Што гэта значыць для ўкраінскай арміі, распавядае ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

‒ Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ў чацвер заявіў, што вайна ва Украіне пераходзіць у новую фазу. Вы можаце растлумачыць, у якую менавіта?

— Вайна пераходзіць у новую фазу, а менавіта, Украіна, выстаяўшы і выматаўшы саперніка ў крывавых абарончых баях, цяпер будзе атрымліваць зброю, якая па якасці, па філасофіі выкарыстання непараўнальная з тым, што выкарыстоўвалася перад гэтым абодвума супрацьлеглымі бакамі.

Мы гаворым з вамі пра разведвальна-ўдарныя, разведвальна-агнявыя комплексы, якія ўключаюць у сябе магутную артылерыю і сістэмы выяўлення і карэкціроўкі цэляў. Мы гаворым пра ракеты павышанай далёкасці, у тым ліку такія, як «Гарпун», якія дазволяць змяніць сітуацыю ў Чорным моры. Вы разумееце, наколькі крытычная, напрыклад, для Украіны магчымасць выкарыстання партоў для перавозак, каб працавала эканоміка.

Мы гаворым пра якаснае узмацненне сістэм супрацьпаветранай абароны, якое фактычна знішчыць перавагу расійскай авіяцыі ў паветры. Яна і так цяпер дастаткова абмежаваная, таму што лётчыкі проста баяцца апускацца на вышыню, ніжэйшую за сем кіламетраў, баючыся быць збітымі.

Мы гаворым пра далейшае ўзмацненне і павелічэнне эфектыўнасці сродкаў сувязі, гэта значыць, мы гаворым пра закрытыя сістэмы сувязі, якія будуць паступаць на ўзбраенне.

Ды нават элементарныя такія паказчыкі, як перадача Украіне амерыканскіх кулямётаў Browning або нямецкіх кулямётаў МГ4 — гэта ўжо вялікі крок наперад. Таму што і хуткастрэльнасць, і эфектыўнасць выкарыстання гэтай зброі на парадак вышэйшыя, чым тое, чым валодае цяпер і ўкраінскае войска, і тое, чым у асноўным узброенае без перспектывы хуткай замены расійскае войска на сённяшні дзень.

Самы просты прыклад. Нібыта розніца ўсяго ў тры міліметры паміж 152-міліметровай гаўбіцай, якая з'яўляецца асноўнай гаўбіцай расійскай арміі і пакуль яшчэ ўкраінскай, і 155-міліметровай, дапусцім, шведскай гаўбіцай Archer. Але калі савецкае ўзбраенне страляе на адлегласць прыкладна 20-30 км, то Archer страляе з дастаткова высокай хуткастрэльнасцю на адлегласць 70 км.

Такім чынам, калі ва ўкраінскай арміі будуць і разведвальна-ўдарны комплекс, які ўключае ў сябе і 155-міліметровыя гаўбіцы, і дроны, якія будуць карэктаваць агонь гэтых гаўбіц і ўдакладняць цэль, і сістэмы контрбатарэйнай барацьбы, расійская артылерыя проста страціць магчымасць наносіць удары. Таму што ўдары будуць наносіцца па-за зонай дзеяння гэтай артылерыі: дзе 30 кіламетраў і дзе 70. Адчуйце розніцу, як кажуць у Адэсе.

— Адміністрацыя ЗША просіць у Кангрэса 33 мільярды даляраў, з якіх 20 мільярдаў павінна пайсці на зброю. Гэта многа ці мала, калі параўноўваць у больш зразумелых велічынях: у танках, у Javelin?

— Я б хацеў пазбегнуць параўнанняў у гэтым пытанні, таму што нельга ўсё проста звесці да Javelin. Давайце будзем шчырыя. На сённяшні дзень ва ўкраінскай арміі ЗРК Javelin і іншых сродкаў супрацьтанкавай зброі дастаткова, каб знішчыць усе браняваныя цэлі расійскага войска, якія задзейнічаныя ў сучаснай вайне, па тры, а то і па пяць разоў. Так што казаць пра гэта дастаткова складана.

Казаць пра іншыя элементы таксама складана, таму што сама па сабе, напрыклад, зенітная нямецкая ўстаноўка эфектыўная, але яна малапрыдатная, калі яна будзе дзейнічаць у адрыве ад комплексу іншых відаў узбраенняў баявой тэхнікі. Тое ж тычыцца і стралковай зброі. Яна аб'ектыўна даражэйшая, чым аўтамат Калашнікава: не $75 за адзінку і не $50 за прымітыўны «Калашнікаў», яно ў два разы даражэйшае.

Але па эфектыўнасці я б сказаў так, што $20 млрд — гэта можа быць параўнальна нават з бюджэтам на абарону нейкай невялікай краіны. Гэта больш чым дастаткова, разумеючы, з якім сапернікам мы маем справу. І разумеючы, якая зброя і ў якіх колькасцях перадаецца. Таму гэта вельмi шмат.

ЗША адкрываюць ленд-ліз для Украіны. Апошні раз такое было для барацьбы з гітлерызмам

НАТА правядзе найбуйнейшыя вучэнні ва Усходняй Еўропе з удзелам армій Фінляндыі і Швецыі

Клас
54
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1