Лідарам па выдатках на абарону ў 2021 годзе сталі ЗША, яны патрацілі на ўзбраенне больш за $800 млрд.

Пры гэтым амерыканцы зменшылі ваенныя выдаткі на 1,4% у параўнанні з 2021 годам. За апошнія дзесяць гадоў ЗША павялічылі інвестыцыі ў вайсковыя даследаванні і распрацоўкі (гэты артыкул выдаткаў вырас на 24%) і скарацілі выдаткі на закупку гатовага ўзбраення (—6,4%).

Другое месца заняў Кітай, які бесперапынна нарошчвае абаронны бюджэт апошнія 27 гадоў. На КНР прыпадае каля 14% усіх ваенных выдаткаў у свеце.

У мінулым годзе Пекін выдаткаваў на ўзбраенне каля $293 млрд, што на 4,7% больш, чым у 2020 годзе.

У пяцёрку лідараў па ваенных выдатках таксама ўвайшлі Індыя ($76, 6 млрд, +0,9%) і Вялікабрытанія ($68,4 млрд, +3%).

Расія заняла пятае месца, яе выдаткі выраслі на 3% і склалі $65,9 млрд, гэта на 2,9% больш, чым на год раней.

Паводле справаздачы, выдаткі Расіі на абарону скарачаліся з 2016 да 2019 года пад ціскам санкцый, уведзеных пасля далучэння Крыма, але пайшлі ўгару ў 2021 годзе дзякуючы высокім прыбыткам ад продажу нафты і газу.

Вайсковыя выдаткі Украіны сталі хутка павялічвацца пасля 2014 года, калі быў анексаваны Крым і пачаліся баявыя дзеянні на ўсходзе краіны. Да 2021 годзе выдаткі выраслі на 72%. Аднак у мінулым годзе на абарону было выдаткавана на 8,5% менш ($5,9 млрд).

Агулам сусветныя вайсковыя выдаткі раслі з 2015 года на фоне росту міжнароднай напружанасці, выкліканай расійскай агрэсіяй супраць Украіны. Да гэтага ў 2011—2014 гадах выдаткі змяншаліся.

Як патлумачыла Bloomberg дырэктарка праграмы SIPRI аб вайсковых выдатках і вытворчасці ўзбраенняў Люсі Беро-Судро, пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года рост выдаткаў на абарону дакладна не спыніцца.

«У Еўропе ўжо была тэндэнцыя да росту, і гэтая тэндэнцыя будзе паскарацца і ўзмацняцца», — падкрэсліла яна. Некаторыя артыкулы вайсковых выдаткаў наогул складана адсачыць, таму яны могуць быць яшчэ вышэйшымі. Напрыклад, вайна ва Украіне паказала, што слабымі месцамі арміі РФ з'яўляюцца дрэнная арганізацыя лагістыкі, слабое выкарыстанне абароненай сувязі, недахоп паліва і шынаў.

«Выдаткі ў гэтых галінах могуць быць менш прыкметнымі, але сітуацыя ва Украіне паказала, наколькі яны важныя для вядзення вайны», — сказала Беро-Судро.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру