Дзяцінства ў Мінску і Магадане

Прыгоды Змітра пачаліся яшчэ ў дзяцінстве: ён нарадзіўся ў 1981 годзе ў Ельску, але зарэгістравалі яго на малой радзіме таты — у вёсцы Кушняры, што пад Івацэвічамі.

Маленькі Зміцер Дашкевіч

Першыя гады маленькі Зміцер увогуле правёў у Магаданскай вобласці, дзе яго бацькі працавалі журналістамі. У 1986 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Старых Дарогах, дзе Зміцер скончыў школу. Пасля ён вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце (кінуў праз некаторы час) і ў Віленскім педагагічным універсітэце. У літоўскай ВНУ Дашкевіч вывучаў беларускую філалогію, але дыплом атрымаў толькі праз восем гадоў пасля пачатку вучобы, прайшоўшы праз шматлікія затрыманні і турму. 

Будучая жонка Змітра Наста Палажанка нарадзілася і вырасла ў Мінску. Вучылася ў школах спачатку з нямецкім, пасля з эстэтычным ухілам, затым вучылася ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на факультэце філасофіі і палітычных навук. 

Малады Фронт

І Зміцер, і Наста былі актыўнымі ўдзельнікамі Маладога Фронту — патрыятычнага руху моладзі, ладзілі акцыі і мерапрыемствы. Прычым Палажанка стала сябрам МФ яшчэ 14-гадовай школьніцай.

Наста Палажанка ў 2008 годзе

З цягам часу Дашкевіч узначаліў арганізацыю, а Наста стала яго намесніцай. 

Іх абодвух неаднаразова затрымлівалі, каралі суткамі, штрафамі, але гэта не стрымлівала маладзёнаў.

Тады ціск на іх узмацніўся.

На ўсе прапановы адказваў адмовай

Увосень 2006 года Зміцер быў затрыманы і асуджаны на год і шэсць месяцаў калоніі за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (у парушэнне сваіх жа законаў, лукашэнкаўцы арганізацыю рэгістраваць адмаўляліся). 

Наста і тут падтрымлівала Змітра: даведаўшыся пра крыміналку, яна абвясціла галадоўку ў знак пратэсту.

Падчас зняволення Змітра судзілі яшчэ раз: ён адмовіўся сведчыць супраць 16-гадовага Івана Шылы. За гэта Дашкевічу пагражалі накінуць яшчэ 6 месяцаў, але скончылася штрафам. У 2008 годзе ён выйшаў на волю.

18 снежня 2010 года, за дзень да Плошчы, Дашкевіча зноў схапілі сілавікі. Яго абвінавацілі ў бойцы з чалавекам на вуліцы — журналісты раскапаюць, што насамрэч гэта быў раней судзімы агент МУС — і ў 2011 асудзілі на 2 гады калоніі, затым дадалі яшчэ год як «злоснаму парушальніку». На ўсе прапановы напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі Зміцер адказваў адмоўна, у выніку адбыў свой тэрмін цалкам. 

Дашкевіч падчас суда ў 2011 годзе

Пасля Плошчы-2010 асудзілі і Насту: абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, амаль два месяцы пратрымалі ў СІЗА КДБ. У лютым 2011-га Насту там змусілі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве са спецслужбамі. Выйшаўшы на свабоду, яна сама паведаміла гэта, дадаўшы, што ніякай «агентурнай працы» не вяла. 

У выніку Насту судзілі, далі год калоніі з адтэрміноўкай на год. Але яна не збіралася ціха сядзець дома — ладзіла акцыі ў падтрымку Змітра, двойчы яе за гэта караюць суткамі. Наста не баялася рабіць гэта нават пад умоўным тэрмінам, рызыкуючы ў выніку сама трапіць у калонію.

Шлюб у калоніі

У снежні 2012 года Зміцер і Наста ажаніліся. Адбылося гэта проста ў турме ў Гродне, на наступны дзень пасля Нараджэння Хрыстовага. Так Наста Палажанка стала Настай Дашкевіч. 

Наста паказвае пячатку аб шлюбе

Але было ў іх і сапраўднае вяселле, святкаванне зладзілі ўжо калі Зміцер вызваліўся. Яно прайшло на падворку царквы Яна Прадвесніка.

Гэта не проста шчаслівая, гэта, можна сказаць, ідэальная сям'я. Сёння ў Змітра і Насты трое малых дзяцей. Нядаўна стала вядома, што Наста цяжарная чацвёртым.

«Цесляры»-мецэнаты

Зміцер такі чалавек, які не цураецца ніякай працы. У пачатку 2000-х разам з сябрамі разносіў гарбату і каву на мінскім Чэрвеньскім рынку, вазіў з Вільні калядныя цацкі і сам прадаваў іх на кірмашах, ставіў дзверы.

А апошнія гады Дашкевіч, нібы святы Язэп, вырабляў мэблю. Яго дрэваапрацоўчую майстэрню «Цесляры» ведаў увесь Мінск. Прычым частку заробку Зміцер нязменна пералічваў на падтрымку беларускамоўных культурных праектаў.

«Справа патрыётаў»

У сакавіку 2017 года прайшлі затрыманні па «Справе патрыётаў» (Фрау А., «Белы легіён», вось гэта ўсё). Схапілі і Змітра. Наста ездзіла па аддзяленнях міліцыі ў пошуках мужа, падчас чаго яе саму ледзь не затрымалі, разам з жонкамі іншых затрыманых давала імправізаваную прэс-канферэнцыю проста ля машыны, з якой скралі Дашкевіча. 

У выніку Дашкевіч выйшаў на волю праз месяц, з абвінавачваннямі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. А ўвосень справу проста закрылі.

Абарона Курапатаў

Курапаты заўсёды былі для Змітра асобным болем. І ён ішоў абараняць памяць забітых там беларусаў кожны раз, калі гэта патрабавалася.

А патрабавалася вельмі часта.

У 2017 годзе ў Курапатах актыўна пратэставалі дэмакратычныя актывісты і проста жыхары дамоў, якія стаяць побач. Бо праз дарогу ад урочышча, на зямлі, якую нядаўна вывелі з ахоўнай зоны, вырашылі пабудаваць бізнэс-цэнтр. 

І Зміцер, і Наста Дашкевічы бралі актыўны ўдзел у пратэстах супраць будоўлі.

Пратэстоўцы начавалі на будоўлі, прыкоўвалі сябе кайданкамі да тэхнікі — і перамаглі. Забудоўшчык адмовіўся ад пляцоўкі. 

За сваю актыўнасць Зміцер пацярпеў: быў затрыманы, пасля асуджаны на трое сутак за «парушэнне парадку ў правядзенні масавых мерапрыемстваў».

Насту ж за ўдзел у абароне гэтай зямлі завочна асудзілі і пакаралі штрафам.

У 2018 годзе шэраг актывістаў, у тым ліку і Зміцер Дашкевіч, пачынаюць несці варту каля сумнавядомага рэстарана «Паедзем паядзім», які адкрыўся ў Курапатах. Яны дзяжураць каля брамы рэстарана з беларускімі сцягамі, нагадваюць кліентам пра тое, у якім трагічным месцы адкрылі кабак.

З таго часу амаль кожную пятніцу Зміцер прыязджаў у Курапаты і працягваў сваю варту. 

У тым жа 2018 годзе Зміцер арганізаваў кампанію па ўсталяванні вялікіх драўляных крыжоў у Курапатах. Агулам актывісты паставілі 70 крыжоў вакол урочышча. Але ў наступным годзе Аляксандр Лукашэнка загадаў іх знесці. Напярэдадні Вялікадня нагналі рабочых і тэхнікі, самі крыжы вывезлі. Пазней Мінлясгас здзекліва прапаноўваў усім ахвотным: крыжы можам вярнуць, калі пакажаце дакументы, што яны вам належаць.

За пратэсты супраць зносу крыжоў Дашкевіча і яшчэ некалькіх чалавек затрымалі і пакаралі штрафамі.

Пераслед пасля выбараў-2020

У 2020-м Дашкевіч не мог змірыцца з фальсіфікацыямі на выбарах і гвалтам пасля іх. 

Увосень 2020 Зміцер адседзеў 15 сутак у жудасных умовах — абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце. 

У 2021 годзе Змітра двойчы затрымалі ў Курапатах, падчас традыцыйнай варты ля рэстарана «Паедзем паядзім». У студзені яго пакаралі 15 суткамі, у красавіку асудзілі ўжо на 20. Зміцер падрабязна расказваў, як катуюць палітычных: вязням забаранялі мець Біблію, адбіралі пасцелі, набівалі камеры людзьмі нібы сардзінамі.

Зміцер Дашкевіч: Як ламаюць на Акрэсціна. Як выжыць у беларускай турме — «Ток»

У сярэдзіне сакавіка 2022-га Змітра разам з Настай выклікалі на допыт, а напярэдадні Дня Волі асудзілі на 15 сутак. З таго часу ён за кратамі: Дашкевіча зрабілі падазраваным па «народным» 342 артыкуле КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Яму пагражае да 4 гадоў калоніі.

«Замест пытанняў да мяне як сведкі прамовіў, што моцна мяне кахае». Жонка Дашкевіча пра суд над ім

А цяпер крыміналку завялі і на Насту. Усякага цынізму беларусы нагледзеліся, але крымінальную справу на цяжарную чацвёртым дзіцём жанчыну яшчэ не заводзілі. Такога і пры Брэжневе не было, а магчыма, і пры Сталіне нават. І вось — пры Лукашэнку…

«Калісьці я давала Змітру клятву, што буду з ім і ў горы, і ў радасці. Вядома, я не думала ў гэты момант, што пад гэтымі словамі будзе ў тым ліку адно судовае паседжанне, дзе нас будуць разам судзіць. Але так сталася, — напісала яна ў фэйсбуку. — Сёння мяне выклікалі ў СК, дзе зрабілі падазраванай у «народным» 342 артыкуле. Сітуацыя, канечне, дзікая…

Няхай Госпад трымае і абараняе ўсю нашу сям'ю і шматпакутную Беларусь».

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру