Украінскія бежанцы. Фота: Укрінформ

Еўропа перажывае найбольшую з часоў Другой сусветнай вайны гуманітарную катастрофу. Ратуючыся ад расійскай агрэсіі, 13 мільёнаў чалавек пакінулі Усходнюю Украіну. Каля 5 мільёнаў з іх, пераважна жанчыны і дзеці, перабраліся ў краіны Еўрасаюза. Лукашэнкаўская прапаганда паслядоўна палівае гэтых абяздоленых людзей брудам.

Адзначым, што абсалютная пераважная большасць бежанцаў выехала або з Усходняй Украіны на Заходнюю, або ў Еўропу, а не ў Расію і не ў Беларусь. Нават тыя, якія ўвайшлі ў расійскую статыстыку, пераважна трапілі ў Расію проста таму, што лінія фронту адрэзала іх ад Украіны, і яны кружным шляхам, праз Расію і Беларусь, паехалі ў тую самую Еўропу. І яшчэ трэба адзначыць, што сярод бежанцаў з Украіны дамінуюць жанчыны і дзеці, бо выезд для большасці мужчын з Украіны забаронены. 

Але паслухайце, што кажуць прапагандысты.

Лукашэнкаўскі прапагандыст-міжнароднік Вадзім Ялфімаў сцвярджае, што з Украіны ў Еўропу едуць носьбіты фашысцкай ідэалогіі. 

«Больш за тое, часцей за ўсё з'язджаюць багатыя людзі, якія маюць такую магчымасць. Калі людзі бягуць, ім трэба праехаць вялікую адлегласць і 10—20 блокпастоў. На кожным з іх з вас патрабуюць хабар, інакш вас расстраляюць і забяруць машыну. Акрамя таго, па прыездзе таксама трэба ўладкавацца. Яны прыязджаюць з думкамі пра тое, што яны вырваліся, яны ў той самай Еўропе і патрабуюць да сябе адпаведнага стаўлення.

Нахабства і дзёрзкасць гэтых украінскіх нібыта бежанцаў стала пагалоскай. Гэта будзе сур'ёзная праблема для еўрапейцаў.

Калі праз беларускую тэрыторыю ішлі ўцекачы, то гэта былі проста мірныя жыхары. А тут прыязджаюць тыя людзі, у якіх мазгі часцяком прамытыя фашысцкай прапагандай. У многіх з іх вопыт баявых дзеянняў, і не дзе-небудзь у пустыні, а ў еўрапейскіх умовах», — кажа Ялфімаў, цалкам ігнаруючы той факт, што мужчынам, тым больш з баявым досведам, выезд з Украіны забаронены. 

Украінскія бежанцы. Фота: AP.

Але каго ён мае на ўвазе?

«Я ўжо не памятаю прозвішча гэтага, не ведаю, як яго назваць, які абвешаны аўтаматамі, увесь татуіраваны, кажа, што ён у Польшчы. Гэта ўжо будзе праблема для еўрапейцаў», — лжыва сцвярджае лукашэнкаўскі палітолаг.

І тут жа, супярэчачы самому сабе, Ялфімаў праводзіць ілжывыя паралелі паміж палітыкай Германіі па прыёме ўкраінскіх бежанцаў і вывазам на прымусовыя працы ў Германію падчас Другой сусветнай.

Ён расказаў, што ў гады акупацыі фашыстамі з Украіны на прымусовыя працы ў Нямеччыну было вывезена каля 2 млн чалавек за два гады.

«Уявіце суадносіны лічбаў: 3 млн за пару тыдняў і 2 млн — за два гады. Я не хачу падымаць тэму таго, як фашысты выкарыстоўвалі гэтых людзей. Але як сёння свабодныя і дэмакратычныя немцы і палякі будуць выкарыстоўваць уцекачоў з Украіны?» — кажа лукашэнкаўскі палітолаг пра дапамогу ўкраінцам у ЕС.

Літоўская нянечка Эрыка Швянчэнене, член прарасійскай партыі і самы часты госць на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах — там яе выдаюць за значнага грамадскага дзеяча, абвінавачвае ўкраінскіх бежанцаў у тым, што яны з прэтэнзіямі, ездзяць на дарагіх машынах і смецяць паўсюль.

«Мы ж бачым, калі стаіць дарагая машына ўкраінская, то каля яе яны нешта елі, усё выкінулі. Такое стаўленне да нашай краіны, як быццам гэта не краіна, а сметніца. І цяпер ужо ў насельніцтва рэакцыя іншая. Мы разумеем, што ўсё самае добрае — для іх, — адзначыла Швянчэнене.

Украінскае бомбасховішча

— Але калі бачым, як яны ў нашай краіне сябе адчуваюць, што яны робяць, у нас ужо злосць расце.

Можна сустрэць ж, можна прыняць. Але калі чалавек кажа, што яму нязручна, гэтая кватэра не вельмі ўтульная. Пытанне было такое: калі прыйдзе пакаёўка? І вось гэта ўжо нарошчвае нашу злосць», — кажа лукашэнкаўская прапагандыстка з Літвы. Гэта хлуслівае сцвярджэнне. Насамрэч, больш за 90% жыхароў Літвы выступаюць за дапамогу ўцекачам з Украіны, Літва прыняла амаль 50 тысяч уцекачоў, большасць іх пасялілі ў сваіх дамах і кватэрах звычайныя грамадзяне.

Звязаны з лукашэнкаўскімі сілавымі ведамствамі палітычны каментатар Аляксандр Шпакоўскі абвінавачвае ўкраінскіх бежанцаў у «нізкай прававой культуры» і прарочыць заходнім краінам сур'ёзныя праблемы праз іх.

«Нямецкая эканоміка мае праблемы ў сувязі з сітуацыяй у свеце. Запавольваецца эканамічны рост, высокая інфляцыя, расце ўзровень беспрацоўя. Уцекачы акажуць сур'ёзную нагрузку на сацыяльную сферу і рынак працы», — перажывае за еўрапейцаў Аляксандр Шпакоўскі.

Акрамя таго ён сцвярджае, што узровень прававой культуры жыхароў Украіны досыць нізкі. На яго думку, немцам будзе складана спраўляцца з такімі масамі.

«Цяпер нямецкая паліцыя фіксуе каля 200 выпадкаў у дзень, звязаных з канфліктамі на міжэтнічнай глебе. Гэта сутычкі паміж украінцамі і расійскамоўнымі жыхарамі Нямеччыны. У нямецкім грамадстве меркаванне адносна справядлівасці барацьбы ўкраінскага рэжыму вельмі неадназначнае», — ілжыва сцвярджае ён. Насамрэч, больш за 80 працэнтаў жыхароў Нямеччыны лічаць, што іх краіна павінна дапамагаць Украіне.

Фота: twitter.com/FureyAndrew.

Прапагандзе не трэба, каб ёй верылі. Ëй важна проста дэзарыентаваць людзей. Таму часам адны і тыя ж СМІ і каментатары спачатку сцвярджаюць, што ўкраінцам у Еўропе не радыя, а пасля — што Еўропа на ўкраінскіх уцекачах нажываецца.

Звязаны з лукашэнкаўскімі спецслужбамі тэлеперсанаж Вадзім Баравік сцвярджае, што Еўропа карыстаецца сітуацыяй ва Украіне для падсілкоўвання сваёй эканомікі.

«Зараз туды едуць украінцы, у якіх добрая адукацыя, нармальны еўрапейскі менталітэт. Ім яны выгадныя. Ім патрэбна гэтая працоўная сіла», — сказаў Вадзім Баравік.

«Агулам яны праглынуць гэтую працоўную сілу з задавальненнем. Чаму Германія, шэраг краін сёння аслабляе візавы рэжым? Старэе Еўропа. Сёння Еўропа карыстаецца сітуацыяй ва Украіне. Яны прыцягваюць гэтых бежанцаў і адпаведна будзе такое падсілкоўванне еўрапейскай эканомікі», — дадаў ён.

Падобным чынам выказваўся і Пётра Пятроўскі, яшчэ адзін палітолаг, звязаны з дзяржбяспекай.

Валанцёры сустракаюць украінскіх бежанцаў. Фота: NOS

Часта «эксперты» на беларускіх каналах супярэчаць адно адному і ў іншых пытаннях.

Напрыклад, літоўскі палітык Альгірдас Палецкіс, раней асуджаны за шпіянаж на карысць Расіі, у інтэрв’ю БелТА сцвярджае, што ўкраінскія бежанцы «адразу атрымліваюць вялізныя выплаты і выдатны прыём». І называе гэта ўсё чамусьці «расізмам», бо мігранты з беларуска-літоўскай мяжы атрымалі іншы прыём. 

Сцвярджэнне Палецкаса лжывае. Украінцы ў Літве атрымліваюць права на працу, часовую дапамогу на жытло і харчаванне, бясплатны праезд у транспарце, вызваленне ад аплаты за дзіцячы садок для дзяцей і, у некаторых выпадках, адзінаразовую грашовую выплату ў памеры некалькіх сотняў еўра. Напэўна, гэта не назавеш «вялізнымі выплатамі».

А вось Таццяна Манцян, прарасійскі палітычны каментатар з Украіны, наадварот сцвярджае, што ўкраінскія бежанцы не змогуць сядзець на грашовай дапамозе на Захадзе, і што жывуць яны горш, чым ва Украіне.

«Гэты ўвесь мядовы месяц з нашымі бежанцамі, думаю, вельмі хутка скончыцца. Таму што я прыкладна ведаю кантынгент, які ўцёк у гэтыя ўсе Еўропы. Ім усе павінны, яны недаацэненыя, — расказала Таццяна Манцян. — Але калектыўны Захад шмат гадоў расказваў ім, якія яны ўнікальныя, а цяпер яны сутыкаюцца з суровай рэальнасцю. Аказваецца, у Германіі сядзець на грашовай дапамозе не атрымаецца, трэба ісці працаваць, а працаваць эканамічна бессэнсоўна, бо зарплата прыкладна такая ж, як і дапамога. Але сядзець на дапамозе табе не дадуць. А не будзеш хадзіць на працу — табе зрэжуць дапамогу.

А яны, як ні дзіўна, прывыклі ва Украіне жыць значна лепш, чым яны цяпер жывуць у Германіі. Яны думалі, што там рай, але гэтыя ружовыя акуляры разбіліся. Людзі ўжо ў гэтых краінах, дзе ўцекачы, зусім не разумеюць, што за дзіўныя такія ўцекачы.

Украінскія бежанцы. Фота: AP.

Асабліва Заходняя Украіна паказала сябе, дзе здалі свае кватэры бежанцам з усходу, а самі прыехалі і імітуюць з сябе бежанцаў», — кажа Манцян.

Пётра Пятроўскі бачыць у жаданні еўрапейцаў прымаць украінскіх бежанцаў і не прымаць мігрантаў, прывезеных з краін Азіі на беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы, расізм. 

«Не сакрэт, што Польшча, ды і больш шырока — Еўрапейскі Саюз, апошні час сталі бежанцаў дзяліць па гатунках, па класах, правільныя ўцекачы або няправільныя. Мы памятаем мінулы год і ўжо ў гэтым годзе з'яўляюцца факты, як Польшча ставіцца да бежанцаў з Блізкага Усходу, фактычна ставячы на іх пазнаку — расава непрыдатныя».

Насамрэч, ЕС не прымаў мігрантаў з беларуска-літоўскай і беларуска-польскай мяжы ў 2021 годзе не праз іх расу ці нацыянальнасць. Проста тыя мігранты, у адрозненне ад украінскіх бежанцаў, не ўцякалі ад вайны, яны былі інструментам гібрыднай вайны афіцыйнага Мінска супраць суседзяў і ўдзельнікамі штучна справакаванага міграцыйнага крызісу. 

Расійскі палітолаг Сяргей Карнаухаў у інтэрв’ю БТ сцвярджае, што ўкраінскія бежанцы гэта ўсяго толькі «піяр-заложнікі». 

«Еўропа кожнага з гэтых людзей выкарыстоўвае ў якасці піяр-закладнікаў. Ад іх трэба інтэрв'ю, абвінавачванні Расіі. Вось для чаго яны патрэбныя там. А мы прымаем іх як блізкіх, дарагіх, родных людзей», — сцвярджае ён. 

Што стаіць за прапагандысцкімі наратывамі?

Расія нагнятае страх Еўропы перад украінскімі бежанцамі, схіляючы заходніх палітыкаў адступіцца ад падтрымкі Украіны і пагадзіцца з яе капітуляцыяй і ліквідацыяй дзяржаўнасці. Маўляў, будзеце падтрымліваць Украіну далей — атрымаеце яшчэ больш бежанцаў з Украіны. Адметна, што гэты шантаж з боку расійскіх дзяржаўных дзеячаў абсалютна адкрыты. Напрыклад, сакратар Рады бяспекі Расіі Патрушаў шчыра пужае Еўропу ўкраінскімі бежанцамі, якія, па ягоных словах, выклікаюць эканамічны і палітычны крызіс, а таксама прывязуць з сабой хваробы і крымінал.

Другі аспект — Расія сваімі наратывамі пра кепскіх украінскіх бежанцаў імкнецца адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад злачыннасці самога факта нападу на суверэнную дзяржаву. Сярэднестатыстычны еўрапеец маглі у Бучы не пабачыць, а вось распаліць нянавісць супраць украінскіх бежанцаў, якіх ён бачыць штодня, цалкам рэальна.

І трэцяе: распальваючы нацыяналістычныя настроі ў Еўропе, расійская прапаганда спрабуе дэстабілізаваць ЕС знутры, Масква здаўна робіць стаўку на левых і правых радыкалаў і еўраскептыкаў.

Але перадусім Масква раздражнёная тым, што Украіна сустрэла расійскую армію не «прыёмным дарам», а ўпартым супраціўленнем, а простыя ўкраінцы бягуць ад «вызваліцеляў».

Кампанія па дыскрэдытацыі ўкраінскіх бежанцаў — свядомая частка інфармацыйнай стратэгіі Расіі. Як бачым, лукашэнкаўцы тупа капіююць маскоўскія метадычкі.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру