сіямскія двайняты, гэта адзін комплекс»

«НН»: Наколькі поўна чалавецтва, на ваш погляд, зрабіла высновы пасля трагедыі ў Чарнобылі?

АА: Большасць краін і чалавецтва ў цэлым з Чарнобыля высновы зрабілі. Пасля 1986 года ў свеце перастаў расці лік рэактараў, і доля атамнай энергетыкі ў вытворчасці электраэнергіі скарачалася.

Спробы зменшыць небяспеку атамных рэактараў прывялі да падаражання як іх будаўніцтва, так і самой электраэнергіі. Атамная энергетыка прайграе найперш эканамічна: электраэнергія, што вырабляецца пры дапамозе атамных рэактараў, даражэйшая, чым ад тых жа ўзнаўляльных крыніц энергіі.

Але так, частка краін, у ліку якіх Расія і Кітай, усё яшчэ будуюць ядзерныя рэактары. У першую чаргу з палітычных прычын, а не з эканамічных. Гэта краіны, якія валодаюць ядзернай зброяй, а «мірны атам» і «ваенны атам» — як сіямскія двайняты, гэта адзін комплекс.

«НН»: Свая ўласная АЭС у краіне з такім бэкграўндам, як у Беларусі, гэта?..

АА: У Беларусі пабудова АЭС была неапраўданая. Я сам браў удзел у беларускай антыядзернай кампаніі. Мы спрабавалі патлумачыць небяспеку і неабгрунтаванасць ідэі будаваць АЭС у Беларусі — і грамадству, і людзям, якія прымаюць рашэнні, з 2008 года, калі толькі пачаліся размовы пра яе будаўніцтва. Што нават эканамічна менавіта ў беларускую энергасістэму атамная станцыя не ўпісваецца: адна звышмагутная крыніца (нестабільная, якая, як мы ведаем, адключаецца даволі часта), проста разбоўтвае энергетычную сістэму і прыводзіць да нестабільнасці працы і падаражання электраэнергіі.

Беларусь — бліскучы паказчык таго, што АЭС не вырашае пытання, каб электраэнергія стала танней, як тое абяцалі чыноўнікі і прапагандысты.

 

Ілюстрацыйнае фота

І гэта яшчэ станцыя пакуль нічога амаль не каштавала бюджэту Беларусі: дату пачатку выплаты крэдыту на Астравецкую АЭС перанеслі на 2023 год. Вядома, на такіх умовах, калі вам нешта спачатку даюць амаль задарма, можна купіць любое паскудства, у тым ліку рэактар.

Хай імавернасць цяжкай радыяцыйнай аварыі невялікая, не кожны рэактар выбухае, але цяжар наступстваў ад гэтага дагэтуль параўнальны з тым, што было ў Чарнобылі. І гэта адзін з асноўных аргументаў супраць атамнай энергетыкі. Апроч таго, кожная АЭС вырабляе не толькі электраэнергію, але і велізарную колькасць радыеактыўных адкідаў, з якімі ўвогуле няясна, што рабіць. «Перапрацоўка» такіх адкідаў — гэта дорага і небяспечна. «Закапаць і забыцца» — то-бок будаваць падземныя магільнікі — таксама дорага і незразумела, наколькі гэта бяспечна.

«Мы атрымліваем такі мікрачарнобыль у кожным месцы, куды могуць прыцягнуць радыеактыўную крыніцу»

«НН»: Уварванне расійскіх вайскоўцаў на Чарнобыльскую АЭС — якія ў гэтага могуць быць наступствы? 

АА: Для вайскоўцаў шлях праз Чарнобыль быў найбольш зручным варыянтам, каб падабрацца да Кіева. Ніхто не чакаў, што яны пойдуць праз радыяцыйныя лясы. Пытанне было не ва ўзяцці пад кантроль самой станцыі, а ў тым, каб праз яе пайшлі войскі.

Ці было ў вайскоўцаў разуменне, што знаходжанне ў радыяцыйнай зоне, удыханне пылу з-пад гусеніц танкаў і колаў тэхнікі, капанне акопаў небяспечнае — не ведаю. Я не бачыў кадраў, каб было праведзенае належнае адмыванне тэхнікі, не бачыў паведамленняў пра замену адзення і абутку вайскоўцаў, каб яны не разносілі за сабой радыеактыўнага бруду — прытым як у той момант, як ішлі з боку Беларусі да Кіева, так і калі вярталіся (каму пашанцавала выжыць). Мне здаецца, калі нейкія меры і прымаліся, іх было недастаткова.

Наяўнасць пылу, насычанага не толькі цэзіем-стронцыем, а плутоніем-амерыцыем і іншымі трансуранавымі элементамі, адрознівае блізкую чарнобыльскую зону. Гэта тыя самыя гарачыя часціцы (вельмі дробныя, насычаныя небяспечнымі радыенуклідамі) — удыханне адной ці двух можа прывесці да цяжкіх захворванняў. Тыя вайскоўцы, хто знаходзіўся ў Чарнобыльскай зоне, павінны праходзіць рэгулярныя абследаванні — іх трэба было хаця б адвезці ў той жа Гомель і праверыць на лічыльніках выпрамянення чалавека (ЛВЧ), каб паглядзець, ці назапасіў арганізм радыенукліды.

«НН»: А калі казаць пра тэрыторыю Беларусі, якая можа быць небяспека ў тым, што па ёй перасоўвалася тэхніка, што пабыла ў Чарнобыльскай зоне? Апроч таго, беларускі хімік Сяргей Бесараб пісаў пра тое, што са сховішчаў на ЧАЭС зніклі кантрольныя прылады і растворы радыеізатопаў, што выкарыстоўваюцца для навуковай дзейнасці, і гэта таксама можа апынуцца на тэрыторыі Беларусі — разам з вайскоўцамі ці праз барахолку. Што вы пра гэта думаеце?

АА: Мы бачылі калоны, якія ідуць з Чарнобыля, там пыл слупам стаяў, і ён быў разнесены на вялікай прасторы. Радыеактыўны пыл даўжэй знаходзіцца ў паветры, ён драбнейшы, чым звычайны, таму ў яго больш шанцаў трапіць унутр чалавека. І той, хто ўдыхае такі пыл, атрымлівае пастаяннае ўнутранае апраменьванне. 

Што да марадзёрства, былі паведамленні пра пашкоджанне сховішча радыеактыўных рэчываў — там знаходзіцца вялікая колькасць узораў рознага віду радыеактыўных адкідаў, таго, што было выкінута проста з рэактара ў 1986 годзе. Страшна, калі нешта было сцягнутае проста з гэтых лабараторый, нават проста па няведанні, таму што там «дзіўныя бліскучыя штукі». Яшчэ горш, калі гэта магло быць выкрадзенае свядома, каб у будучыні нанесці шкоду здароўю якога ворага. Шмат хто ведае, што радыяцыя шкодная, што радыеактыўныя рэчывы ўжываліся для забойства людзей — Аляксандра Літвіненку ў Лондане згадайце. Злачынцы могуць выставіць гэта на продаж у сваіх сакрэтных чатах. У цэлым мы атрымліваем такі мікрачарнобыль у кожным месцы, куды могуць прыцягнуць радыеактыўную крыніцу.

У Беларусі ў сувязі з гэтымі падзеямі ў ідэале трэба было б правесці новыя замеры, але пакуль вядуцца вайсковыя дзеянні, кожны чалавек з дазіметрам у тых месцах, дзе базуюцца ці базаваліся расійскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі, я вельмі баюся, што вітацца не будзе. Але калі ўсё скончыцца, трэба будзе карпатліва праводзіць замеры ўздоўж дарог, па якіх рухалася тэхніка, у гарадах, у месцах размяшчэння вайсковых часцей, каб пераканацца, што яны не занеслі туды гэтага пылу, наматаўшы бруд на гусеніцы і не толькі.

Калі занеслі — распачынаць нейкія дзеянні. Можа, пасля вайны, ужо будзе позна, але ўсё адно важна зразумець наступствы.

«НН»: Якія асноўныя абавязкі цяпер у людзей, якія працягваюць працу на ЧАЭС? 

АА: Там ёсць ахова, якая не дае турыстам і сталкерам гуляць там, разносячы радыяцыю. Ёсць навукоўцы, напрыклад, запаведніка: людзі сышлі, і дзікая прырода там квітнее. Хоць жывёлы, надыхаўшыся радыенуклідамі, і хварэюць.

Асобная задача — падтрыманне ў працоўным стане інфраструктуры: там ёсць сховішчы радыеактыўных адкідаў, у тым ліку вадкіх — на 20000 кубаметраў… Большасць людзей інжынернай скіраванасці займаюцца падтрыманнем працаздольнасці сховішчаў, саркафага, трох спыненых рэактараў побач з ім.

Чарнобыль выбухнуў у 1986-м, выпрацоўванне электраэнергіі спынілася ў 2000-м, і, як бачыце, дагэтуль там патрабуецца наяўнасць людзей.

Перыяд паўраспаду плутонію, які выпаў вакол станцыі ў велізарнай колькасці, складае 24 тысячы гадоў. На найбліжэйшыя тысячы гадоў там працы, безумоўна, хапае. Адзін з ізатопаў плутонію, апроч таго, ператвараецца ў амерыцый, і актыўнасць гэтага ізатопа большая, чым у бацькоўскага.

Апроч таго, там тры спыненыя рэактары. З іх выгружанае паліва, але яны ўсе яшчэ ўяўляюць сабою некалькі тысяч тон радыеактыўнага графіту. За час працы рэактара ў графіце назапасіўся радыеактыўны ізатоп С-14, які вельмі небяспечны, бо ён лёгка ўбудоўваецца ў біялагічны зварот рэчываў. Што з гэтай колькасцю радыеактыўных адкідаў рабіць у будучыні — на гэты момант незразумела.

Першы саркафаг над чацвёртым рэактарам быў разлічаны на 30 гадоў, новы канфайнмент, якім яго накрылі ў 2019 годзе, разлічаны на 100 гадоў. Гэта азначае, што праз 100 гадоў зноў усім светам давядзецца скідацца і будаваць чарговы саркафаг. Гэта такая небяспечная пасылка, якую адно пакаленне перадае іншаму.

Тыя 24 тысячы гадоў, звязаныя з адпрацаваным ядзерным палівам, гэта таксама перадача на наступную тысячу пакаленняў. Таму ад атамнай энергетыкі мноства краін адмаўляецца: яна стварае большыя праблемы для наступных пакаленняў, чым для тых, што жывуць цяпер. Тыя людзі, якія карысталіся электраэнергій з ЧАЭС, пакуль яна працавала, атрымлівалі ад яе карысць, але ўсе іншыя будуць займацца тым, каб засцерагчы сябе ад гэтай спадчыны. Чарнобыль, на жаль, будзе з намі не 30 і нават не 300 гадоў — гэтага будзе недастаткова, каб можна было пра яго забыцца.

«У выпадку аварыі на Запарожскай станцыі можа даляцець і да Беларусі»

«НН»: Якія яшчэ, на ваш погляд, радыяцыйныя рызыкі магчымыя з пачаткам вайны ва Украіне і захопам ЧАЭС і ЗАЭС?

АА: З Запарожскай станцыяй сітуацыя яшчэ горшая, чым з Чарнобылем. Па-першае, станцыя падчас захопу знаходзілася ў працы — тры рэактары ў гарачым стане: адзін з выпрацоўваннем электраэнергіі, два на мінімальным кантраляваным узроўні магутнасці. Там ішла страляніна, у тым ліку з ужываннем цяжкай зброі — я думаю, што нам моцна пашанцавала, што не былі пашкоджаныя ні рэактарныя будынкі, ні пляцоўкі захоўвання адправацанага ядзернага паліва. Тое, што на Запарожскай станцыі адбывалася, несла вялікую пагрозу, таму што на Чарнобыльскай станцыі рэактары ўжо хаця б заглушаныя, і там асноўная пагроза ў тым, што маглі быць разбураныя сховішчы радыеактыўных адкідаў, выпадкова ці наўмысна абстраляныя.

Да ўсяго, дагэтуль няясна, каму належыць у наш час Запарожская АЭС, хто канкрэтна адказвае за ядзерную і радыяцыйную бяспеку там. Украінскі «Энергаатам» страціў кантроль над АЭС, расійскі «Расатам» не заяўляў пра ўзяцце пад кантроль гэтай АЭС, хоць, па шматлікіх сведчаннях, прадстаўнікі «Расатама» на Запарожскай АЭС ёсць. Украінскія супрацоўнікі працягваюць там працаваць, але каму яны падначальваюцца, хто там распараджаецца, хто нясе адказнасць — разумення няма.

Незразумела пакуль, што будзе на ЗАЭС далей — ці будуць над ёй лётаць крылатыя ракеты, і ці саб'юць іх, ці яны самі саб'юцца з курсу. І імавернасць пападання ў буйны аб'ект, такі як рэактарны будынак ці пляцоўка захоўвання радыеактыўных адкідаў, пры гэтым існуе вялікая.

А ў выпадку аварыі на Запарожскай станцыі і на кожнай іншай (на тэрыторыі Украіны, дзе вядуцца дзеянні, ёсць Паўднёваўкраінская, Хмяльніцкая і Ровенская), у залежнасці ад кірунку ветру, з кожнай з іх можа даляцець да Беларусі.

 

Карта аўстрыйскіх навукоўцаў з ацэнкай наступстваў патэнцыйнай аварыі ў мірны час

«НН»: Што ў сувязі з такімі патэнцыйнымі рызыкамі варта ведаць беларусам?

АА: Звычайна даваць парады, што рабіць пры ядзернай аварыі ці выбуху — гэта заданне МНС, і вельмі дзіўна, што беларускія афіцыйныя органы легкадумна ставяцца да такіх рэчаў, не нагадваючы, што вось вам напамінанне: хай дрэнныя падзеі і малаімаверныя, але вы павінны быць гатовыя. 

Добрую тэматычную інструкцыю на гэту тэму зрабіў «Экадом».

 

Самае галоўнае: калі на вас ідзе радыеактыўнае воблака, вам трэба ад яго схавацца. Заданне — не ўдыхнуць лішняга, і звычайная рэкамендацыя тут — заставацца ў памяшканні, загерметызаваць вокны, зрабіць запас вады і прадуктаў харчавання, пакласці іх у падвойныя цэлафанавыя пакеты (каб, калі давядзецца з імі выходзіць, на іх не аселі радыенукліды). Добра адключыць нейкім чынам вентыляцыю, каб да вас не засмактала таго, што знадворку.

Выбягаць на вуліцу ні ў якім разе не трэба, а калі выходзіце — падзяліце пасля кватэру на брудную і чыстую зоны, і ў бруднай захоўвайце абутак і адзенне для вуліцы. Ну і чакайце сігналаў цывільнай абароны: будуць вас эвакуяваць ці не, ці будуць прывозіць прадукты і гэтак далей.

Падчас Чарнобыля і Фукусімы, на вялікі жаль, разумення, што трэба рабіць, калі «бабахне», не было. У выпадку Чарнобыля хлусілі, што ўсё добра, а з Фукусімай не хлусілі, але ў іх не было дзейсных планаў эвакуацыі і абароны насельніцтва.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Расія ўдарыць па Украіне хімічнай зброяй? Усё можа быць нашмат прасцей і трагічней

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру