Міністр абароны Лойд Осцін на прэс-канферэнцыі на базе «Рамштайн». Фота: Boris Roessler / PAP

На сустрэчы прысутнічалі некалькі дзясяткаў міністраў абароны і кіраўнікоў абаронных ведамстваў — у асноўным з еўрапейскіх краін. Лойд Осцін сабраў іх, каб паказаць моцную падтрымку Украіне і палепшыць каардынацыю дзеянняў дзяржаў, якія аказваюць велізарную колькасць вайсковай дапамогі, у тым ліку цяжкага ўзбраення, падтрымліваючы Кіеў у яго барацьбе з Расіяй.

Акрамя прадстаўнікоў краін НАТА, у сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Аўстраліі, Японіі, Кеніі, Новай Зеландыі, Паўднёвай Карэі і Туніса. Але не было нікога з дзяржаў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

Лойд Осцін заявіў, што ў будучыні створаная група будзе сустракацца кожны месяц — гэта прыкмета таго, што саюзнікі Украіны рыхтуюцца да працяглага канфлікту.

«Мы ўсе поўныя рашучасці дапамагчы Украіне перамагчы сёння і нарошчваць сілы на заўтра, — сказаў Осцін на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння дзённай сустрэчы. — Каб гарантаваць, што мы працягнем наш прагрэс, мы маем намер пашырыць гэты форум за межы сённяшняга дня».

«Я ганаруся тым, што магу абвясціць: сённяшняя сустрэча стане штомесячнай кантактнай групай па самаабароне Украіны, — дадаў Осцін. — Кантактная група стане інструментам, з дапамогай якога краіны добрай волі змогуць актывізаваць свае намаганні, скаардынаваць дапамогу і засяродзіцца на перамозе ў сённяшняй, а таксама ў будучай барацьбе.

Осцін гаварыў, што з пачатку ўварвання Расіі больш за 30 саюзнікаў і партнёраў выдзелілі на падтрымку Украіны больш за 5 млрд даляраў у выглядзе рознага вайсковага рыштунку. З гэтага ЗША выдзелілі каля 3,7 млрд даляраў.

На прэс-канферэнцыі Осціна таксама папрасілі растлумачыць словы, якія ён учора сказаў у польскім парламенце: што ЗША хочуць аслабіць Расію. Міністр абароны ЗША адказаў, што мэта ягонай краіны — спрыяць таму, каб Расія больш не магла весці агрэсію супраць сваіх суседзяў.

«Мы хочам перашкодзіць Расіі пагражаць суседзям і паменшыць яе магчымасці ў гэтых адносінах», — сказаў Осцін, пасля чаго пералічыў цяжкія страты, якія Расія панесла падчас уварвання ва Украіну.

І дадаў: «Мы хацелі б пераканацца, што ў Расіі не будзе такой здольнасці запалохваць сваіх суседзяў, які мы бачылі ў пачатку гэтага канфлікту».

Кіраўнік Мінабароны ЗША таксама пахваліў Германію, якая ў Рамштайне абвясціла, што адправіць ва Украіну цяжкае ўзбраенне, у тым ліку танкі.

«Гэтыя сістэмы дадуць рэальныя магчымасці», — сказаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру