Анатоль Шарый, скрыншот: YouTube.

Анатоль Шарый — 43-гадовы ўраджэнец Кіева, які пачаў займацца журналістыкай яшчэ ў сярэдзіне 2000-х.

Але сапраўды пераломным быў для яго 2011 год. Яшчэ ў часы Януковіча ў Шарыя ўзнікла некалькі канфліктаў з праваахоўнай сістэмай Украіны, і ў 2012 годзе ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Міліцыя абвінавачвала яго ў хуліганстве (ужыў траўматычны пісталет супраць чалавека) і інсцэніроўцы замаху на сябе, Шарый абвінавачваў міліцыю ў тым, што нібыта яна і справакавала той канфлікт з «траўматам». Паведамлялася, што Шарый папрасіў палітычнага прытулку ў Літве, але бачылі яго таксама і ў Нідэрландах.

Звышпапулярным блогерам Шарый стаў у 2014 годзе.

Шарый, які негатыўна ставіўся да Еўрамайдана і інтэграцыі Украіны ў ЕС, стварыў скандальны ютуб-блог, у якім ён, як сцвярджаў, выкрываў фэйкі галоўных украінскіх СМІ, змагаўся з прапагандай і «замбаваннем» людзей. У некаторых расследаваннях Шарыя сапраўды сустракаюцца рэальныя абвяржэнні хлусні і памылак украінскіх СМІ. Але

значная частка яго расследаванняў — маніпуляцыі, перакручванні, ссоўванні акцэнтаў, калі з дапамогай абвяржэння нейкай дробнай нязначнай дэталі блогер спрабуе абвергнуць усё паведамленне.

І Шарый гэта робіць вельмі таленавіта: у манеры простага хлопца, бадзёрым адважным голасам ён незанудліва і харызматычна паказвае сябе аптымістычным змагаром з несправядлівасцю і фэйкамі — такім медыйным Робінам Гудам.

Паколькі імідж праваахоўных органаў ва Украіне часта негатыўны, частка ўкраінскага грамадства бачыць у Шарыі сапраўднага пакутніка і ахвяру «мянтоўскага самавольства».

Хаця Шарый і пазіцыянуе сябе як незалежны журналіст і не прыхоўвае сваёй прарасійскай пазіцыі, займаецца ён амаль толькі ўкраінскімі «фэйкамі». Некаторыя нязначныя фэйкі расійскіх СМІ ён усё ж раскрывае, але ігнаруе самыя гучныя і рэзанансныя.

Адзін з галоўных мэсэджаў Шарыя: ва Украіне адбываецца грамадзянскі канфлікт, выкліканы прыходам да ўлады «бандэраўцаў». Блогер называе жыхароў Заходняй Украіны «неўкраінцамі», «паўкроўкамі», «чацвёртакроўкамі», якія да таго, як іх «вызваліў» Сталін, «падавалі супы парабкам палякаў».

Шарый здолеў канвертаваць сваю папулярнасць і ў палітычны капітал. Ён зарэгістраваў «Партыю Шарыя», сімвалам якой стаў чырвоны паветраны шарык.

Фота: sharij.net.

Маючы велізарны камунікацыйны патэнцыял, Шарый здолеў, фізічна знаходзячыся за межамі Украіны, сабраць вялікую колькасць актывістаў для сваёй партыі. Прыхільнікі «Партыі Шарыя» рэгулярна праводзілі акцыі ў буйных гарадах Украіны.

У выніку на парламенцкіх выбарах партыя, якую шматлікія сацыялагічныя інстытуты нават не хацелі ўключаць у спіс апытання, бо лічылі яе занадта маргінальнай, нечакана для ўсіх набрала 2,23%. Партыя сабрала каля 5% галасоў у чатырох рэгіёнах з вялікай доля прарасійскага электарату: Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Адэскай абласцях.

Шарый заняў цікавую нішу — ён выпускаў ролікі, якія былі па танальнасці апазіцыйныя да мінулай улады. Аднак пры гэтым ён цалкам адрозніваўся ад каналаў, звязаных з апазіцыйнымі сіламі ва Украіне. Ён наўпрост не быў звязаны з пазамінулай уладай Януковіча, і гэта дало яму пэўны крэдыт даверу.

Анатоль Шарый, фота: Wikimedia Commons.

Сам Шарый стварыў сабе імя як блогер з незалежным меркаваннем і, нібыта, роўнааддалены ад улады як ва Украіне, так і ў Расіі.

Ён у сваіх відэа актыўна праводзіў лінію на раскол украінскага грамадства па прынцыпе супрацьстаяння заходніх і ўсходніх украінцаў, рэгіёнаў і этнарэгіянальных груп. Гэта ўпісвалася ў створаны ў Маскве наратыў пра канфлікт светапоглядаў заходняга рэгіёна (які нібыта незаконна захапіў уладу) і ўсходняга (супраць яго насельніцтва і традыцый, нібыта, вядзецца вайна).

Шарый, які з'ехаў з Украіны, стаў папулярны менавіта на хвалі «апазіцыйнасці», хоць яго погляды ніколі не адрозніваліся паслядоўнасцю і незалежнасцю. Аднак публіку гэта не бянтэжыла. Ім падабаўся яго свабодны стыль і гатоўнасць «трындзець» пра ўсё. На фоне прапаганды ў многіх СМІ праца Шарыя ў YouTube была нашмат больш тонкай.

Што Шарый казаў, калі пачалася вайна?

Як і раней, Шарый сябе пазіцыянуе «не прарасійскім блогерам». У тым сэнсе, што ён не цалуе фатаграфіі «Іскандэраў» і не заклікае ўкраінцаў здацца. У сваім блогу Шарый нібыта выкрывае няпраўду і абараняе просты народ.

Аднак, хаця па форме Шарый і не прарасійскі, па змесце ён рэтрансляваў расійскія наратывы.

Напрыклад, Шарый займаўся паслядоўнай дыскрэдытацыяй дапамогі ўкраінскай арміі. Ён сцвярджае, што 98% ахвяраванняў раскрадаюць, а войска Украіны тым часам нібыта застаецца голым і босым. Шарый рабіў усё, каб гледачы ўсумніліся і менш дапамагалі ўкраінскай арміі.

Шарый увесь час, як і Мінск з Масквою, праводзіў думку, што Украіна прайграе вайну. Анатоль сцвярджаў, што ўкраінцам хлусяць аб перамогах, расійскія планы ва Украіне ажыццяўляюцца і, насамрэч, у іх ужо «практычна ўсё атрымалася».

Шарый паказвае «ўтоеныя» украінскія страты, а таксама заяўляе, што полк «Азоў» спецыяльна адправілі ў Марыупаль на знішчэнне, бо кіраўніцтва дзяржавы баіцца яго дзеянняў пасля патэнцыйнай згоды Зяленскага на капітуляцыю.

Таксама Шарый выступаў супраць супраціўлення Расіі, сцвярджаў, што Уладзімір Зяленскі пачынае раздражняць замежных саюзнікаў сваімі патрабаваннямі, заяўляў, што санкцыі толькі прымусяць Беларусь атакаваць Украіну, а санкцыі супраць «простых расіян» робяць іх антызаходнімі. Гэтыя ж мэсэджы адначасова распаўсюджвала і расійская, і лукашэнкаўская, і прыднястроўская прапаганда. 

Імаверна, спроба Расіі ліквідаваць украінскую дзяржаўнасць змусіла краіны Еўропы перагледзець сваё ранейшае ўспрыманне працэсаў, у тым ліку эканамічных і інфармацыйных. Гэта тое, чаго даўно дабівалася Украіна. У Кіеве заявілі, што Шарыя з Іспаніі экстрадзіруюць ва Украіну. Калі яго ўсё ж вышлюць, гэта можа быць знакавы момант у барацьбе з той «сеткай дэзынфармацыі», якую выбудавала Масква.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру