Спектакль «ОБЛОМ.OFF»

Спектакль «ОБЛОМ.OFF»

Раней паведамлялася, што два беларускія тэатры прымуць удзел у анлайн-фестывалі ў «ЛНР». Бабруйскі ў выніку адклікаў сваю заяўку. Спектакль Магілёўскага абласнога драмтэатра быў паказаны на ютуб-канале фестывалю.

Чытачка «Нашай Нівы» патэлефанавала намесніку дырэктара тэатра Андрэю Галенку, каб пацікавіцца, ці падтрымлівае калектыў вайну і чаму мастацтва ў гэтым выпадку не засталося па-за палітыкай.

Той пачаў адхрышчывацца ад луганскага фестывалю.

«Хацелася б даведацца, дзе вы пра гэта прачыталі. Калі крыніца неафіцыйная (навіна была на сайце Міністэрства культуры, спорту і моладзі «ЛНР». — «НН»), то не факт, што так і было. Тэатр на гастролі ў Луганск не збіраецца. Мала што і дзе напісана.

Мы не падтрымліваем, вядома, вайну. Як мы можам яе падтрымліваць? Вось растлумачце. Любая вайна — гэта жыцці людзей.

Вось, напрыклад, апошняя вайна, самая страшная, якая была на нашай тэрыторыі. Я не памятаю, каб Гітлера сустракалі з плакатамі «Мы супраць вайны». Ваявалі ж. А калі ў нас, напрыклад, за некалькі кіламетраў ад Брэста і Гродна натаўскія групоўкі, вайскоўцы, адпрацоўваюць наступальныя дзеянні, вы думаеце, што яны за мір ці за вайну?» — пачаў Галенка пераказваць наратывы прапаганды і супярэчыць сам сабе.

Далей былі словы пра тое, што вайна пачалася яшчэ ў 2014-м і гарады бамбяць самі ўкраінцы.

«Ніхто тэрыторыю Беларусі для вайны не выкарыстоўвае. І вельмі добра было б жыць у міры, калі б нашы суседзі таксама да гэтага імкнуліся.

Вы думаеце, што тыя танкі, якія Польшча закупляе, яны навошта? Каб стаяць у акопах на польскай тэрыторыі ці каб ехаць на нашу тэрыторыю? Вы падумайце,

— паўтарае намеснік дырэктара рыторыку дзяржТБ. — Украінцы падзяліліся на розных людзей. Ёсць сярод іх нацысты, якія не ўтойваюць гэтага. Яны са свастыкай, і Гітлер у іх у кабінетах вісіць. Ёсць тыя, хто ў акопе сядзіць. Ёсць украінцы, якім снарад у кватэру прыляцеў. Ёсць розныя ўкраінцы. Нельга адным словам усіх выраўняць. Гэта нашы браты, хто будзе выступаць за тое, каб брат брата забіваў?»

А пасля Галенка заявіў, што гастролі тэатра — не справа гледачоў.

«Паслухайце, наконт удзелу тэатра ў фестывалі «ЛНР» — вы задаяце пытанні, якія вас наогул не датычацца.

Якія спектаклі ставіць, як прыцягваць гледача, як зарабляць грошы — гэта датычыцца тэатральнай палітыкі. Пра дзейнасць нашага тэатра афіцыйную інфармацыю можна атрымаць на сайце, у нашых сацыяльных сетках. Дайце нам магчымасць самім вырашаць.

Мы адказваем за тэатр, яго развіццё, за тое, каб былі грошы на ацяпленне. Гэта складаны механізм. Мы самі вырашым, як нам зарабляць грошы і куды ездзіць на гастролі», — сказаў ён. 

На сайце Луганскага мясцовага тэатра ўказана, што калектыў Магілёўскага драматычнага тэатра быў ўзнагароджаны дыпломам за ўдзел у фестывалі са спектаклем «ОБЛОМ.OFF». 

Чытайце таксама: 

Мастак, што зладзіў перфоманс у Венецыі: Тлумачыць сэнс акцыі — гэта тое ж самае, што пераказваць верш сваімі словамі

Гэтага 19-гадовага мастака з Гродна затрымлівалі разам з Ціханоўскім. Што з ім цяпер?

Клас
0
Панылы сорам
36
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
19