Фота: Delfi

Фота: Delfi

Сейм аднагалосна прагаласаваў за адпаведную рэзалюцыю — 128 галасоў. Парламент канстатаваў, што расійскія ўзброеныя сілы здзейснілі масавыя ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны, у тым ліку ў гарадах Буча, Ірпень, Марыупаль, Барадзянка і Гастомель. Згодна з дакументам, прадугледжваецца мэта поўнага або частковага знішчэння ўкраінскай нацыі, яе духу шляхам забойства яе членаў цэлымі семʼямі, у тым ліку дзяцей, выкраданне іх, катаванне, згвалтаванне, у тым ліку і непаўналетніх, здзекі з целаў забітых і закатаваных.

«Сейм Літвы прызнае поўнамаштабную ўзброеную агрэсію супраць Украіны з боку ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі і яе палітычнага і ваеннага кіраўніцтва, распачатую 24 лютага 2022 года, генацыдам украінскага народа», — гаворыцца ў рэзалюцыі. У ёй таксама падкрэсліваецца, што ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, і што міжнародная супольнасць павінна стварыць Спецыяльны міжнародны крымінальны трыбунал для расследавання і ацэнкі агрэсіі Расіі супраць суверэннай Украіны.

Сейм Літвы заклікае да таго, каб у гэтага трыбунала былі паўнамоцтвы выдаваць міжнародныя ордары на арышт, і каб імунітэту не мелі дзяржавы ці кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ды іншыя дзяржаўныя службовыя асобы.

«Расійская Федэрацыя, узброеныя сілы якой свядома і сістэматычна выбіраюць грамадзянскія абʼекты для бамбардзіровак, зʼяўляецца дзяржавай, якая падтрымлівае і ажыццяўляе тэрарызм», — гаворыцца ў рэзалюцыі. Уварванне Расіі ва Украіну прывяло да гібелі тысяч мірных жыхароў, разбурэння грамадзянскай інфраструктуры, маюцца паведамленні аб сэксуальным гвалце над украінскімі жанчынамі і дзецьмі, выкраданні людзей і іншых злачынствах.

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1