Інтэр'ер кватэры за 1 500 000 даляряў

Інтэр'ер кватэры за 1 500 000 даляряў

Самая дарагая кватэра ў «Доме Чыжа»

На бягучы момант у Мінску прадаецца крыху больш за 20 кватэр коштам ад аднаго мільёна даляраў.

Самая дарагая ацэнена ў $1 950 000. Столькі просяць за 4-пакаёвую кватэру ў доме каля Траецкага прадмесця, які ў народзе называюць «домам Чыжа». 

Агульная плошча — 260,8 м², жылая — 128,8 м².

«Раскошная 4-пакаёвая кватэра з надзвычайным відам на набярэжную Свіслачы і цэнтр горада», — так пачынаецца апісанне апартаментаў амаль за два мільёны даляраў. 

Кватэра прадаецца з мэбляй. У памяшканні зроблены вытанчаны дызайнерскі рамонт, у аздобе толькі натуральныя матэрыялы. Жыллё прадаецца разам з мэбляй італьянскай вытворчасці і нямецкай тэхнікай Siemens і Liebher.

Цікава, што ў чатырохпакаёўцы ёсць адразу чатыры санвузлы.

«Разыначкай аднаго з санвузлоў з'яўляецца раскошны хамам з зорным небам», — гаворыцца ў апісанні. 

«Унікальны праект у цэнтры Мінска»

Крыху танней прадаецца двухузроўневая кватэра у новабудоўлі па адрасе вуліца Мяснікова, 25. Кватэру з агульнай плошчай у 528,46 м² ацэньваюць у $1 834 280.

«Унікальны праект у цэнтры Мінска. Двухузроўневыя апартаменты з тэрасай на даху з'яўляюцца ідэальным варыянтам для пражывання паспяховых сучасных людзей», — з гэтых слоў пачынаецца аб'ява. 

Кватэра прадаецца без мэблі і тэхнікі. Затое, падобна, з мармуровай падлогай.

На першым узроўні — кухня-гасцёўня-сталовая з выхадам на вялікую тэрасу, дзве вялікія спальні з ванным пакоем і гардэробнай, гасцявы санвузел, «падсобка».

На другім узроўні — пакой з ваннай і гардэробнай, вялікая тэраса на даху з відам на горад.

Нягледзячы на тое, што гэтая кватэра па плошчы ў два разы большая за папярэднюю, колькасць санвузлоў у ёй меншая. Іх тут тры.

Адзіная кватэра на паверсе

Трэцяя па дарагоўлі кватэра ў Мінску выстаўлена на продаж за 1,8 мільёна даляраў. Знаходзіцца яна па адрасе праспект Пераможцаў, 135Б (комплекс — D3).

За гэтыя грошы вы можаце набыць шасціпакаёўку агульнай плошчай 270,2 м². Апартаменты месцяцца на 26-м паверсе. Фактычна вы набываеце цэлы паверх, бо ваша кватэра будзе адзінай на ім. У ёй тры санвузлы, чатыры балконы і гардэробная. 

З панарамных вокнаў адкрываецца від на вадасховішча. Кватэра з новым рамонтам, цалкам мэбляваная. Маецца закрыты паркінг з ацяпленнем.

«Набываючы кватэру ў D3, вы атрымліваеце не проста квадратныя метры, а цэлы спектр памяшканняў і рашэнняў для новага адчування якасці жыцця», — так апісваюць гэты жыллёвы комплекс прадаўцы.

Кавалак даху і панарамныя вокны

Яшчэ адна неймаверна дарагая кватэра прадаецца ў ЖК «Графіт» за $1 672 090.

«Панарамныя вокны надаюць будынку сучасны выгляд і даюць шмат натуральнага святла. У аздабленні ўдала спалучаюцца сучасныя экалагічныя прыродныя матэрыялы — камень і дрэва», — гаворыцца ў апісанні. Як і ў выпадку з апартаментамі ў суседнім будынку на Мяснікова, 25, жытло прадаецца без тэхнікі і мэблі.

Вітая лесвіца вядзе на тэрасу, якая знаходзіцца на даху будынка. 

Свіслацкае ракако

Роўна за паўтара мільёна даляраў выстаўлена на продаж 6-пакаёвая кватэра, якая месціцца на 12-м паверсе ў «доме Чыжа».
Агульная плошча — 309,5 м², жылая — 204,9 м². Тут есць чатыры лоджыі, два балконы і чатыры санвузлы. 

«Кватэра выканана ў класічным стылі па індывідуальным дызайн-праекце», — напісана ў аб'яве. 

Рамонт быў зроблены ў 2019 годдзе. У апісанні кажацца, што перад правядзеннем работ рабілі поўны дэмантаж тынкоўкі і сцяжкі. Маецца сістэма рэкуперацыі паветра з ачысткай і падагрэвам да пакаёвай тэмпературы, а таксама 6-зонная сістэма кандыцыянавання Hisense з прытокам свежага паветра. Выкарыстаны столевы роспіс.

Адзначана, што гаспадар кватэры пражываў у ёй не больш за тры месяцы на год.

Кватэра багатая на мастацкія элементы. Прычым не толькі ў выглядзе палоцен на сценах ці малюнкаў на столі, але і ў роспісе батарэі. Шмат пазалоты, анёлаў — у дызайнераў атрымаўся хутчэй закос пад ракако з яго мудрагелістасцю, чым пад класіцызм.

Чытайце яшчэ:

«Рыэлтары хорам кажуць, што народ пакуль у ступары». Што адбываецца на рынку нерухомасці

Клас
1
Панылы сорам
46
Ха-ха
9
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
2