Сапраўднае імя героя не называецца. Яго пазыўны — «Аўгуст». Чаму? 

«Гэта проста лацінскае імя, звышсакральнага сэнсу тут няма», — распавядае «каліновец». З дзяцінства ў камп’ютарных гульнях, у інтэрнэце ён падпісваўся як Аўгуст. І так супала, што беларускі народны ўздым адбыўся менавіта ў жніўні.

«Я вырашыў, што гэта сімвалічна», — гаворыць Аўгуст.

У Беларусі ён быў грамадскім актывістам, працаваў з моладзю, з 2012 года займаўся правамі студэнтаў, праблемамі моладзі. У 2020 годзе ўдельнічаў у пратэстах. Быў сярод тых, хто будаваў барыкады на Рызе. Барыкады там былі сімвалічныя: некалькі смеццевых бакаў, пара вазонаў, важнае было сведчанне, што народ пратэстуе супраць фальсіфікацый і ўзурпацыі ўлады.

Арыштоўвалі двойчы. Першы раз — яшчэ ў ліпені за роварныя заезды, якія былі ў Мінску. А пасля — 11 жніўня. Яго прывезлі на Акрэсціна, але там хлопец не сядзяў. Там яго толькі білі.

«Мяне пяць гадзін білі, было рассячэнне галавы, траўмаванне 65% цела», — распавядае Аўгуст. Адтуль яго адвезлі ў рэанімацыю. У бальніцы зашылі, паклалі пад кропельніцу, калі ён прачнуўся, устаў і проста ў хірургічным споднім збег з бальніцы. Разумеў, што інакш яго пасля могуць забраць у турму. 

Калі пачалі масава затрымліваць студэнцтва, вырашыў выехаць. Амаль два гады жыў у Львове.

Калі яшчэ да вайны з сябрамі абмяркоўваў магчымасць расійскай агрэсіі, герой прыняў для сябе рашэнне, што далучыцца да ўкраінскага войска.

На трэці дзень вайны ад знаёмага даведаўся, што ў Кіеве ствараецца беларускі атрад — «там было каля дзесяці чалавек на той момант». На чацвёрты дзень вайны ён быў ужо ў беларускім атрадзе, які пасля ператварыўся ў батальён.

Аўгуст кажа, што была магчымасць з’ехаць, праца гэта дазваляла, але ён прыняў рашэнне ваяваць — «са зброяй у руках змагацца супраць дыктатараў — Пуціна, Лукашэнкі». Бо ў яго «моцная матывацыя — вызваліць не толькі Украіну, але і Беларусь». «Я думаю, шмат у каго ў батальёне такія ж думкі», — кажа хлопец.

«Я заўсёды выступаў за ўзброены супраціў дыктатарам. Калі б была такая магчымасць, я б і ў Беларусі зброю ўзяў, але ў Беларусі такой магчымасці не было», — распавядае Аўгуст.

Цяпер ён з’яўляецца камандзірам узвода, разам з астатнімі праходзіць падрыхтоўку, робіць «шмат рознай дробнай і вялікай працы».

Аўгуст мяркуе, што будзе ваяваць, пакуль не будзе вызвалена Украіна. «Я думаю, што вайна яшчэ працягнецца паўгода, можа больш. Так што паўгода я буду яшчэ тут, а далей буду глядзець па абставінах», — распавядае ён.

Ён лічыць, што места беларусаў, якія хочуць бачыць Беларусь вольнай, менавіта на гэтай вайне.

«Я б заклікаў падрыхтаваных, фізічна развітых хлопцаў ехаць да нас. Мне падаецца, тое, што сёння адбываецца, ‒ гэта гістарычная падзеі, і ад таго, наколькі беларусы далучацца да гэтых падзей, наколькі нас будзе шмат, наколькі мы будзем падрыхтаванымі, сапраўды залежыць лёс Беларусі. І калі ёсць людзі, якія хочуць вызваліць Беларусь, то яны павінны быць тут.

Я разумею, што гэта цяжка, таму што ёсць праца, дзеці, сям’я, іншыя планы, але так бывае ў гісторыі, што трэба рабіць выбар і на нейкі час прымаць такія складаныя рашэнні», — кажа ён.

«Хлопцы, калі ёсць розум, нейкія думкі ў галаве, то трэба рабіць тое, што правільна, а не тое, што вам кажуць, не выконваць гэтыя загады. Самы лепшы варыянт — пераходзіць мяжу і далучацца да батальёна. Горшы варыянт — проста сабатаваць гэтыя загады. Будзем шчырымі, ужо ўсе разумеюць — сённяшняя ўлада не легітымна. Гэта дыктатура, і ўсе, хто яе абараняе, будзе такім жа злачынцам, як былі злачынцамі выканаўцы ў фашысцкай Германіі. Таму рабіце выбар», — гаворыць Аўгуст.

На пытанне пра перамогу ён адказвае: «Украіна дакладна пераможа. Я з другога-трэцяга дня ўжо гэта зразумеў і не сумняваўся. Заўсёды стаіць толькі адно пытанне — якім коштам будзе гэта перамога. А другое пытанне — што будзе з Беларуссю. Але гэта мы даведаемся ўжо пасля перамогі».

Сваякам, сябрам, усім, хто ў Беларусі, ён перадае: «Чакайце, мы хутка прыйдзем».

Паранены на пратэстах-2020, носіць з сабой гранату на выпадак акружэння: хто такі добраахвотнік «Янкі» ў вобразе вусатага гусара

Як загінуў добраахвотнік Зміцер Апанасовіч? Расказваюць яго паплечнікі

«Ва Украіне вырашаецца лёс усяго рэгіёна». Навошта беларус паехаў на вайну

Клас
64
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0