Усяго па «Справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх — Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць, 20 мая 2021 года асуджаны па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі,) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пакуль не вядома дакладна, у якім фармаце пройдзе судовы працэс — адкрытым ці закрытым. Таксама пакуль незразумела, ці будуць судзіць «групу Аўтуховіча» разам.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль Audi 80 і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вул. Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль Skoda Octavia, які належаў супрацоўніку міліцыі. Крымінальная справа ў дачыненні да іншых членаў «злачыннай суполкі» выдзеленая ў асобную вытворчасць.

Якія артыкулы следства інкрымінуе Мікалаю Аўтуховічу:

ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй;

ч. 2 арт. 357 — замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

ч. 1 арт. 356 — здрада дзяржаве;

ч. 3 арт.130 — распальванне іншай сацыяльнай варожасці;

ч. 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

ч. 1 арт. 290-2 — замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць;

ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго;

ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў;

ч. 3 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад;

ч. 1 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў.

У розных фігурантаў «справы Аўтуховіча» маюцца таксама і іншыя абвінавачванні: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) і ўкрывальніцтва цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 Крымінальнага кодэкса).

У суд перададзеныя справы іншых «удзельнікаў тэрарыстычнай групіроўкі»: Вольгі Маёравай, Галіны Дзербыш, Віктара Снегура, Паўла Савы і сям'і Разановічаў (Дзмітрыя, Сяргея, Паўла і Любові).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3