Даля Грыбаўскайце. Фота: DELFI / Kiril Čachovskij
Экс-прэзідэнтка Літвы сказала, што нельга адступаць пасля кожнага запалохвання з боку Расіі.
«Трэба адважыцца на канфрантацыю і прыняць выклік, які кінула Расія. Гэтыя спробы Захаду адступаць, каб нібыта пазбегнуць Трэцяй сусветнай вайны, — то
гэтая Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе. Яна еўрапейская. Гэта вайна не толькі з Украінай. Яна супраць усяго дэмакратычнага свету, супраць ўсталяванай пасля Другой сусветнай вайны архітэктуры бяспекі, яна ўжо ідзе.
Не мы яе пачалі, не мы абвастраем сітуацыю. Калі мы будзем адступаць і дазволім агрэсару садзіцца нам на галаву, ён залезе і зменіць увесь парадак, наступствы будуць дрэннымі, мы з імі не справімся. Асабліва такія краіны, як мы — маленькія», — заўважыла Грыбаўскайце.
Па яе словах, заходнікі павінны думаць пра сваю бяспеку, каб Пуцін быў спынены і раздушаны на тэрыторыі Украіны.
«Еўропа занадта малая для канвенцыйнай вайны, у плане абароны — трэба спыняць вайну там, дзе яна пачалася, і як мага хутчэй, усімі сіламі.
Наша бяздзейнасць азначае пашырэнне вайны. Чым больш геаграфічна мы будзем аддаляцца ад канфлікту, тым хутчэй ён наблізіцца да нас», — папярэдзіла Грыбаўскайце.
На пытанне, што Захад павінен рабіць, каб зрынуць урад Пуціна, экс-прэзідэнтка адказала:
«Мяне такое пытанне абурае, гэта праява заходняй наіўнасці. Мы сутыкаемся з зусім іншай цывілізацыяй. Ягоная ўлада трымаецца не на падтрымцы людзей, а на «сілавіках» і іншых фінансавых структурах.
Ніколі пры наяўнасці такой прапаганды, такой таталітарнай сістэмы, такога пераследу людзі з-за страху не выйдуць на вуліцы яго зрынаць».
«Таму не трэба мець ілюзіі, быццам мы можам неяк уплываць на меркаванне, неяк прапхнуць інфармацыю праз гэты бар'ер, — усё роўна, якую, ёй ніхто не будзе верыць. Мы думаем на заходні манер, а яны — на ўсходні. Гэта зусім іншая цывілізацыя. Сілкаваць ілюзіі, быццам мы можам неяк уздзейнічаць, а людзі на вуліцах скінуць Пуціна — гэтага ў гісторыі ніколі не было і не будзе», — мяркуе Грыбаўскайце.





