«Садысты ў вышыванках: што забыліся ва Украіне беларускія нацыяналісты»

Матэрыял з такім артыкулам апублікавалі расійскія «Известия». У ім ідзе гаворка пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны.

Прапагандысты сцвярджаюць, што мэтай стварэння батальёна Каліноўскага з'яўляецца «стварэнне міфа аб нібыта існуючай супольнасці беларускіх нацыяналістаў, якія набываюць баявы вопыт для прымянення на сваёй радзіме».

Выданне сцвярджае, што за дзейнасцю беларускіх добраахвотнікаў стаяць банальныя піяр-акцыі: для прыцягнення спонсарскай дапамогі, мабілізацыі прыхільнікаў і прапаганды ідэй. 

Вось так, на думку расійскага прапагандыста, выглядае беларускі добраахвотнік ва Украіне:

«Да крызісу сярэдняга ўзросту яны падышлі без нармальнага жыццёвага і працоўнага вопыту. Таму заўсёднікі апазіцыйных тусовак, мітынгаў і «семінараў», што ні дня не прастаялі ля станка, ні сезону не адпрацавалі ў полі, цалкам прадказальна апынуліся ў поле зроку вярбоўшчыкаў», — піша аўтар, пры гэтым не згадваючы, за якім станком стаяў ён сам.

«Паўтараючы шлях украінскіх нацыяналістаў, капіюючы іх напрацоўкі ад «Дзён вышыванак» да ідэй і метадаў працы з дзяржапаратам, беларускія нацыяналісты фактычна праграмуюць такую ж катастрофу для Беларусі», — гаворыцца ў прапагандысцкім матэрыяле.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі прапагандыст абвінавачвае, у тым ліку, беларускіх чыноўнікаў.

«Але за гэтым фактам стаяць сістэмныя памылкі, і не толькі беларускай чыноўніцкай «ідэалагічнай вертыкалі». Відавочна, ільвіная доля адказнасці ляжыць на ёй. Яе можна канкрэтызаваць, назваць прозвішчы і пасады ў розных міністэрствах і ведамствах — ад МЗС і Мінкультуры да Рады бяспекі. Без стварэння спрыяльнага клімату русафобія не заквітнела б тысячамі НКА, якія пачалі выкарчоўваць толькі пасля шоку жніўня 2020 года», — піша аўтар.

«Божа мой, якія страхі і якія прызнанні!»

Аўтар расійскага «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў ва ўласцівай для сябе іранічнай манеры напісаў пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі ў Дзень касманаўтыкі на касмадроме «Усходні». 

Фота: kremlin.ru.

Фота: kremlin.ru.

Калеснікаў спытаў у Лукашэнкі:

— Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін даручыў Дзмітрыю Алегавічу Рагозіну адправіць беларускага касманаўта ў космас. Скажыце, калі ласка, вы сябе не хацелі б паспрабаваць?

«Аляксандр Лукашэнка вельмі блізка да сэрца прыняў гэтае пытанне», — піша расійскі журналіст.

— Хацеў бы! — усклікнуў Лукашэнка. — Раней думаў, што старэйшы брат можа мяне адправіць туды і назад не вярнуць. Цяпер ужо я так не думаю, — сказаў Лукашэнка.

«Бог мой, якія страхі і якія прызнанні! Пасля 24 лютага парадніліся і праўда ўжо не на жарт», — каментуе Калеснікаў.

«Расія і Беларусь фарміруюць адзіную абаронную прастору»

Расійская дзяржаўнае прапагандысцкае выданне RT піша, што фарміраванне адзінай абароннай прасторы Расіі і Беларусі будзе прадугледжваць далейшую інтэграцыю армій дзвюх краін на стратэгічным і аператыўна-тактычным узроўнях.

«Беларусь служыць нашым трывалым флангам падчас спецаперацыі на Украіне. Перыядычна ўзнікаюць нейкія правакацыі з польскага боку, але Беларусь стаіць як камень і страхуе Расію. Становішча Беларусі дазваляе ракетнай зброі, напрыклад аператыўна-тактычным комплексам «Іскандэр», пакрываць усю Заходнюю Еўропу», — гаворыцца ў матэрыяле.

На тэрыторыі Беларусі, як і ў Калінінградскай вобласці, могуць быць размешчаныя і гіпергукавыя ракеты «Кінжал», пішуць прапагандысты.

Галоўны рэдактар часопіса «Национальная оборона» Ігар Каротчанка ў каментары RT канстатаваў, што далейшае фарміраванне адзінай абароннай прасторы Расіі і Беларусі будзе ўключаць у сябе супольнае ваеннае планаванне, умацаванне сумеснай вайсковай групы і разведкі і ўзаемную абарону ў канфліктных сітуацыях.

«Беларусь варта рабіць гарантам расійска-ўкраінскіх дамоўленасцяў»

Беларусь павінна ўдзельнічаць у перамовах Расіі з Украінай, бо яна насамрэч зацікаўлена ў іх паспяховым завяршэнні. Да таго ж Беларусь мяжуе з абедзвюма канфліктуючымі бакамі, пішуць аўтары 360tv.ru. 

На думку палітычнага каментатара Арэшава, Беларусь павінна быць непасрэдным удзельнікам любых дамоўленасцяў Расіі і Украіны, бо яна намнога больш зацікаўленая ў паспяховым ходзе перамоваў, чым тая ж Турцыя.

Пакуль што ўсе пагадненні і дамоўленасці з Украінай знаходзяцца пад вялікім пытаннем і казаць аб гарантах рана, упэўнены данецкі палітычны каментатар Уладзімір Карнілаў. Ды і стаўленне ўкраінскага боку да беларускага, па яго думку, вельмі негатыўнае.

«Пэўныя асацыяцыі са сталінскімі часамі, вядома, узнікаюць»

Палітычны аглядальнік «Коммерсанта» разважае пра апошнюю справу медыкаў-карупцыянераў у Беларусі і знаходзіць паралелі з аналагічнай справай у часы Сталіна.

«Можна ўспомніць, што ў Аляксандра Рыгоравіча з медыкамі адносіны апошнія два гады склаліся няпростыя. Былі выпадкі іх удзелу ў пратэстах. І да гэтага — у пандэмічныя часы — не ўсе разумелі пазіцыю лідара ў дачыненні да гэтай хваробы. Памятная гісторыя з лазняй і ста грамамі спірытусовага напою ў якасці прафілактычных мер супраць COVID-19. І цяпер спадар Лукашэнка ўсяляк дае зразумець: ён ведае, адкуль узяўся вірус, і гатовы прапанаваць уласны рэцэпт барацьбы з гэтым злом. Рэч у тым, што ёсць палітыка, а ёсць прафесійная вывучка, але скрыжаваць адно з адным атрымліваецца не заўсёды, таму і ўзнікае неразуменне.

Варта адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка апошні час дэманструе надзвычайную дасведчанасць. У яго ёсць адказ практычна на любое вострае пытанне нават за межамі тэрыторыі сваёй уласнай краіны — ад Аляксея Навальнага да Бучы, і адпаведныя дакументы маюцца, перахопы, агентурныя даныя — усё як мае быць», — кажа расійскі журналіст.

«Батальён імя Кастуся Каліноўскага становіцца баявым крылом апазіцыі»

Пра батальён Каліноўскага напісала і «Независимая газета». На думку выдання, з батальёна Захад робіць баявое крыло апазіцыі, якое пазней, пры жаданні, можа паўплываць на сітуацыю ў самой Беларусі.

«Вельмі паказальная асоба чалавека, імем якога названа падраздзяленне. Вікенцій-Канстанцін Каліноўскі — адзін з лідараў польскага паўстання супраць Расійскай імпэрыі 1863—1864 гадоў. Паходзіў з польскага шляхецкага роду», — піша расійскае выданне пра Кастуся Каліноўскага.

«Сувязі беларускай апазіцыі з Польшчай (у прыватнасці, супольныя героі) абумоўленыя не толькі суседствам дзвюх краін. Рэч шмат у чым у тым, што ў «рускі свет» тэрыторыя Беларусі ўваходзіць цалкам толькі ў 1795 годзе, у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. А да гэтага стагоддзямі яна належала да «польска-літоўскага свету», — дзеліцца з чытачамі сваімі гістарычнымі ведамі журналіст.

Клас
6
Панылы сорам
80
Ха-ха
18
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
34