Фота тут і далей: асабісты архіў

Фота тут і далей: асабісты архіў

Быў вядоўцам у Ціханоўскай

Стас кажа, што яны з жонкай Юляй задумваліся аб пераездзе з Беларусі ў Польшчу, але планавалі зрабіць гэта бліжэй да сярэдзіны восені. Аднак раптоўны арышт фарсіраваў падзеі.

«Я, як і многія беларусы, хадзіў на акцыі ў 2020 годзе, акрамя гэтага, працаваў вядучым у Святланы Ціханоўскай на некалькіх рэгіянальных мітынгах, таму на падсвядомым узроўні разумеў, што рана ці позна да мяне могуць прыйсці. Але «званочкаў» не было, таму мы рыхтаваліся да пераезду няспешна. Планавалі выехаць недзе ў кастрычніку», — кажа ён.

Мужчыну затрымалі 24 лютага. Каля пяці гадзін вечара да яго дадому прыйшлі чатыры супрацоўнікі АМАП, даставілі яго ў РУУС, дзе, згодна з пратаколам, ён «размахваў рукамі і парушаў грамадскі парадак». За гэта маладога чалавека асудзілі на 14 сутак.

«Нейкіх выразных тлумачэнняў, чаму мяне затрымалі, не было. З таго, што мне паказвалі супрацоўнікі пасля затрымання, — гэта былі фота БЧБ-сцяга на аватарцы ў каруселі Тэлеграм. Самае цікавае, што пра існаванне гэтай самай каруселі я даведаўся менавіта ад іх. Я працаваў вядоўцам, праз гэта мой акаўнт заўсёды быў адкрытым. Вынікае, што людзі, ведаючыя пра існаванне каруселі на аватарцы, у любы момант маглі ўбачыць гэтую карцінку».

Падчас арышту жонка знайшла пакупнікоў на дом і машыну

Станіслаў пасля суда патэлефанаваў жонцы і папрасіў яе перакласці ўсе дакументы на польскую мову. Пакуль малады чалавек адбываў пакаранне, Юля знайшла пакупнікоў на дом і аўтамабіль.

«На маю просьбу заняцца перакладам дакументаў жонка адказала: «Усё ведаю», і я зразумеў, што яна ведае, што трэба рабіць. 10 сакавіка я выйшаў на волю, а раніцай 11-га мы аформілі здзелку па продажы і ў гэты ж дзень паляцелі з Мінска ў Тбілісі», — згадвае наш суразмоўца. 

Хутка зразумеў, што хопіць праядаць дом, трэба нешта рабіць

На момант адлёту Юлі і Стаса з Беларусі ў Тбілісі ўжо назіраліся праблемы з пошукам жылля, але гэтае пытанне ў іх было вырашанае загадзя, дзякуючы сябрам. 

«Яны прыляцелі сюды на пачатку сакавіка, таму мы засяліліся да іх і дагэтуль працягваем жыць разам. Першыя тыдні два я знаходзіўся ў прастрацыі і ў прамым сэнсе ад'ядаўся, але хутка зразумеў, што хопіць праядаць дом, трэба нешта рабіць», — кажа Стас.

Варыянтаў было не шмат, паколькі ўся праца мужчыны заўсёды была звязаная з вядзеннем мерапрыемстваў альбо іх арганізацыяй.

«Ісці працаваць у таксі, вядома ж, не хацелася, ды і не прыйшлося. Мне патэлефанаваў прыяцель з Батумі, які сказаў, што тут вельмі шмат рускамоўных, але мала івэнтаў, трэба нешта рабіць сваё: «Ты вёў квіз, раскажы мне, што там і як». І вось я яму гэта распавядаю і разумею, што калі ён запускае гэта ў Батумі, то і я магу гэта зрабіць у Тбілісі. Так усё і пачалося».

У Грузіі хапае розных чатаў для ўзаемадапамогі і кансультацый для беларусаў, але рэклама там платная. А заробкі з падобных мерапрыемстваў, дзеліцца суразмоўца, не такія ўжо вялікія — была рызыка, што на рэкламу сыдзе ўвесь прыбытак. Таму збольшага ён проста «спаміў» па чатах, каб знайсці жадаючых паўдзельнічаць. Але цалкам абысціся без выдаткаў на рэкламу ўсё адно не атрымалася. На прамоцыю першай гульні Стас патраціў 30 даляраў, на наступныя — па 10-15. 

Пасля паспяховага правядзення гульняў мужчына задумаўся над тым, што не варта абмяжоўвацца толькі кліентамі з Беларусі.

«Цяпер у Грузію таксама прыехала шмат адэкватных расіян, якія з'ехалі ад усяго гэтага пекла. Пачаў рабіць тое ж самае ў групах для расіян, у выніку мы рассунулі гульні з аднаго на два дні, каб можна было ахапіць больш людзей».

«Вау-шоу» (расшыфроўваецца як «Викторина азартных умников») — так беларус назваў свае квізы. Раўнды ў гульнях абсалютна розныя па тэматыцы.

Са словаў Стаса, яго мерапрыемствы карыстаюцца папулярнасцю. Прайшло крыху больш за месяц ад запуску першай гульні — і вось некаторыя поспехі: за тыдзень квізы прыносяць каля 250-300 даляраў прыбытку.

Такі поспех Стас тлумачыць тым, што падобны фармат людзям цікавы, а ніша была даволі свабодная, праз гэта яму і ўдалося трапіць у плынь.

«Акрамя таго, той хлопец, што званіў мне і прасіў падзяліцца досведам, таксама запусціў квіз у Батумі. Ен зрабіў гэта на тыдзень пазней за мяне, з маімі ж пытаннямі. Атрымалася нешта накшталт франшызы, якая ўжо выйшла за межы Грузіі. На 28 красавіка ў нас запланаваная першая гульня ў Вільні.

Калі квізы будуць паспяхова працаваць у трох гарадах, то яны змогуць прыносіць мне па паўтары тысячы даляраў прыбытку штомесяц, а гэта больш, чым годная зарплата па грузінскіх мерках», — адзначае Стас.

Тым не менш, нягледзячы на даволі паспяховы старт у Грузіі, заставацца ў гэтай краіне надоўга Станіслаў і яго жонка не збіраюцца. Ужо ў маі яны плануюць паляцець у Польшчу, дзе таксама жадаюць працягнуць будаваць кар'еры ў забаўляльнай галіне, толькі ўжо ў анлайн-фармаце.

Чытайце таксама:

«Зарабляем 20—25 тысяч еўра за месяц». Як Іван Шыла адкрыў паспяховы бізнэс за мяжой

«У Мінску ў нас часта снедалі Знак і Калеснікава». Як беларус адкрыў кафэ ў Вільні

Клас
18
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0