Леанід Краўчук паходзіў з Заходняй Украіны, ён нарадзіўся 15 студзеня 1934 года ў сяле Вялікі Жыцін Ровенскай вобласці. 

Падчас ягонага нараджэння ягоная радзіма была часткай Польшчы, адпаведна і Краўчук меў у дзяцінстве польскае грамадзянства. Гэты факт меў немалое значэнне для партыйнай кар'еры, бо людзей з такім паходжаннем неахвотна вылучалі на высокія пасады, а стаць 1-м сакратаром ЦК КПУ было нерэальна.

Але ў часы, калі Савецкі Саюз стаў хіліцца да распаду, паходжанне, а галоўнае — ідэалагічная незашоранасць Краўчука сталі ягоным не мінусам, а плюсам. Нават партыйнай замшэлай сістэме сталі патрабавацца людзі з новым мысленнем. А ва ўмовах нацыянальных рэспублік — і з добрым веданнем нацыянальнай мовы. Для Краўчука ж, як для заходніка, украінская была роднай, і карыстанне ёй праблем не выклікала. Тады гэтым мог пахваліцца далёка не кожны дзяржаўны дзеяч.

Хоць Краўчук даслужыўся ў камуністычнай сістэме да сакратара ЦК КПУ па ідэалогіі, у канцы 1980-х ён добра зразумеў, куды дзьме вецер. І замест таго, каб далей рухацца па партыйнай лініі, стаў у 1990-м годзе старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны, а ў пачатку снежня 1991-га — прэзідэнтам. 

Найбольш вядомы ўсяму свету подпіс у якасці прэзідэнта быў пастаўлены Краўчуком літаральна праз некалькі дзён пасля абрання на пасаду — 8 снежня 1991 года ў Віскулях у Белавежскай пушчы. Нават калі б ён не зрабіў нічога больш — гэта ўсё адно ўнесла б ягонае імя ў гісторыю.

Прэзідэнтам Краўчук, праўда, быў не вельмі паспяховым. Пад уплывам крытыкі ў 1994 годзе ён пагадзіўся на датэрміновыя выбары і прайграў іх былому прэм'ер-міністру, а да таго дырэктару буйнога завода «Поўдзеньмаш» у Днепрапятроўску Леаніду Кучме. Улада ў Беларусі і Украіне змянілася, дарэчы, практычна з розніцай у адзін дзень. 19 ліпеня 1994-га на пасаду заступіў Леанід Кучма, а 20 ліпеня — Аляксандр Лукашэнка. Пасля таго гісторыя двух блізкіх па мове і культуры народаў пайшла зусім рознымі шляхамі. 

Краўчук як палітык — асоба зусім не адназначная. У ягонай палітычнай біяграфіі і пасля адстаўкі былі розныя нечаканыя павароты, у розны час ён палітычна супрацоўнічаў і з Віктарам Медзвядчуком, і з Віктарам Януковічам. Але ў цэлым, відаць, ягоны ўклад у гісторыю Украіны будзе ацэнены станоўча. І хаваць свайго першага прэзідэнта ўкраінцы будуць, аддаючы яму ўсе знакі пашаны.

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
23
Абуральна
1