Уладзімір Лобач падчас этнаграфічнай экспедыцыі. Фотаздымкі публікуюцца з дазволу Уладзіміра Лобача

«Асэнсаваць маштабы падзей найцяжэй самім удзельнікам»

— Ці правільна называць падзеі 2020 года ў Беларусі рэвалюцыяй?

— Я пазбягаю такіх гучных тэрмінаў. Гэта быў вельмі важны крок у самапазнанні, самавызначэнні, самасцвярджэнні беларусаў. Працэсы, якія імпульсіўна пазначылі сябе ў жніўні 2020 года, працягваюцца. Памылкова лічыць, што ў жніўні ўсё скончылася, мы дагэтуль знаходзімся ў эпіцэнтры. Гэта была моцная кропка, старт, дагэтуль усё працягваецца і развіваецца.

— Да якога выніку прывялі гэтыя падзеі?

— Самы важны вынік — беларусы спазналі сваю суб’ектнасць, усвядомілі сябе дзейснай сілай, незалежнай ад вонкавых фактараў і чужых ідэалагем. Яшчэ адзін вынік — гэта фантастычная салідарнасць, якая выявілася падчас тых падзей і якая дагэтуль мае месца незалежна ад таго, ці беларусы знаходзяцца на радзіме, ці ў сілу нейкіх абставін за мяжой.

Існуе даўняе правіла — у лесе лесу і не бачна. Асэнсаваць маштабы падзей найцяжэй самім удзельнікам. Пасля 2020 года беларусы ніколі не будуць такімі ж, як раней. Адбыўся вельмі важны ментальны зрух у масавай свядомасці. Увесь час улады працавалі на атамізацыю грамадства — ты сядзіш у кватэры, маеш заробак, можаш выжываць, на гэтым твая актыўнасць заканчваецца.

Насуперак гэтай палітыцы беларусы выявілі фантастычныя гарызантальныя повязі, незалежныя ад дзяржаўных інстытуцый. Самі людзі ўсвядомілі неабходнасць быць разам і прамовіць тое, што яны хочуць. Гэта найбольш і настрашыла ўвесь гэты афіцыёз. Ім непамысна, што людзі могуць аб’яднацца па-за нейкім загадам, самі сабой. Гэта іх страшыць дагэтуль, і мы можам бачыць, як гэты страх яны рэалізуюць.

— Як беларусы праяўляюць салідарнасць?

— Гэта дапамога абсалютна на розных узроўнях — матэрыяльная, фізічная, маральная, прафесійная. Было б памылкова лічыць, што дыяспара падтрымлівае гаротных беларусаў, якія апынуліся ў нялюдскіх умовах. Мае сябры, калегі, знаёмыя не менш дапамагаюць мне адтуль і ў прафесійным плане, і ў плане чалавечай камунікацыі. Салідарнасць і ўзаемадапамога не маюць межаў. Так ты не адчуваеш сябе адшчапенцам, закінутым воляй лёсу, гаротнікам. Роўна як і тыя людзі, якія цяпер там, адчуваюць плячо. Гэта прынцыпова важна.

«Вельмі цяжка бывае часам арыентавацца ў сітуацыі, калі ты сам у цэнтры падзей»

«Узаемныя папрокі на руку нашым непрыяцелям»

— Як вярнуць еднасць беларусаў, падзеленых межамі, калі тыя, хто засталіся, могуць вінаваціць тых, хто з’ехаў?

— У маім асяродку, а гэта досыць шырокае кола сяброў, знаёмых, блізкіх людзей, такой рэакцыі няма. Так што я нават не магу пазначыць з’яву як нейкую рэалію для сябе. Калі чалавек знаходзіцца за кратамі, гэта вельмі моцна перажываюць яго сваякі і блізкія. На гэтым фоне можа падацца, што эміграцыя — гэта больш лёгкі шлях.

Але з іншага боку збольшага людзі з’язджаюць не проста каб перасядзець, пабыць у цішы і спакоі. Наколькі я ведаю, усе працягваюць займацца сваёй справай, і вынікам гэтай справы бачаць вольную, незалежную і дэмакратычную Беларусь. З маштабаў таго тэрору, які разгарнуўся ў Беларусі, мне падаецца, не мае сэнсу такія абвінавачванні ў прынцыпе выстаўляць. Бо любыя падобныя ўзаемныя папрокі якраз на руку нашым непрыяцелям.

Па афіцыйных заявах можна бачыць, якім чынам яны трактуюць тых, хто за мяжой — мярзотнікі і гэтак далей. І столькі там злобы, столькі агрэсіі. Усё гэта паказвае, што гэтыя людзі — іх праціўнікі не ў апошнюю чаргу. Яны іх баяцца. Канешне, уладам ідэальна было б, каб яны ўсе апынуліся за кратамі.

— Чаму беларусы пастаянна сварацца?

— Адзінадушная на сто адсоткаў супольнасць бывае толькі на могілках — цішыня, спакой і згода. Натуральна, што людзі выказваюць свае погляды. Вельмі цяжка бывае часам арыентавацца ў сітуацыі, калі ты сам у цэнтры падзей. Таму шмат эмацыйных ацэнак, няспраўджаных прагнозаў і гэтак далей.

Важна, што людзі, якія могуць спрачацца адносна Ціханоўскай, Латушкі ці кагосьці яшчэ, адзінадушныя ў тым, што ўсе яны хацелі б бачыць вольную, незалежную, дэмакратычную Беларусь, мы на адным баку. А тактычныя моманты заўсёды зможам узгадніць, гэта другаснае.

Этнограф, доктар гістарычных навук Уладзімір Лобач

«Немагчыма маляваць вайну чорна-белымі колерамі»

— Часам цяперашнюю Беларусь параўноўваюць з 1937 годам, а Пуціна — з Гітлерам. Гістарычныя паралелі дапамагаюць зразумець сітуацыю ці гэта спрашчэнне?

— У наўпроставых параўнаннях шмат схематызму. Няможна параўноўваць Курапаты і Акрэсціна. Усё ж там дзясяткі тысяч плацілі жыццямі, і такія «курапаты» ёсць пад Полацкам, пад Магілёвам. Гэта зусім іншы ўзровень рэпрэсій.

З іншага боку, ёсць універсаліі чалавечай культуры. Можна параўноўваць расійскія войскі з салдатамі вермахта. Універсалія такая, што абсалютным злом заўсёды ёсць акупант на тваёй зямлі. Ён можа мець розную форму і размаўляць на розных мовах. А праявы абсалютнага зла могуць быць розныя. Адны «праславіліся» ў Бучы, іншыя — Хатынню.

— Які вобраз ворага намаляваны ў беларускай этнаграфіі?

— Вораг мае канкрэтнае аблічча, не было такіх універсалій, як у савецкіх падручніках. Я шмат размаўляў з людзьмі, якія перажылі акупацыю падчас Другой сусветнай вайны. У нас кожная вёска мела сваю вайну. У адной вёсцы можаш пачуць, што ўвасабленне жудасці, крыві, забойства аддзелы СС, якія праводзілі карныя экспедыцыі. У другой вёсцы ўвасабленнем абсалютнага зла будзе паліцай, які выглядае нават горшым, чым немцы. У трэцяй вёсцы гэта былі латышскія карнікі. У некаторых увасабленнем жаху мог быць і партызан-злачынец, які рабаваў.

З другога боку, шмат аповедаў пра добрых немцаў. Людзі, якія перажылі акупацыю, далёкія ад абагульнення. Немагчыма маляваць вайну чорна-белымі колерамі. Гэта заўсёды вельмі складаны пазл з тысяч фрагментаў, якія трэба ўважліва вывучаць, каб не скаціцца ў абагульненні, дзе немцы злыя, а партызаны добрыя. Усё значна складаней.

Калі мы паглядзім на ўкраінскія падзеі, то там учорашні свой, які сёння стаў на бок акупанта, трактуецца горшым, чым сам акупант. Гэтак жа было і ў беларускіх вёсках — калі ты ўспрымаў чалавека як свайго, суседа, з якім размаўляеш на адной мове, і ён раптам робіцца зверам і пачынае служыць акупантам, — такому няма даравання.

Уладзімір Лобач падчас этнаграфічнай экспедыцыі

«Ні адзін псіхічна здаровы чалавек не можа сказаць, што вайна — гэта добра»

— Чаму некаторыя беларусы гатовыя рызыкаваць сабой, выказваючы антываенную пазіцыю, а іншыя падтрымліваюць вайну?

— Мне падаецца, што тых, хто рэальна падтрымлівае вайну, абсалютная меншасць. Маё прадметнае поле — нашы вясковыя людзі. Яны як формулу паўтараюць «барані Божа, толькі не вайна». Цяпер за такое прыцягваюць да адказнасці. «Не вайне» — гэта нармальная чалавечая рэакцыя на забойствы і гвалт, інакш і быць не можа.

Усе тыя бабулі, якія могуць казаць, што ніколі так добра не жылі, як пры Лукашэнку, катэгарычна не прымаюць апраўдання вайны, бо яны вайну бачылі. Гэта не карцінкі з БТ, гэта тое, што яны бачылі на свае вочы ў фармаце рэальнага часу. У іх ніколі не павернецца язык сказаць, што вайна хоць дзе — гэта добра.

Ёсць купа людзей, атручаных прапагандай, але я падазраю, што большая частка з іх — тыя, хто не тое каб верыць хлусні, а тыя, у каго прафесія — рабіць выгляд, што яны вераць. Бо так больш выгодна і сытна жыць, і таму проста не могуць сказаць інакш. Гэта прыстасаванцы, якія мусяць ківаць галавой. І нават сярод чыноўнікаў і сілавікоў пераважная частка не хацелі б, каб вайна прыйшла ў іх дом. За іх гучнымі дэкларацыямі вельмі часта пустата. Ні адзін псіхічна здаровы чалавек не можа сказаць, што вайна — гэта добра.

— Пазіцыя «абы не было вайны» прыводзіць да кампрамісаў, якія дапамагаюць пазбегнуць вайны. Але ці могуць гэтыя кампрамісы якраз прывесці да таго, што вайна адбудзецца?

— Мы дэвальвавалі выраз «абы не было вайны» і сталі выкарыстоўваць у вызначэнні пасіўнай жыццёвай пазіцыі, прымірэнства. Мы забыліся, што зыходна азначаў гэты выраз. А я цудоўна ведаю, што ён азначае для тых, хто вайну перажыў. Для нас асабіста гэты выраз нічога не азначае, у нашай памяці няма вайны. Для тых, хто яе перажыў, — гэта правіла нумар адзін.

Калі вайна прыходзіць у твой дом, для цябе гэта як стыхійнае бедства. Гэтую падзею не адзначаюць на адрыўным календары — «заўтра вайна». Адбываецца перафарматаванне існага ладу.

Мяне ўразіў успамін партызана, для якога матывацыяй пайсці ў партызаны стала сцэнка на кірмашы ў мястэчку. Ён убачыў, як малады салдат вермахта ботам дае выспятка сталай жанчыне. Гэта так узрушыла, што вырашыў: такога не павінна быць. Таму прагназаваць, як бы кожны паводзіў сябе ў той ці іншай сітуацыі, абсалютна бессэнсоўна. Крытычная сітуацыя вучыць іншым рэакцыям, там іншы парадак рэчаў, і рашэнні прымаем па-іншаму.

«9 Мая — дзень памяці і смутку»

«Ад фанфараў мёртвыя не падымуцца і балець не перастане»

— Як сёлета зменіцца стаўленне да 9 мая ў Беларусі, Расіі, Украіне?

— Варта ўзгадаць еўрапейскую культуру памяці і тое, што апошнія дзесяцігоддзі ў нас культываваўся пафас гераізму. У Еўропе гэта культура памяці пра незлічоныя ахвяры, дзе няма месца бразгатанню вайсковай тэхнікай і фразе «можам паўтарыць». Што паўтарыць? 20 мільёнаў ахвяр? Гэта розныя парадыгмы.

Ад 1948 да 1965 года ў Савецкім саюзе 9 мая нават не быў афіцыйным святам і выходным днём. Гэта быў дзень смутку, калі ветэраны падымалі чарку і паміналі аднапалчан ці загінулых суседзяў і блізкіх. Гэта не быў дзень фанфараў і маршальскіх пагонаў на трыбунах. Думаю, што ў выніку ён зноў павінен стаць такім — днём памяці і смутку, а парадна-паказная шалупень адляціць. Канешне, Другая сусветная вайна далася ў знакі і нашай нацыі ў прыватнасці.

— Навошта савецкае кіраўніцтва перафарматавала 9 мая з дня смутку ў дзень фанфар?

— Было шмат персанальнай матывацыі Брэжнева, які на гэтым будаваў свой гераічны пафас. Узгадайце мемуары «Малая зямля», нават не помню, колькі ён разоў Герой Савецкага Саюза, бо неверагодна любіў гэтыя цацкі. Ён не мог выглядаць самотным супергероем, таму спатрэбіўся такі кантэкст.

Пасля пайшло перацягванне канатаў, прыватызацыя перамогі. Сімвалам Расіі стала георгіеўская стужка, а ў нас вырашылі пацягнуць на сябе, прыдумалі яблыневую кветку. Не так ім важная перамога, як спекуляцыя на ёй. Ад фанфараў мёртвыя не падымуцца і балець не перастане. Усё гэта набывае не зусім здаровы фармат.

«Лесу баяцца акупанты, а мы ў ім можам захаваць саміх сябе»

— Беларусь шматкроць разоў была арэнай для чужых войнаў. Як гэта адбілася на менталітэце беларусаў, як у такіх умовах народ вучыцца выжываць?

— Паўночная вайна, вайна сярэдзіны XVII стагоддзя, вайна з Напалеонам, Першая сусветная, Другая сусветная. Якую б маштабную вайну мы не ўзялі, бачым, што беларусы ініцыятарамі не былі, гэта ўсё чужыя войны, але на нашай зямлі.

Да 1970 года сярод насельніцтва Беларусі пераважалі сяляне. Для сялян неўласцівая нацыянальная ідэалогія, якую мыслім мы. Вясковаму чалавеку прынцыпова важна захаваць свой род, сядзібу і гаспадарку. Гэта базавыя катэгорыі, з якіх пасля і вырастае нацыя. У большасці цяперашніх гараджан бацькі ў першым ці другім пакаленні з вёскі. Калі б мае бабуля і дзед у час вайны не захавалі б дзяцей, то і мяне б не было. Для нас гэта сутнасна важна.

«Мы — лясная нацыя»

Для беларусаў памагатым заўсёды быў лес. Мы — лясная нацыя, лес нас ратаваў. Лесу баяцца акупанты, а мы ў ім можам захаваць саміх сябе. І ў той жа час лес — гэта месца для супраціву. Невымерныя сілы тутэйшых і ворагаў, якія прыходзілі з усходу або захаду. Таму лес, з аднаго боку, дапамагаў захаваць жыццё, а з другога — займацца партызанкай. Гэтую партызанку зведалі яшчэ маскоўскія стральцы, з імі змагаліся беларускія «шышы», нашы партызаны нападалі на шведскія абозы ў часе Паўночнай вайны, і паказвалі сябе ў наступных войнах. Калі беларуса заціскаюць у кут, ён будзе абараняцца. Бо беларусы змагаюцца за сям’ю і дом, а не «За нами Москва».

Але на тым узроўні, калі беларусы даспелі да нацыі, панятак «дом» абдымае ўсю краіну, а дзядамі мы лічым не толькі тых, хто ляжыць на нашых вясковых могілках, але і Усяслава Чарадзея, Вітаўта, Скарыну, Кастуся Каліноўскага ды Уладзіміра Караткевіча. Немагчыма пералічыць усе імёны, але гэта тыя асобы, што захавалі Беларусь для нас сённяшніх.

Беларускую вёску ад рускай у Сібіры адразу адрознівалі

«Калі чалавека адпраўлялі на вайну, то маці яму зашывала ў крысо шыняля троху зямлі з могілак»

— Чаму беларусы не кажуць «Можем повторить»?

— У беларусаў і расіян прынцыпова розная ментальнасць. Для нашых людзей ніколі не была ўласцівая імперскасць, ідэя перавагі над кімсьці, тэрытарыяльнага пашырэння і захопу. Калі і была экспансія, то культурна-гаспадарчая. Колькасць насельніцтва расла імкліва, і ў канцы ХІХ стагоддзя беларусы сутыкнуліся з праблемай малазямелля. У выніку сталыпінскай рэформы сотні тысяч беларусаў паехалі ў Сібір, каб атрымаць зямлю.

Як у Сібіры ў той час адрознівалі беларускую вёску? У беларускай бульбу разганяюць канём, а ў рускай — капаюць рыдлёўкай. Другі від экспансіі — на прыкладзе Скарыны. Вучыцца, каб вярнуцца і прывезці кнігу на радзіму.

У нас розныя ментальныя схемы і праз гэта — стаўленне да чалавечага жыцця. Для беларусаў чалавечае жыццё нават у экстрэмальных умовах, умовах акупацыі ўсё роўна было важным. Шкадавалі яўрэяў, колькі ў нас Праведнікаў міру. Трэба разумець, што за гэтым стаіць. Чалавек цудоўна ўсведамляў, што яму і яго сям’і будзе за факт ухавання яўрэя — знішчэнне ўсіх, уключна з дзецьмі. Гэта і шкадаванне савецкіх ваеннапалонных — іх таксама хавалі і выдавалі за сваякоў. Для беларуса забойства — страшны грэх. Такая ментальнасць вясковага чалавека, які ведае кошт жыцця, сваёй зямлі і гаспадаркі і не мае ніякага жадання ваяваць у чужых войнах.

Калі на беларускія землі прыйшла рэкрутчына і хлопцаў забіралі ў расійскую армію гвалтам, гэта ўспрымалі як смерць чалавека. Песні падчас іх провадаў былі падобныя да галашэння. Рэкрут, якога забіралі на турэцкую ці яшчэ якую вайну, для сваіх сваякоў і блізкіх паміраў. Такое ўспрыманне адлюстраванае ў беларускіх баладах.

Гэта наша трагедыя, што на нашу зямлю прыходзіла чужая вайна, у якой ніякага нашага інтарэсу не было. Таму задачай было захаваць сям’ю, каб твой род не згас ад набрыдлых акупантаў.

— Ці хавалі беларусы сыноў, каб тых не ўзялі ў рэкруты?

— Гэта адбывалася ў часы прыгону. Калі вы хаваеце свайго сына, то забіраюць сына вашай суседкі. Вялікая вёска мусіла выставіць двух-трох рэкрутаў. Хто пойдзе ў войска, грамада вырашала звычайна лёсаваннем. Канешне, калі ў рэкруты забіралі з сям’і, для іх гэта была трагедыя. З другога боку, аднавяскоўцы такой сям’і маглі дапамагаць у знак салідарнасці.

Калі ўжо беларус трапляў у войска, то вельмі часта яго ставілі ў прыклад як вельмі спраўнага і талковага салдата, здольнага рэагаваць на розныя экстрэмальныя абставіны. У гэтым мне бачыцца не столькі падпарадкаванне вайсковай дысцыпліне, колькі прага чалавека выжыць і вярнуцца.

У свой час уразіла адна этнаграфічная дэталь. Калі чалавека адпраўлялі на вайну, то маці яму зашывала ў крысо шыняля троху зямлі з могілак. Сімволіка тут такая: каб чалавек, прайшоўшы праз жудасці вайны, вярнуўся і быў пахаваны на сваіх могілках, а не палёг у невядомых палях.

«Вайна — не толькі героі і ахвяры»

«Карціна вайны для нас — гэта неверагодная мазаіка з дзясяткаў тысяч дэталяў»

— Чаго дасягнула прапаганда пафасу вайны?

— Я маю сотні інтэрв’ю, дзе людзі шчыра распавядаюць пра вайну. Для іх вайна — тое, што адбылося ў іх вёсцы. Ім няма справы да Першага беларускага фронту, прозвішчаў маршалаў. Для вяскоўца вялікая пагроза і небяспека — чалавек са зброяй, які прыходзіць на ганак твайго дома. І няважна, у якой ён форме. У культурным ландшафце вёскі зброя — нетыповая з’ява. Ёсць такая прыказка: «У каго наган, той і пан». Хто ў час акупацыі меў зброю ў руках, меў права на гвалт. Так як у час вайны ў вёсцы пераважна былі жанчыны з дзецьмі і старыя, то яны чалавеку са зброяй нічога не маглі супрацьпаставіць.

Ворага ацэньвалі не па ідэалагемах з тэлевізара, а па тым, што канкрэтны чалавек рабіў. Калі паліў вёску з жыхарамі — адна ацэнка, калі карміў дзяцей з палявой кухні — другая. Так што карціна вайны для нас — гэта неверагодная мазаіка з дзясяткаў тысяч дэталяў. Тое, што адбывалася ў адной вёсцы, можа абсалютна не супадаць з тым, што адбывалася ў вёсцы па суседству. Кожная вёска мела сваіх герояў і здраднікаў. Пафас, які культывуецца афіцыйнай прапагандай, грунтуецца на ідэалагеме герояў і ахвяр. Праз ахвяр паказваюць жудасць акупацыйнага рэжыму, і ў гэтым ёсць шмат справядлівага. І героі, без якіх не было б перамогі — пасыл такі.

Паміж дзвюма гэтымі опцыямі застаюцца ў цені маўклівай большасцю людзі, якія гэта ўсё перажылі. Яны не проста сведкі, немагчыма тры гады акупацыі сядзець і глядзець у акно. Ты мусіш жыць, сеяць жыта, гадаваць дзяцей, пячы хлеб партызанам. У цябе няма часу прыкідвацца пакутнікам. Часам даводзіцца жыць у вельмі жудасных умовах.

Страшна і балюча слухаць людзей, калі яны ўзгадваюць карныя экспедыцыі, якія былі там, дзе была партызанская актыўнасць. Але гэтыя людзі не пазіцыянуюць сябе ахвярамі. Яны мусілі жыць і мець сваю стратэгію выжывання, іначай не мелі шанцаў. Гэтыя людзі не пачутыя, іх праўда нікому не патрэбная, бо вельмі часта супярэчыць афіцыйным дактрынам. Ад іх шмат непрыгляднага можна пачуць і пра партызан. У савецкія часы было забаронена казаць пра карныя падраздзяленні са складу народаў былога СССР, бо «інтэрнацыяналізм» і «дружба народаў». Замоўчвалі, напрыклад, хто прымаў удзел у карнай аперацыі ў Хатыні, дзе немцаў была абсалютная меншасць. Табуяваны быў Халакост.

У афіцыйным ігнараванні гэтых людзей мне бачыцца злачынны намер, бо праз дзесяць гадоў іх проста не стане. Пераказы, «мне мама гаварыла» — гэта трохі іншае.

— Ці праўда, што калі мы малюем беларуса, атрымліваецца вобраз пакутніка?

— Я не бачу пафасу пакутніцтва і блізка ў сталых людзей. Нават калі яны пачынаюць расказваць, чым харчаваліся, слухаеш пра голад, і тут жа кажуць: «а як вясёла было, як мы спявалі! На працу ішлі — спявалі, з працы — спявалі, так дружна жылі!». Так, вайна, голад, спусташэнне, але гэта быў час іх маладосці. Нават у крытычны час яны знаходзілі магчымасць быць на пазітыве.

У размовах з вяскоўцамі сутыкнуўся з тым, што там шмат болю і страху дагэтуль, бо чалавек быў на валаску ад гібелі. Але ніколі не сутыкаўся, каб на гэтым спекулявалі. Чалавек проста расказвае пра трагічны перыяд жыцця. Калі ў «рускага парня» «душа нараспашку», то ў беларуса пазітыў для ўнутранага спажывання і моцы. Пазітыў можа быць ад выдатна зробленай працы, як яблынька завязалася, як унукі гадуюцца.

«Нашая дзяжа яшчэ мусіць выспець, і тады мы спячом свой бохан»

— Якімі будуць фіналы ў цяперашніх рэжымаў у Беларусі і Расіі?

— Немагчыма ваяваць з цывілізацыяй і выступаць на баку ўчорашняга дня. Гэта не мае шанцу на жыццё. Як гуманітарый я бачу, што людзі, якія не чытаюць кніг, таксама шанцаў не маюць. Нават рэдкія спробы бліснуць, напрыклад, пра вершы Быкава, выглядаюць камічна. Ясна, што ў гэтым будучыні няма.

Рэсурсам застаюцца толькі сілавікі, а не культурныя ці тэхналагічныя дасягненні. Гэта абсалютная пустата, якую спрабуюць прадаваць за міфічную стабільнасць або сацыяльную дзяржаву. Такі абсурд не мае шанцу нават у сярэдняй перспектыве. Пра фінал для пэўных персаналій памысліць не магу, бо не магу пабачыць, якія кашмарныя сны ім сняцца.

«Прыйдзе час, і мы спячом свой бохан»

— Колькі часу спатрэбіцца Беларусі, каб нармалізаваць адносіны з Украінай?

— Нам варта дачакацца перамогі Украіны і перамогі беларусаў у сваёй краіне. Тады будзе магчымасць нам пагаварыць паміж сабою. Цяпер вельмі шмат «але», якія ад нас не залежаць, як, напрыклад, ракеты з тэрыторыі Беларусі. Яшчэ час не прыйшоў, каб мы сустрэліся і пагаварылі, але ён абавязкова прыйдзе.

— Што чакае Беларусь пасля заканчэння вайны ва Украіне?

— Жнівень 2020 не скончыўся. Незалежна ад знешніх фактараў мы мусім паспяхова скончыць сваю пачатую справу. Тут не варта прыглядацца і рабіць наўпроставыя паралелі з суседзямі — у Польшчы было так, а ў Чэхіі вось так.

Хлеб немагчыма спячы, пакуль не падыдзе цеста, пакуль яно не выспее ў дзяжы. Калі ў аднаго суседа гэта адбылося днём раней, у другога на тры дні раней, то нашая дзяжа яшчэ мусіць выспець. І тады мы спячом свой бохан.

Клас
57
Панылы сорам
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?