Фуры на мяжы

Фуры на мяжы

З 9 красавіка беларускія фуры не могуць заязджаць на тэрыторыю ЕС. Многія грузаперавозчыкі з гэтай прычыны церпяць страты, бо еўрапейскі кірунак быў для іх асноўны. Прадстаўнік адной з невялікіх кампаній, якая займалася грузаперавозкамі ў ЕС, расказаў, што з пачатку красавіка фуры прастойваюць.

«Еўрапейскія фуры ездзяць у Беларусь, у іх усё добра. Мы чакалі, што межы закрыюць. Маленькія кампаніі, у якіх па 5—10 фур, церпяць найбольш. Мы вазіць цяпер нічога не можам. Мы не разумеем, чаму фуры з ЕС могуць проста заязджаць, а беларускія фуры туды не пускаюць. Мы нікуды ездзіць не можам ні па Беларусі, ні ў ЕС», — кажа прадстаўнік фірмы.

Кіроўцы, якія раней працавалі ў Беларусі, цяпер думаюць, каб з'ехаць працаваць за мяжу.

«З 9 красавіка зачынілі для беларускіх фураў уезд у ЕС, і з таго часу мы не працуем. Сітуацыя прывядзе да таго, што нашы кіроўцы з'едуць працаваць у ЕС, у Польшчу, у Літву. Будуць прывозіць грошы родным», — кажа перавозчык.

Не выпадае таксама і змяніць кірунак, бо па расійскіх дарогах машыны хутка зношваюцца.

«Мы не хочам збіваць фуры па расійскіх дарогах. Проста разаб’ем сабе машыны, не зарабляючы, гэта не выйсце.

Найлепшае выйсце, каб мяжу закрылі цалкам, тады б кіраўніцтва краіны шукала, што рабіць. А так мы прастойваем, а экспарт усё адно ідзе, бо еўрапейцы сюды ездзяць», — кажа перавозчык.

«З Азіяй таксама праблемы»

Прадстаўнік іншай буйной лагістычнай кампаніі расказаў, што «цяпер стаіць палова парку».

«Палова парку прастойвае, палова — ездзіць на Расію і Казахстан. У ЕС нашы фуры не могуць ездзіць. Існуюць нейкія выключэнні, але пакуль незразумела, як гэта працуе. З Азіяй таксама праблемы, фуры туды едуць доўга. Фуры з ЕС заязджаюць у Беларусь, але даязджаюць толькі да Ліды, далей шлях закрыты, там яны таксама прастойваюць у чаканні разгрузкі», — кажа суразмоўца.

Яшчэ адзін суразмоўца, які працуе кіроўцам, расказаў, што беларускія перавозчыкі дамаўляюцца з еўрапейскімі. Гэта дазваляе абмінаць забарону на перасячэнне мяжы.

«Еўрапейскія грузаперавозчыкі могуць прыязджаць у Беларусь толькі на бліжэйшую мытню для перагрузкі грузу, а гэта дадатковыя траты.

Беларускія кампаніі дамаўляюцца з еўрапейскімі перавозчыкамі: беларуская машына прыцягвае груз на мытны лагістычны цэнтр, а еўрапейская фура вязе яго далей. Еўрапейская фура прывозіць груз у Беларусь, і далей яго вязе беларуская фура.

Але гэта дадатковыя грошы: за стаянку пры выездзе з мяжы вешаюць навігацыйную пломбу, якая каштуе 100 еўра, раней яе вешалі толькі на транзітныя фуры», — кажа перавозчык.

У сферы транспарту ў Беларусі працуе 293,3 тысячы чалавек, гэта 6,8% ад усіх занятых у эканоміцы. Гэта прыбытковая сфера. Чысты прыбытак ад працы транспарту за 2020 год — 645 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасьць — 7,6%.

Летась Беларусь аказала іншым краінам транспартных паслуг на 4,3 мільярда даляраў. Вялікую долю ў гэтым займаюць транспартныя паслугі для краін ЕС.

Клас
8
Панылы сорам
4
Ха-ха
12
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0