Вобшукі ў крымскіх татар.

Што змянілася з 2014 года?

Адна з самых балючых праблем карэнных народаў — калі карэнны народ знаходзіцца ва ўмовах міждзяржаўнага канфлікту. І міждзяржаўны канфлікт паміж Расіяй і Украінай пачаўся менавіта з Крыма, тэрыторыі, дзе кампактна пражываюць карэнныя народы Украіны: крымскія татары, караімы і крымчакі. 

Спадар Барыеў адзначае, што сітуацыя з карэннымі народамі Крыма істотна змянілася з 2014 года, як у самім Крыме, так і на ўзроўні ўкраінскай дзяржавы.

«Калі пачалася акупацыя Крыма ў 2014 годзе, крымскія татары, якія традыцыйна сістэмна падтрымлівалі праўкраінскія правацэнтрычныя палітычныя сілы, не прынялі яе, не прынялі расіян. З боку расіян былі спробы наладзіць камунікацыю з лідарам крымскататарскага народа Мустафой Джэмілёвым, з прадстаўнікамі Меджліса крымскататарскага народа. Але Меджліс крымскататарскага народа, з самага пачатку разумеючы, што гэта міжнароднае злачынства, парушэнне усіх міжнародных норм, ініцыяваў і паспрабаваў негвалтоўным спосабам прадэманстраваць, што Крым не падтрымлівае парушэнне цэласнасці Украіны.

Меджліс заклікаў крымскіх татар не ўдзельнічаць у рэферэндуме. Больш за 90% крымскіх татар не бралі ўдзел у рэферэндуме. Участкі, дзе кампактна пражываюць крымскія татары, па сутнасці так і засталіся закрытымі. Крымскія татары заклікалі і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, іншыя народы, якія пражываюць у Крыме, не браць удзел у гэтым незаконным рэферэндуме», — апісвае падзеі 2014 года спадар Барыеў.

Эскендэр Барыеў.

Тады ж крымскія татары звярнуліся ў Вярхоўную Раду Украіны з заявай, у якой падтрымалі цэласнасць Украіны і яе суверэнітэт над Крымам. Таксама Меджліс заклікаў жыхароў Крыма не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, ігнараваў усе дзеянні з боку расіян. 

Пасля гэтага расіяне адышлі ад спроб дамовіцца і перайшлі да запалохвання і забарон: пачаліся вобшукі ў актывістаў і пераследаванні. Меджліс крымскататарскага народа быў забаронены, абвешчаны экстрэмісцкай арганізацыяй. Пачаліся спробы стварыць альтэрнатыву Меджлісу, альбо змяніць склад Меджлісу, але ў расіян нічога не выйшла. 

«Расіяне пачалі ўжываць сваё заканадаўства пасля пераходнага перыяду. У тым ліку для таго, каб узмацніць рэпрэсіі крымскататарскага народа. Гэтыя працэсы працягваюцца аж да сёння», — кажа актывіст.

Вобшук у крымскіх татар.

У 2020 годзе расіяне пасля змяненняў у Канстытуцыю ўнеслі шэраг зменаў у расійскія законы, у тым ліку ў Крымінальны кодэкс.

«Мы сутыкаемся з такімі выпадкамі пераследу, як, напрыклад, «справа Хізб ут-Тахрыр». Афіцыйна ў Расіі «Хізб ут-Тахрыр» з’яўляецца забароненай арганізацыяй, адпаведна, РФ і сілавікі на тэрыторыі Крыма выкарыстоўваюць «Хізб ут-Тахрыр» для пераследу тых прадстаўнікоў карэннага народа, якія з'яўляюцца больш рэлігійнымі. Гэта не факт, што яны з’яўляюцца членамі гэтай арганізацыі», — кажа Эскендэр Барыеў, адзначаючы, што забарону «Хізб ут-Тахрыр» выкарыстоўваюць больш як інструмент для пераследу крымскіх татар.

Фігуранты справы Хізб ут-Тахрыр.

«Далей пераследуюць за публічныя заявы, выступленні. Мы бачым такія артыкулы як «Заклік з дапамогай СМІ да парушэння цэласнасці Расійскай Федэрацыі», многія прадстаўнікі крымскататарскага народа пераследваліся і пераследуюцца па гэтых артыкулах. Адносна многіх прадстаўнікоў карэннага народа ўжо былі вынесеныя прысуды, альбо яны знаходзяцца ў вышуку», — кажа кіраўнік Крымскататарскага рэсурснага цэнтра.

Таксама актывістаў грамадскіх аб’яднанняў масава падазраюць ва ўдзеле ў «незаконных узброеных фармаваннях». 

«Сістэмныя вобшукі, сістэмныя арышты, парушэнне правоў на справядлівы суд, сістэмныя затрыманні — усё гэта прывяло да таго, што карэнны народ пастаянна знаходзіцца пад пастаянным ціскам», — дадае Барыеў.

Знішчэнне незалежных СМІ

Яшчэ адна праблема — забарона незалежных крымскататарскіх СМІ. У прыватнасці, з 1 красавіка 2015 года ў Крыме не працуе незалежны крымскататарскі тэлеканал ATR.

У медыяхолдынг ATR таксама ўваходзілі дзіцячы крымскататарскі тэлеканал Lale, а таксама дзве радыёстанцыі — усе яны былі вымушаныя выехаць на тэрыторыю мацерыковай Украіны. Замест іх акупацыйная адміністрацыя стварыла свой тэлеканал на крымскататарскай мове, які вяшчае крамлёўскую прапаганду.

Русіфікацыя

Таксама кіраўнік упраўлення па прававых пытаннях і замежных справах Меджліса крымскататарскага народа звяртае ўвагу на імклівую русіфікацыю крымскататарскіх школ. 

Да дэпартацыі крымскіх татар пасля Другой сусветнай вайны ў Крыме былі школы, дзе амаль усё навучанне было на мове карэннага народа. Але падчас дэпартацыі некалькі пакаленняў крымскіх татар былі пазбаўленыя магчымасці вывучаць родную мову, дзесяцігоддзямі не рыхтаваліся адукацыйныя кадры для выкладання крымскататарскай мовы. Гэта нанесла каласальную шкоду мове.

Вобшукі ў крымскіх татар.

З вяртаннем крымскіх татар на радзіму, у незалежнай Украіне пачалі з’яўляцца крымскататарскія школы, і з кожным годам іх колькасць паступова расла, нацыянальнае школьніцтва адраджалася. 

Напрыклад, на 2014 год, да акупацыі, існавала 15 школ, у якіх частка прадметаў выкладалася на крымскататарскай мове, а ў іншых школах — 389 класаў, дзе крымскататарская мова выкладалася як асобная дысцыпліна.

Крымскататарская школа.

Але расійскія ўлады ўзялі курс на русіфікацыю школ. Цяпер існуе толькі 7 школ з выкладаннем на крымскататарскай мове, 5 школ з выкладаннем на рускай і крымскататарскай мове і 199 класаў з вывучэннем крымскататарскай мовы. 

«Мы бачым, як паступова яны выцясняюць крымскататарскую мову ў школах», — адзначае Эскендэр Барыеў. 

«У адпаведнасці з канстытуцыяй так званай «Рэспублікі Крым» дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца руская, украінская і крымскататарская. Гэта дэ-юрэ.

Дэ-факта, дзяржаўнай мовай з’яўляецца выключна руская. Калі адсачыць усе інфармацыйныя афіцыйныя рэсурсы так званай «Рэспублікі Крым», то ўсё вядзецца выключна па-руску. Няма нічога ані на крымскататарскай, ані на ўкраінскай.

Тыя ж сайты міністэрства, так званага «дзяржаўнага савета», яны ўсе вядуцца выключна па-руску. Справаводства выключна па-руску. У судах, калі людзі імкнуцца даваць паказанні на крымскататарскай мове, іх нават могуць выдаляць з суда», — кажа крымскататарскі актывіст.

Былі нават выпадкі, калі за размовы на роднай мове школьнікам рабіліся заўвагі, дадае спадар Барыеў.

Бацькі абавязаныя пісаць спецыяльныя заявы, калі хочуць, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове. І па змоўчанні ў анкетах, якія раздаюць бацькам, напісана, што роднай мовай з’яўляецца руская.

Вельмі часта адміністрацыі школ апраўдваюцца, што ў іх няма выкладчыкаў, магчымасцяў і рэсурсаў для крымскататарскай мовы. 

Змена пазіцыі Украіны

Спадар Барыеў адзначае, што ва Украіне з 2014 года пачало мяняцца стаўленне да крымскіх татар, улічваючы іх прынцыповую праўкраінскую пазіцыю. Напрыклад, Украіна прызнала дэпартацыю крымскіх татар генацыдам. 

На жаль, у 1990-я і 2000-я гады Украіна глядзела на праблемы крымскіх татар скрозь пальцы. У 1991 годзе была адноўленая Крымская АССР, але аўтаномію аднавілі не нацыянальную, а адміністрацыйную. Такім чынам, тады Крым стаў не крымскататарскай рэспублікай, а дэ-факта рускай аўтаноміяй, у якой квітнеў рускі шавінізм і рэвізіянізм, і ўлады ў Кіеве гэта цалкам ігнаравалі. Але з 2014 года Украіна нарэшце звярнула ўвагу на карэнныя народы Крыма.

Эскендэр Барыеў.

Ва Украіне прынялі шэраг іншых законаў, напрыклад, аб аднаўленні праў асоб, дэпартаваных па нацыянальнай прыкмеце. Быў прыняты закон «Аб карэнных народах Украіны». Аэрапорту ў горадзе Сімферопаль далі імя Ахмет-Хана Султана, крымскага татарына, двойчы героя СССР. 

«Мы ўбачылі абсалютна іншае стаўленне ўкраінскай улады. Гэта дае надзею і гарантыі, што ў незалежнай Украіне больш магчымасцяў рэалізаваць свае правы», — кажа спадар Барыеў.

Спадар Барыеў звяртае ўвагу на балючую рэакцыю афіцыйных асоб Расіі, у тым ліку Пуціна, на закон «Аб карэнных народах Украіны». Пра гэты закон Пуцін нават згадаў у сваёй культавай ваяўнічай прамове 21 лютага пасля прызнання так званых «ДНР» і «ЛНР». 

«Вярхоўная Рада безупынна выпускае ўсё новыя дыскрымінацыйныя акты, ужо дзейнічае закон аб так званых карэнных народах. Людзям, якія лічаць сябе рускімі і хацелі б захаваць сваю ідэнтычнасць, мову, культуру, проста далі зразумець, што ва Украіне яны чужыя», — сказаў тады Пуцін.

І праўда, ва ўкраінскі закон аб карэнных народах не ўключылі рускіх. Але, здаецца, Пуцін зусім не валодае тэрміналогіяй і проста не разумее, чым адрозніваюцца паняцці «тытульная нацыя», «карэнны народ» і «нацыянальная меншасць», альбо свядома маніпулюе тэрмінамі. Бо ўкраінцы, альбо закарпацкія венгры, напрыклад, таксама не з’яўляюцца карэннымі народамі Украіны. 

Ва ўсім свеце пад «карэнным народам» разумеюць этнічную супольнасць, якая сфармавалася на тэрыторыі нейкай дзяржавы, з'яўляецца носьбітам самабытнай мовы і культуры, мае традыцыйныя, сацыяльныя, культурныя ці прадстаўнічыя органы, часцей за ўсё складае этнічную меншасць у складзе насельніцтва краіны і не мае ўласнага дзяржаўнага ўтварэння за межамі краіны. 

Эскендэр Барыеў.

Ва Украіне такімі народамі з'яўляюцца крымскія татары, караімы і крымчакі. У Расіі такімі народамі можна назваць карэлаў, ненцаў, каракаў, башкіраў ды іншых.

А вось рускія ва Украіне (як і ўкраінцы ў Расіі) з’яўляюцца нацыянальнымі меншасцямі, яны маюць уласныя дзяржавы. Гэтыя нацыянальныя меншасці жывуць у адрыве ад дзяржавы, дзе іхняя мова і культура развіваліся. 

Пуцін проста не разумее, пра што ён гаворыць, альбо свядома маніпулюе?

«Я думаю, ён усё разумее. Альбо нават калі не разумее, яму могуць патлумачыць», — мяркуе спадар Барыеў.

Але чаму ж тады Пуцін так супраць гэтага закона?

«Калі рускія не з’яўляюцца карэнным народам, ламаецца цалкам ідэалогія «рускага свету». Губляецца прывязанасць, дачыненне рускіх да Крыма, і, самае галоўнае, дачыненне да Кіева, дачыненне да ўсёй Украіны», — кажа актывіст.

«Я адзін з тых, хто актыўна абараняў бы правы рускіх як нацыянальнай меншасці ва Украіне, таму што любая нацыянальная меншасць павінна мець права на вывучэнне роднай мовы, захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Але тут жа маштабы іншыя, тут усё накіравана на тое, што нібыта не існуе ўкраінцаў, а існуюць толькі рускія», — дадае ён.

Што змянілася з пачаткам вайны?

Уплываюць на становішча крымскіх татар і баявыя дзеянні, якія пачаліся 24 лютага 2022 года.

«Існуе адна з праблем. Гэта прызыў ва ўзброеныя сілы. У адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб правах карэнных народаў і выкарыстанне прыродных рэсурсаў, і размяшчэнне прыродных рэсурсаў, і прызыў у армію, яны павінны ўзгадняцца з прадстаўнічым органам карэннага народа», — кажа кіраўнік Крымскататарскага рэсурснага цэнтра.

Расійскія сілавікі правяраюць дакументы ў крымскіх татар.

Аднак гэта ўсё ажыццяўляецца ў Крыме ў парушэнне міжнароднага права. І адна з галоўных праблем зараз — калі прадстаўнікоў карэнных народаў Крыма (крымскіх татараў, караімаў і крымчакоў) прызываюць і адпраўляюць на вайну на мацерыковую частку Украіны. 

«Крымскія татары, як грамадзяне Украіны, таксама актыўна служаць ва Узброеных сілах Украіны: у шэрагах Узброеных сіл, у розных брыгадах. Гэта з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, калі па абодва бакі могуць апынуцца прадстаўнікі аднаго народа, які і так з’яўляецца малалікім. Мы са свайго боку робім усё магчымае, каб як мага менш людзей апынулася ў шэрагах расійскай арміі», — гаворыць актывіст.

Але крымскія татары жывуць не толькі ў Крыму. Яны таксама кампактна пражываюць на акупаваных Расіяй паўднёвых раёнах Украіны, у першую чаргу ў Мелітопальскім і Генічэскім раёнах. 

Адразу пасля акупацыі расіяне пачалі фарміраваць спісы мясцовых з праўкраінскай пазіцыяй (сярод іх было шмат крымскіх татар). Таксама пачаўся ціск на прадстаўнікоў рэгіянальных меджлісаў Херсонскай і Запарожскай абласцей. 

«Яны пачалі праводзіць масавыя вобшукі, арышты, стварылі блок-пасты. Могуць прыйсці дадому, могуць правесці вобшук, могуць забраць людзей», — кажа спадар Барыеў.

«Я лічу, што і ў ваенным, і ў палітычным плане яны сапраўды зрабілі вялікую памылку. Таму што тут, па Украіне, яны зайшлі далёка», — каментуе актывіст поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны. 

Ён лічыць, што міжнародная падтрымка, сіла ўкраінскай дзяржавы, арміі і грамадзянскай супольнасці будуць спрыяць поспехам Украіны на полі бою. 

«Расія не вытрымае доўга. У нас ёсць шанец, што на полі бою мы ўжо зможам нанесці канчатковую дэмаралізацыю расійскай арміі», — адзначае Эскендэр Барыеў.

«Калі будзе выйграны галоўны бой, на ўсходзе Украіны, то пачнецца перазагрузка і ў акупаваным Крыме», — мяркуе актывіст.

Ён пацвердзіў той факт, што многія расійскія сілавікі пачалі вывозіць з акупаванага Крыма свае сем’і.

«Пасля паразы на ўсходзе расійскія вайскоўцы, расійскія спецслужбы, расейцы, пачнуць выязджаць з Крыма. Гэта дасць магчымасць для дэакупацыі Крыма ў поўнай меры. І я думаю, што калі палітычнае кіраўніцтва нашай краіны будзе непахісна стаяць на гэтых пазіцыях, то Крым будзе дэакупаваны», — кажа Барыеў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру