Каля вадаёма побач з вёскай Ізабэліна Маладзечанскага раёна 48-гадовы егер Таварыства паляўнічых і рыбаловаў падабраў мёртвага самца рачной выдры. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу, піша mlyn.by.

Пракуратура Маладзечанскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу, распачатую па другой частцы артыкула 282-1 «Незаконнае перамяшчэнне (транспарціроўка) загінулай дзікай жывёлы, якая адносіцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да аб'ектаў палявання».

Злачынства караецца штрафам або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Абвінавачаны раней судзімы не быў. Мужчына жанаты, у яго трое непаўналетніх дзяцей. На папярэднім расследаванні фігурант расказаў следчаму, што 4 сакавіка ён спыніўся каля возера, каб праверыць таўшчыню лёду, паколькі назаўтра збіраўся на рыбалку.

На абочыне дарогі ўбачыў мёртвую рачную выдру, якую, на яго думку, збіла машына. Ён забраў яе.

«Пры гэтым ён разумеў, што парушае закон, не аформіўшы для перавозкі неабходную дакументацыю, але бланкаў пры сабе не было, і мужчына вырашыў адвезці мёртвую жывёлу дадому, каб там, з яго слоў, аформіць дакументы», — піша выданне.

Але па дарозе яго спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Згодна з заканадаўствам, шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю незаконнай транспарціроўкай адной выдры падлягае кампенсацыі ў памеры 200 базавых велічынь (6400 рублёў). Абвінавачаны павінен кампенсаваць шкоду і адкажа па крымінальным артыкуле.

Кіраўнік Маладзечанскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў патлумачыў следчаму, што пасля здзяйснення гэтай правіны егер звольніўся, і незразумела, для чаго яму ўвогуле патрэбная была мёртвая выдра, бо яе мяса непрыдатнае для ежы, а футра вялікай каштоўнасці не мае.

Клас
0
Панылы сорам
109
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
11