У дажджысты пятнічны вечар каля ГЦ «Люстэрка» нямала народу. Самы цэнтр горада, побач яшчэ некалькі гандлёвых цэнтраў і Камароўка. Але ў сам ГЦ заходзяць лічаныя людзі.

З тых, хто праходзіць міма, Станіслаў. Малады чалавек згаджаецца расказаць, што тут адбывалася ў 2000-я. У яго аповедзе — кароткі змест сітуацыі не толькі ў ГЦ, але і ў эканоміцы.

«Тады ў Мінску не было ні буйных міжнародных брэндаў накшталт «Індзітэкса» (уладальнік Zara, Bershka, Pull&Bear і іншых), ні сучасных ГЗЦ. Але запыт на прыгожую вопратку ў людзей быў, бо ў іх былі грошы.

Рэч у тым, што ў 2000-х краіна атрымлівала нафтавыя звышпрыбыткі, гэта разганяла эканоміку, давала нечуваны рост ВУП і ўплывала на дабрабыт усіх. Асабліва гэта адчувалася ў Мінску.

Але прапанова па вопратцы была малой: хто бяднейшы — апранаўся на рынку, наступная прыступка — «Свет моды» на Ждановічах, вышэй — «Люстэрка», яшчэ вышэй — буцікі. А калі ёсць вялікі плацежаздольны попыт і маленькая прапанова», — узнікаюць шалёныя цэны, кажа Станіслаў.

«Я памятаю, што на «Люстэрку» стыльныя штаны каштавалі 150—175 даляраў. І гэта быў нейкі турэцкі ноўнэйм. Але людзі куплялі, таму што грошы былі, а альтэрнатывы — не было.

Знаёмыя казалі, што нават звычайныя прадаўцы (а не самі прадпрымальнікі) у «Люстэрку» і «Паркінгу» маглі зарабляць па тысячы еўра ў месяц. Вось такі быў цікавы час».

«Часам за дзень можа і пары чалавек не прайсці»

Аня арандуе памяшканне з верасня мінулага года. У яе краме ecoyou.by прадаюцца рэчы для дому — пакрывалы, свечкі, посуд.

«Да гэтага амаль год тут здымала памяшканне мая сястра са сваёй крамай адзення cambersands-shop.by, таму я была ў курсе цэнаў на арэнду і праходнасці. А ў выпадку з ГЦ «Люстэрка» трэба разумець, на што падпісваешся: часам за дзень можа і пары чалавек міма не прайсці.

Але арэнда нізкая, і многія пачаткоўцы-прадпрымальнікі ахвотна арандуюць памяшканні з агеньчыкам у вачах. Бо яны пачынаюць сваю справу. За гэтым прыемна назіраць».

Дзяўчына тлумачыць, што выбрала «Люстэрка» з-за нізкай арэнды — за памяшканне 9 квадратаў выходзіць каля 100 даляраў.

«Маленькі бізнэс, які складаецца з аднаго чалавека, без асаблівага капіталу, наўрад ці можа пацягнуць высокую арэнду ў буйным ГЦ. А ў «Люстэрку» цалкам пад'ёмная арэнда — праўда, людзей няма, — усміхаецца Ганна. — Але ты альбо прымаеш умовы гульні, альбо працягваеш быць анлайн, што для кліентаў не заўсёды зручна.

З-за асаблівасцяў прадукцыі для нас важна заставацца і ў афлайне. Многія хочуць прыехаць і пераканацца ў якасці, паглядзець колер тэкстылю жыўцом.

Яшчэ цяпер я раблю інтэр'ерныя свечкі, а водары праз экран не адчуеш. Плюс да гэтага важныя адносіны, упакоўка. У нас хоць і малюсенькая крама, але ўсе прыязджаюць і кажуць, што вельмі ўтульна».

Калі даляр у канцы лютага — пачатку сакавіка рэзка скакнуў уверх, у ГЦ, кажа Ганна, была «лёгкая паніка».

«Я адносна нядаўна ў ГЦ, але многія ж «старажылы», у іх жа там бізнэс гадамі. Вельмі сумна назіраць іх перажыванні адносна заўтрашняга дня: людзей у ГЦ усё менш, падаткі растуць, працаваць усё складаней, а ў анлайне прадстаўленыя далёка не ўсе.

Цяпер на фоне сусветных падзей людзей стала яшчэ менш. Многія нашы купцы з'ехалі з краіны. Але мы стараемся заставацца і ў анлайне з дастаўкай, і ў ГЦ для зручнасці.

Думкі пра закрыццё афлайн-крамы бываюць і ў мяне, але пакуль надта балюча думаць пра гэта».

«Усе адкрытыя крамы можна абысці за 20 хвілін»

Абсалютна ўсе нашыя героі кажуць, што ў ГЦ «Люстэрка» звычайна прыходзяць у канкрэтную краму — або забраць замову, або паглядзець ужывую тое, што выбралі ў Інтэрнэце, або да канкрэтных прадаўцоў. Такога, каб прыйсці прагуляцца і нешта выбраць, тут практычна не бывае.

«Напрыклад, у ГЦ шмат вясельных салонаў — дзяўчаты прыязджаюць на прымерку. Але ў такі важны момант іх як быццам мала цікавіць, што размяшчаецца вакол, — кажа Ганна. — Ёсць пацешны момант: калі мы пачалі працаваць, я часта сустракала кліентаў ля галоўнага ўвахода і праводзіла да крамы, каб яны не блукалі ў пошуках.

І пакуль мы ішлі, чула адну і тую ж фразу «Як жа я даўно тут не быў!». Людзі настальгавалі, як раней прыязджалі сюды і шопіліся, а цяпер вось амаль усё зачынена».

Дарэчы, вясельныя салоны, па назіраннях Ганны, працягваюць адчыняцца да гэтага часу і карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў.

«Мабыць, людзям цяпер неабходна зладзіць нейкае свята, — разважае дзяўчына і працягвае спіс тых, да каго яшчэ прыходзяць пакупнікі. — Шмат дзіцячага адзення, пра якое я раней і не здагадвалася, сучасныя якасныя рэчы. Звычайна цэны на дзіцячую вопратку ў ГЦ зашкальваюць, а тут суадносіны цана-якасць заўсёды радуюць.

З маіх асабістых знаходак яшчэ крама абутку ад нашых беларускіх хлопцаў kovalenko.by — стыльная, з натуральнай скуры. Не так даўно яшчэ адкрылі бокс з усходнімі прысмакамі — таксама карыстаецца папулярнасцю. На 2 паверсе ля галоўнага ўвахода найкруцейшы магазін з вышыванкамі! Ёсць вельмі мілая ўпакоўка падарункаў, паштоўкі, скрынкі konvert4u. Яшчэ часта бачу людзей у краме мужчынскіх касцюмаў — там не самы бюджэтны сегмент, але відаць, што якасныя рэчы.

А вось крамы, дзе састарэлыя мадэлі жаночага абутку ці адзення, мабыць, паступова паміраюць. Такіх вельмі мала, але яшчэ ёсць.

Яшчэ з папулярнага, што зноў з'яўляецца — бьюці-паслугі. Вейчыкі, пазногцікі, броўкі, — усміхаецца Ганна. — Арэнда дазваляе дзяўчатам працаваць на сябе ў даволі камфортных умовах у цэнтры горада. І я іх выдатна разумею!

Мінус толькі ў тым, што калі вы прыходзіце на шопінг, то хутка разумееце, што ўсе адкрытыя крамы можна абысці літаральна за 20 хвілін. Астатняе альбо «здаецца» (ужо гадамі, затое за касмічныя грошы для пустога ГЦ, а значыць памяшканне проста пустуе), альбо бьюці.

Вельмі шкада яшчэ, што трэці паверх пустуе. Не ведаю, што там за праблемы ва ўласніка, але можна было б столькі класных праектаў рэалізаваць. І тым самым ажывіць ГЦ».

«Старажылы трымаюцца, але не ўпэўненая, што наступны год не стане для іх апошнім»

Што тычыцца колькасці зачыненых крамаў, то некаторыя, кажа Ганна, «сышлі на лета», а потым зачыніліся.

«Пакуль што старажылы трымаюцца. Але не ўпэўненая, што наступны год не стане апошнім. Тыя, хто працуе з адзеннем, кажуць, ім давядзецца афармляць шмат новых дакументаў, ды і яны не ўпэўненыя, ці пацягнуць падатак. Так што ўсе працуюць тут і цяпер. Не было такога, каб разам усё пазачынялася.

Для многіх гэтыя крамы — адзіны заробак. А значыць, пакуль што жыццё ў ГЦ ёсць.

Увогуле, цяпер «Люстэрка» — гэта мікс са старажылаў і маладых прадпрымальнікаў, з боксаў з нізкай і касмічнай арэнднай стаўкай, з бьюці-майстроў і крамаў. Усё змяшалася, а што будзе далей — цяжка сказаць».

Ганна Ерахавец — прадавец у сетцы жаночага абутку «Lucky Shoes», яна ж smm-менеджарка і мае «асабістае стаўленне да бізнэсу». Кажа, што вельмі хацелася б аднавіць ГЦ «Люстэрка».

«Тут мы каля 20 гадоў, крамы ва ўласнасці. Нашы крамы ёсць у ГЦ «Няміга 3» і «Грын Сіці», яшчэ некалькі прыйшлося закрыць. У «Люстэрку» падабаецца размяшчэнне.

Сюды збольшага прыходзяць пастаянныя кліенты, якія жывуць побач. Новых арандатараў тут не з'яўляецца, а месцы ў большасці сваёй скупленыя па нізкай цане аднымі і тымі ж людзьмі.

Яшчэ адзін арэндадаўца, які здымае крамку каля трох гадоў, кажа, што крамы адзення ў ГЦ попытам не моцна карыстаюцца. Людзі ў асноўным прыходзяць да тых, хто займаецца чымсьці эксклюзіўным або аказвае паслугі. Ён якраз адзін з такіх.

«Напрыклад, пашыў адзення, друкарскі цэнтр, магазін анімэ або камп'ютарных гульняў, — пералічвае арандатар, які захацеў застацца ананімным. — Проста ў ГЦ людзі прыходзяць нячаста. Адміністрацыя ніяк не працуе над гэтым. Новых арандатараў амаль не з'яўляецца, а вось зачынілі свае крамы нямала людзей.

Але нават калі канкрэтна да нас прыходзіць дастаткова купцоў, выжываць у гэты час вельмі цяжка. Даводзіцца скарачаць выдаткі, адмаўляцца ад закупкі нейкіх тавараў».

«Паркінг»: «У пенсіянера прадаецца, вобразна, тры начнушкі за месяц»

Вольга (імя зменена) арандуе памяшканне ў «Паркінгу» каля шасці гадоў. Па яе словах, арэнда ў гэтым ГЦ апусцілася да мінімальных у Мінску значэнняў.

«Сёння арэнда складае 14 «еўра» за «квадрат». Калі мы заехалі, стаўка была каля 25—27 Еўра. Потым на працягу года знізілася да 22 еўра. Гэта быў вельмі добры кошт. Таму што да «Паркінга» мы здымалі памяшканне са стаўкай 80 еўра. На старым месцы мы засталі крызісы 2009 і 2011. Да 2016-га не змаглі плаціць такую арэнду і пераехалі ў «Паркінг».

Цяпер дзве траціны ГЦ займае «Амі-мэбля» — за кошт яе гандлёвы цэнтр і існуе. Таму што арандатараў там засталося 20—25 чалавек. Сядзіць страхавая, інтэрнэт-крама электронікі, тыя, што засталіся — ІП. Гэта ў асноўным людзі пенсійных і перадпенсійных гадоў. Іх тавар — адзенне — не эксклюзіўны, канкурэнцыі нідзе яны скласці не могуць».

Вольга разважае, што ў найбліжэйшы час у ГЦ наўрад ці што зменіцца, і называе месца бесперспектыўным.

«Пагаворваюць, што ўвесь «Паркінг» знаходзіцца ў закладзе. Я не адказваю за гэтыя словы, але такія размовы ходзяць. Рэканструяваць там нешта бескарысна: камунікацыі, выгляд — усё маральна састарэла.

Выратуе толькі бульдозер, — усміхаецца жанчына. — За ўсе 6 гадоў, што мы там, новых арандатараў амаль не з'яўляецца. Адзінае — у мінулым годзе нейкая невядомая кантора, якая пакавала ў цэлафан маскі. Ім прывозілі скрыню масак, яны іх фасавалі, клеілі бірку. Яшчэ з'явіліся электратавары і турагенцтва. Больш ніхто не заязджаў».

Па словах жанчыны, іпэшнікі тут дзеляцца на дзве катэгорыі: у адных плошчы ва ўласнасці, іншыя ж маюць іншы асноўны заробак, а гэта для іх як хобі.

«У пенсіянера прадаецца, вобразна, тры начнушкі ў месяц — для іх гэта як хобі. Ёсць пастаянныя кліенты, якія да іх прывыклі, як я называю, жонкі чыноўнікаў. А калі гэта гаспадары памяшканняў — чаго ім сыходзіць кудысьці, нешта здымаць? Я б, можа, і паехала ў іншае месца, але зараз не самы спрыяльны для таго час. Можна страціць старых кліентаў, а новых не знайсці. Адсоткаў 70 нашых кліентаў з'ехалі з краіны.

Хоць прапановы мы пастаянна маніторым. Цяпер мы выжываем толькі за кошт нізкай арэнды. Заробкі ў людзей зменшыліся — купчая здольнасць таксама».

«Працуем, каб не засмучаць кліентаў закрыццём, пра заробак гаворкі не ідзе»

«За шэсць гадоў, колькі мы ў «Паркінгу», кліенцкая база не моцна пашыраецца: месца не асабліва прахадное, а ў апошнія гады мы не ўкладаемся ў рэкламу. Новыя людзі сюды не ходзяць зусім, з кліентаў толькі тыя, хто ідзе да канкрэтных прадаўцоў. Калі людзі прыходзяць у «Амі-мэблю», то канкрэтна туды: купляюць сваю канапу ці дыванок, а мы ім не надта цікавыя, — разважае Вольга. — Для нас сысці цяпер цалкам у анлайн не варыянт. Інтэрнэт-крамай карысталіся якраз тыя 70% кліентаў, якія з'ехалі.

Сёння мы працуем таму, што кліентам сорамна сказаць, што хочам зачыніцца. У нас ёсць людзі, якія прыходзяць да нас больш за 15 гадоў. І яны ў апошнія пару месяцаў пастаянна пытаюцца: вы ж не зачыніцеся?

Мы працуем, каб заставацца на паверхні, не засмучаць нашых кліентаў. Пра «зарабіць грошай» гаворкі не ідзе».

Калі ГЦ «Люстэрка», нягледзячы на пустыя плошчы, выглядае цалкам сучасна, то «Паркінг» сапраўды адпраўляе ў мінулае. У адной краме побач прадаюцца электроніка і сантэхніка, па суседстве каляровыя будаўнічыя пальчаткі ад рубля да трох, недалёка вісяць такія ж яркія тапкі. Ёсць адносна вялікі магазін ламінату, пусты з шыльдай у колерах італьянскага сцяга «Абутак з Італіі» і астравок з касметыкай і бытавой хіміяй Amway.

«Прыходзяць і кажуць: «А запішыце мне «Вечного зову» дзесяць серый»

Асобны паказчык цэлай эпохі — крамка з дыскамі. Іх у 2022 годзе на невялікі гандлёвы цэнтр цэлых дзве. Праўда, у адзін дзень не заспелі адчыненымі абедзве, у другі працуе толькі адна. Але дыскі выстаўленыя і людзі расказваюць, што абодва пункты працуюць.

На тым пункце, дзе мы ўсё ж заспелі прадаўца, сядзяць двое мужчын і глядзяць нешта на ноўтбуку. Адзін з іх кажа, што гандлюе тут з самага адкрыцця ГЦ, але размаўляць адмаўляецца.

«Вы ж бачыце, як жыве гандлёвы цэнтр», — паказвае на шэраг закрытых ралетаў і зноў націскае play на экране.

«Дзве крамкі з дыскамі, уяўляеце? Гэта цяпер хіт продажаў, — іранізуе Вольга. — Туды ходзяць усякія бабулі, якія запісваюць Маю Крысталінскую (выдатная спявачка, нічога не магу сказаць!).

Я б не сказала, што гэта вельмі карыстаецца попытам, але ў іх ёсць кліенты. Прыходзяць і кажуць: «А запішыце мне «Вечнага зову» дзесяць серый». Яны не разумеюць, што гэта ўсё ёсць у агульным доступе».

Клас
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?