Сама назва Радаўніца (Радуніца, Раданіца) вельмі архаічная. Няма адзінага меркавання пра яе паходжанне.

Здавалася б, значэнне слова ляжыць на паверхні. Так, доўгі час яго этымалогію выводзілі ад «радавацца» або «род». «Род» — ясна, чаму. На карысць «радаснай» тэорыі сведчыла тое, што ў хрысціянскі час Радаўніца стала «Вялікаднем памерлых»: святам, прасякнутым надзеяй на ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Аднак многія навукоўцы лічаць такое тлумачэнне павярхоўным.

Больш навуковым ключом да тлумачэння слова можа быць літоўскае raudá «плач з галашэньнем» і raudìnė «малітва з плачам і галашэннем». Параўнайце, як гэта падобна да славянскага «рыдання».

Ад пачатку, як і многія іншыя хрысціянскія святы, Радаўніца была традыцыяй паганскай, але пазней была прынятая Праваслаўнай царквой і адаптаваная пад яе каляндар.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля праваслаўнага Вялікадня, заўжды ў аўторак. Традыцыі правядзення гэтага дня розняцца ў залежнасці ад мясцовасці.

Недзе спачатку людзі ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі, недзе абыходзяцца без царквы. Недзе ў гэты дзень дапускаецца працаваць, недзе не.

Адрозніваюцца і традыцыі памінальных пачастункаў. Недзе ўсё абыходзіцца сціплым велікодным яечкам, пакінутым «для спачылых», а недзе на могілках накрываюць цэлыя багатыя сталы. Хоць Царква ў цэлым гэтага не ўхваляе, лічачы, што памерлым трэба толькі малітва і памяць пра іх. 

У Беларусі да Радаўніцы асаблівае стаўленне. Толькі ў нашай краіне яна з'яўляецца афіцыйным выхадным днём, ні ў Расіі, ні ва Украіне гэтага няма.

Адпаведна, гэта таксама ўплывае на мясцовыя традыцыі. Нават там, дзе Радаўніцу раней адзначалі не надта актыўна і яна нават саступала іншым памінальным дням, цяпер да гэтай даты прымяркоўваюць наведванне могілак. 

Таксама ў гэты дзень наведваюць могілкі і многія беларусы-католікі. Рэлігійныя традыцыі адаптуюцца і прыстасоўваюцца да свецкіх рэалій. 

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2