На кухні мітусяцца дзяўчаты: Каця з Барадзянкі і Марына з Бучы. Каля пліты — Наста з Беларусі. Званок у дзверы — заходзяць хлопец з дзяўчынай, яны з Екацярынбурга, землякі Аляксея. Уласнік кватэры — Аляксей Калаверын, праграміст. Жыў у Мінску, працаваў у Wargaming, зараз у Вільні. Ён і даў новы — няхай часовы — дом усім гэтым людзям.

Аляксей Калаверын

Аляксей Калаверын

— А што тут такога? — здзіўляецца Аляксей. — Калі трэба будзе, я тут яшчэ пяцёх чалавек пакладу. Мама распавядала, што ў іх кватэры пасля вайны заўсёды нехта жыў, хто быў у патрэбе. А зараз, што нам тут — месца мала? Новых людзей я або да сябе прыму, або — прыдумаю і арганізую, дзе ім жыць.

«З сабой: фен, маленькі прас і пашпарт»

Каця з Барадзянкі. Кажа, што не планавала з’язджаць, але на другі дзень вайны пасля авіяўдараў усё ж давялося. Бацькі настаялі. Выбіраліся спачатку на Заходнюю Украіну, пасля за мяжу. Былі варыянты: Польшча, Германія, Чэхія. Але ў групе «Допомога Біженцям» дзяўчыне напісаў Аляксей і прапанаваў Вільню.

— Калі я з’язджала, з сабой быў фен, маленькі прас і пашпарт. Больш нічога, — распавядае Каця. — Тут я ўжо больш за тры тыдні. Знайшла працу — у школе на кухні. Хутка першы працоўны дзень. Мяркую, вайна не хутка скончыцца. Але як толькі наладзяць камунікацыі, гатовая вярнуцца.

Марына — сяброўка Каці. Сама з Барадзянкі, але здымала з хлопцам кватэру ў Бучы. У Марыны таксама хутка пачнецца праца — на кухні, але ў іншай школе.

— Калі былі авіяўдары, мы не беглі ў бамбасховішча. Там і так было шмат жанчын, дзяцей. Таму хаваліся ў калідоры, — распавядае Марына. — Пасля жылі без святла, вады, гатавалі ежу на вуліцы на агні. Пасля — эвакуацыя. Як апакаліпсіс. Я не хацела ехаць, пакідаць хлопца. Каця мяне доўга намаўляла… і намовіла.

Марына і Каця 

Марына і Каця 

Пытаюся, ці не было страшна ехаць у чужы горад, чужую краіну да незнаёмага чалавека? Тым больш — да расіяніна. Каця кажа, што страшна было, а выбару — не было. Не было часу думаць. Пра тое, што Аляксей рускі, даведалася толькі на месцы. 

«А мне ўжо не было страшна. Я ў Каці ўсё распытала, — усміхаецца Марына. — Але адна не паехала б».

«Крычыць: «Оркі зноў Барадзянку ўзялі!» Разумею — адыходзіць»

Пакідаем дзяўчат на кухні, спускаемся з Аляксеем на ніжні ярус кватэры. Маніторы, кружэлкі, кнігі. Творчы хаос. На адной паліцы, прытуліўшыся адзін да аднаго, стаяць томікі: «Русская модель управления» і «Архипелаг ГУЛАГ». Сімвалічна. 

Пытаю, ці былі з дзяўчатамі канфлікты на нацыянальнай глебе? Аляксей успыхвае:

— Я не разумею, да чаго тут расійскі пашпарт?! Гэта гісторыя пра людзей. Гэта адзінае, што я мог для іх зрабіць. Да чаго тут пашпарт?.. У Каці там застаўся муж. Ён перажываў, што яна «да маскаля паехала». Я кажу: няхай мужчыны пагавораць. Патлумачыў яму сітуацыю, ён мне: «Лёша, дзякуй, па гроб жыцця абавязаны». А я яму: уяві сабе, што ў паралельным сусвеце ёсць іншая сітуацыя, дзе магутная Украіна разносіць Расію. Ты б маёй жонцы дапамог? Кажа: «Канечне!». Вось і ўсё. Якія канфлікты? Нам няма за што канфліктаваць!

Аляксей кажа, што ўся гісторыя з вайной дагэтуль не ўкладаецца ў яго ў галаве. Гэтага не можа быць, бо не можа быць — ніколі. Але прынцып па жыцці: «Спачатку дзейнічаем, пасля разбіраемся». Эмоцыі на стоп. Сябрам з Украіны ён адразу ж параіў ехаць на Захад. Так, адзін блізкі сябар з Дняпра даехаў ужо да Кіева, але… вярнуўся.

—Хлопцы з маёй кампаніі непасрэдна займаюцца валанцёрствам, а я не. Няма столькі часу і сілаў. Ёсць розныя чаты, якія я па волі лёсу пачаў чытаць і кансультаваць. Быў кейс: хлапчук піша, што ракета прыляцела ў ягоны дом. Сям’я загінула. Недзе пад Кіевам. Тады я яшчэ слаба разбіраўся ў геаграфіі Украіны, зараз лепш. На жаль. Праз тры дні ён ужо быў у Коўне, там родныя. Я званіў, дазнаваўся, дамаўляўся па аўтобусах, дакументах, хто і дзе сустрэне. Праблема была ў паніцы. Усё вырашылі.

Аляксей узгадвае, што Каця — маладая і прыгожая — калі толькі прыехала, была белая як прасціна. Плакала. Уздрыгвала, калі ўначы па вуліцы праязджала машына. А любых самалётаў шарахалася цэлы месяц нават удзень на вуліцы.

— А пасля ў мяне была радасць. Чую, яна ўверсе з мужам гутарыць. Пасля зрываецца, крычыць матам, топае нагамі. А дагэтуль яна толькі шэптам размаўляла. Пытаюся, што такое? Крычыць: «Оркі зноў Барадзянку ўзялі!» Разумею — адыходзіць. Адтайвае. Праз тры дні яна нафарбавалася, пайшла гуляць. Набыла прадуктаў і — зварыла абалдзенны боршч.

«Натоўп у п’яным шале вынесе Пуціна»

Аляксей распавядае гісторыю сваёй сям’і. Бальшавікі двойчы раскулачвалі некалі добры і працавіты дом. Простая арыфметыка: камуністы найхутчэй забілі не менш, чым фашысты… Бабуля ў часы вайны бадзялася з маленькім брацікам на руках пад Валакаламскам. Словаў, мацней за «дурак», не ўжывала. Салютаў не любіла. Вайна ў сям’і была страшным праклёнам. Кожная вайна — без выключэння.

— Гэтая гісторыя яшчэ гадоў на 100. Сама вайна будзе трываць 5—6 гадоў. Доўгая тэма. Нават калі «темнейший» адправіцца на канцэрт да Кабзона, гэта нічога не зменіць. Таму што, кажучы мовай Стругацкіх, за шэрымі заўсёды прыходзяць чорныя.

Аляксей песімістычны ў прагнозах. Кажа, у 1992 г. не даціснулі, а магла быць Уральская рэспубліка, Урал-Сібір. Добра ці дрэнна — без адзнакаў, наўпрост факт. І суб’екты федэрацыі маглі дамаўляцца яшчэ нядаўна паміж сабой, а таксама з Беларуссю і Украінай наўпрост. Зараз гэта толькі праз Маскву, усе грошы таксама застаюцца там. Зараз — няма ніякай Федэратыўнай Расіі, ёсць Маскоўская федэрацыя. Вялізная краіна працуе на Маскву. «Не бачу перадумоваў, каб нешта змянялася сістэмна — няма патрэбы», — паціскае плячыма.

— Расія заўжды будзе імперыяй. Навошта ёй змяняцца? Падтрымка Пуціна заўжды была вышэй за 60%. Гэта шчырыя лічбы. Ідэйна, сэрцам за яго 15—20%, напэўна. Рэшта — наша класічная гісторыя. Цар добры, а баяры дрэнныя. Цар добры — а папярэдні дрэнны. Так было і з Мікалаем ІІ, і з Ельцыным, так было заўсёды — з усімі. Будзе наступны — натоўп у п’яным шале вынесе Пуціна, як некалі Сталіна з маўзалею.

«Я не «валил из Рашки»

Узгадваю фразу Няўзорава, калі той казаў, маўляў, лепшае, што могуць зрабіць думаючыя рускія — гэта з’ехаць з Расіі. Пытаю, што думае пра гэта Аляксей?

— Ва ўсіх розныя інструменты і шляхі. Я не «валил из Рашки». Я паехаў туды, дзе магу эфектыўна працаваць. Зарабляць на дабрабыт маёй сям’і. Я не палітычны ўцякач. Трэба імкнуцца да эфектыўнасці. Калі можаш у Расіі — цудоўна! Калі для гэтага трэба з’ехаць — з’язджай. Дзяржава ў ХХІ стагоддзі — гэта ўсяго толькі падаткавы орган, якому ты плоціш грошы.

А патрыятызм — гэта заўсёды рабіць так, каб у цябе дома стала лепей. Не ва ўсёй Расіі, не ў Чачні, а для пачатку — у Екацярынбургу. Для пачатку. Я — патрыёт Урала. 

Аляксей шмат распавядае пра Урал. Апісвае прыроду, людзей, маразы. На сцяне вісіць карціна алеем без рамы. На ёй трамвай, на якім Лёша хлапчуком ездзіў у школу. Карціну напісала малавядомая мастачка, а праграміст — выкупіў. Кавалачак радзімы ў далёкай Вільні.

— Наш рэгіён Пуцін не любіць, таму і заязджае рэдка. Урал — гэта такое месца, дзе ўсім усё можна. Любыя спробы нешта навязаць выклікаюць адмову. 

І не было б той скандальнай гісторыі з будоўляй храма, калі б не навязвалі. І за Навальнага, і за Пуціна спакойна праходзілі мітынгі. Урал свабодалюбівы. У СССР было дзве школы року — ленінградская і свярдлоўская. Вершы Кармільцава — гэта наша. Я патрыёт Гэтага. 

А зараз на Урале больш за ўсё пасадак па экстрэмісцкіх артыкулах…

На прыход дэмакратаў — умоўнага Навальнага — Аляксей не ўскладае асаблівых надзеяў. Доўга і з жарам лае яго матам. Разам з тым сцвярджае, што ўсё, што робяць з ягоным цёзкам-палітыкам — недапушчальна. Крамлёўскае крэсла для нашага суразмоўцы — нешта накшталт «пярсцёнка Саўрона» або «крэстражу Волан-дэ-Морта». Хто б туды не сеў, з часам страціць розум ад бязмежнай улады і адзіноты…

І тут — зноў вяртаемся да тэмы вайны.

— Для мяне асабіста рускі той, хто апошнюю кашулю аддасць падарожніку (у размове — «страннику», рэд.). Я разумею, што на вайне людзі губляюць розум. Марадзёрыш? ОК. Але чаму не золата-упрыгожанні? Чаму ўнітазы б/у ды жаночую бялізну? Гэта як, унітаз б/у яны пасля жонкам адпраўляюць?..

А пасля — глядзіш, як яны жывуць. Ізбушка два вакенцы, сарцір на вуліцы. Ясна, навошта ўнітаз выдзіраў: ён яго не бачыў ніколі. У прамым сэнсе слова.

P. S. Адкуль бяруцца «оркі»?

Размова зацягваецца. На Вільню ўжо апусцілася імгла. Дзяўчаты на верхнім ярусе збіраюцца спаць. Пара з Екацярынбурга пайшла некуды ў госці. Наста дамывае посуд. Выходзім папаліць на гаўбец. Недзе на іншым баку Віліі запальваюцца агні. Пытаюся, урэшце, аб тым, што ўвесь вечар круцілася ў галаве.

— Слухай, Лёша, але гэта парадокс. Ёсць вось рускія, якія ўсё разумеюць, дапамагаюць. Іншыя. Адкуль тады «оркі»?

— Мы размаўляем пра культуру, — кажа Аляксей Калаверын, выпускаючы дым. — Руская культура — гэта мы. А ты кажаш пра адсутнасць культуры. Вось і ўсё. 

Клас
42
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0