Пазней знайшлі цела яго трохмесячнай дачкі Кіры. Ён убачыў яго ўпершыню, калі вярнуўся ў кватэру ў нядзелю, піша «Бі-бі-сі».

Смерць трох пакаленняў адной сям'і выклікала шок і абурэнне ва Украіне, ужо загартаванай двума месяцамі вайны.

Каментуючы ракетныя ўдары, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі быў вельмі засмучаны, калі казаў пра забойства трохмесячнай Кіры.

«Чым яна пагражала Расіі? Здаецца, што забойства дзяцей — гэта новая нацыянальная ідэя Расійскай Федэрацыі», — сказаў Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў. Ён назваў тых, хто спланаваў і здзейсніў напад, падонкамі.

У выніку ракетнага ўдару загінулі яшчэ пяцёра чалавек.

У нядзелю Юрый вярнуўся ў разбураны дом, каб убачыць, што можна выратаваць з кватэры. Фотаальбомы, калекцыя цукровых пакуначкаў жонкі, рукапісныя нататкі. Калыска яго дзіцяці была разарваная на кавалкі.

«Калі я пакіну рэчы ў кватэры, яны стануць смеццем, і людзі яго выкінуць, — сказаў ён BBC. — Я хачу захаваць гэта для ўспамінаў».

Яны з Валерыяй былі разам дзевяць гадоў.

«Яна магла знаходзіць радасць ва ўсім. Адэса была яе любімым горадам. Яна працавала ў PR і магла кантактаваць з многімі людзьмі, разумець іх. Я захапляўся тым, як добра яна піша», — сказаў ён.

«Яна была выдатнай мамай, сяброўкай, з усімі найлепшымі якасцямі. Такую, як Валерыя, мне немагчыма будзе знайсці. Яна была ідэальнай. Такога чалавека можна сустрэць толькі раз у жыцці, і гэта падарунак ад бога», — дадаў ён.

Кіра нарадзілася ў канцы студзеня, усяго за месяц да пачатку вайны.

Праз некалькі тыдняў пасля гэтага Валерыя напісала ў Instagram, што дасягнула «новага ўзроўню шчасця» пасля нараджэння першага дзіцяці.

«Гэта былі найлепшыя 40 тыдняў, — напісала яна пра сваю цяжарнасць. — Ужо месяц нашай дзяўчынцы».

Юрый паказаў на тэлефоне фатаграфіі Кіры, якія яму даслала жонка.

«Мы былі вельмі шчаслівыя, калі яна нарадзілася, — кажа ён. — Я быў у радзільным доме, калі яна нарадзіла. Мне вельмі цяжка цяпер усведамляць, што маёй дачкі і жонкі ўжо няма. Увесь мой свет знішчыла расійская ракета».

Ён хоча, каб свет даведаўся пра тое, што адбылося з яго сям'ёй.

«Тое, што адбываецца — гэта гора для маёй сям'і, для нашага горада, для Украіны, гэта гора для ўсёй цывілізацыі. Я спадзяюся, што наша гісторыя дапаможа спыніць гэтую вайну», — сказаў Юрый.

Калі мы сыходзім, ён дае нам некалькі падгузнікаў у сумцы — адну з нямногіх рэчаў, якія ён мог узяць з кватэры.

«Калі ласка, вазьміце іх, — кажа ён нам. — Аддайце на дабрачыннасць. Мне яны больш не патрэбныя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру