Уладзімір Пугач: «Не магу зразумець логікі пабудовы палітыкі, што ажыццяўляецца дзяржавай». Фота: zvuki.ru

«Наша Ніва»: Ці правільна разумею, што сёння J:Морс — група вагантаў, якой адчыняюцца дзверы ва ўсіх дамах, акрамя роднага?

Уладзімір Пугач: Мы не ўсюды запытвалі, канешне — не ў кожны куток свету зазірнулі (смяецца). Аднак сутнасць сцверджання слушная: зараз у Беларусі не выступаем. І на тое ёсць цэлая купа прычын. Яна, на вялікі жаль, датычыць не толькі нас, але і амаль усіх свядомых дзеячаў мастацтва краіны. Таму не вылучаў бы J:Морс з гэтага даўжэзнага ланцуга высакародных людзей.

Відавоча, што і ўсходнеславянскім краінам, куды звычайна вырушвалі на гастролі, зараз не да арганізацый канцэртаў — там усе занятыя вайной. Таму геаграфія гурта абмежаваная.

«НН»: Ці ўплывае музычнае дысідэнцтва на вашу ўнутраную свабоду?

УП: Калі ў свеце адбываецца калапс — і цэлая краіна (Расію маю на ўвазе) едзе з глузду, гэта адбіваецца на цэлым рэгіёне. У тым ліку і на нас. Канешне, можна сказаць: «Ну вось, нарэшце, ты выйшаў з зоны камфорту: узяў валізку, гітару ды паехаў на гастролі». Але калі мы казалі «было б ідэальна працаваць у Еўрасаюзе», то мелі на ўвазе зусім не гэта (смяецца). Займацца аўтатрэнінгам мае сэнс крыху ў іншых умовах.

«НН»: Для J:Морс трапленне ў «чорныя спісы» — не навіна. Прызнайцеся, ці надараліся ў групе канфлікты з гэтай прычыны? Напэўна ж, далёка не ўсе гатовыя былі губляць грошы з-за перакананняў?

УП: Ніколі, ні разу — шчыра кажу. Справа ў маім прынцыповым падыходзе да камплектавання гурта. Калі прапаную музыку супрацу, то галоўным фільтрам выступаюць яго чалавечыя якасці. Канешне, прафесійныя навыкі таксама важныя, але майстэрства бяру да ўвагі толькі ў другую чаргу.

Крытычна важна, каб вытрымаў з гэтай асобай гастролі, каб было пра што пагаманіць, каб супадалі погляды ды характары. Калі аднолькава ці вельмі падобна глядзіш на жыццё, то ў музычным сэнсе абавязкова «шчоўкне». І наадварот: нават самы таленавіты ды віртуозны музыка не затрымаецца ў калектыве, калі вы глядзіце на рэчаіснасць праз розную прызму каштоўнасцяў.

«НН»: Тады падказвайце лайфхак: тры крытэры, якім кандыдат вінен адпавядаць на суразмоўі з Уладзімірам Пугачам?

УК: Авохці, ну я ж не карпарацыя, каб ладзіць суразмоўі з папярэднімі турамі ды фіналам (смяецца). Па-першае, гэта вінен быць неканфліктны чалавек. Па-другое, з блізкім светапоглядам. Ну і, канешне, ён павінен быць прафесіяналам, бо музыка ўсё ж такі гэта наша асноўная дзейнасць. І трымаць узровень J:Морс абавязаны.

Уладзімір Пугач: «Мы сталі сведкамі глабальных метамарфозаў у грамадстве». Фота: telegra.ph

«НН»: А ў вас ніколі не было спакусы пайсці на ўгоду з уласным сумленнем — і, як шматлікія музыкі, адмежавацца ад знешняга свету і жыць у «муры са слановай косткі»?

УП: Па натуры я чалавек неканфліктны, незлаблівы. І калі мяне не чапаць, ніколі ўвогуле наваколле не патурбую.

Але тое, што адбывалася навокал апошнімі гадамі — у нас у краіне, у суседніх дзяржавах — пачало выклікаць сапраўдную раз'юшанасць. Люць, як зараз кажуць украінцы. І гэта такая мяжа, пераход праз якую незваротны. Альбо ты сябе паважаеш і актыўна рэагуеш на падзеі навокал, альбо ўвогуле перастаеш успрымаць сябе як асобу.

Мне падаецца, усе з такім выбарам сутыкнуліся — і кожны зрабіў крок у той ці іншы бок. На сярэдзіне застацца было немагчыма, як да 2020 года, калі большасць насельніцтва Беларусі з'яўлялася апалітычнай.

Бо падзеі таго жніўня закранулі кожнага ды пацягнулі за сабой рэакцыю ў адказ. Не таму, што спрацавалі нейкія трыгеры палітычнай альбо грамадзянскай культуры грамадства. Гэта быў, як кажуць, «пераход на асобы». І людзі не маглі застацца абыякавымі.

Я не выключэнне, таму і апынуўся ў тым становішчы, у якім існую сёння. Як і дзясяткі іншых беларускіх музыкаў.

Горш за тое, сёння ў Беларусі пануе рандом. Не магу зразумець логікі пабудовы палітыкі, што ажыццяўляецца дзяржавай. Каго і па якіх крытэрыях затрымліваюць, на што заплюшчваюцца вочы, каму якія ўчынкі даруюцца… Сыходзячы з учынкаў, падаецца, палову насельніцтва краіны можна было б толькі падчас нашай размовы затрымаць.

Іншы прыклад. Зараз знаходжуся ў Варшаве — прыехаў сюды, бо мне патрэбна зарабляць, а не сядзець, склаўшы рукі. Так, не магу выступаць дома. Але я з радзімы не з'язджаў, не збягаў ні ад каго — хутчэй, ажыццявіў «працоўную рэлакацыю». Хай сабе і вымушана. Я шчыра люблю краіну, дзе гадаваўся і правёў большую частку жыцця. Планую там бавіць свае гады і далей. Ды пры першай жа магчымасці планую туды вярнуцца.

«НН»: Уладзімір, чаму людзі прыслухоўваюцца да прапаганды больш уважліва, чым да тэкстаў песень альбо зваротаў улюбёных выканаўцаў?

УП: Відаць, чалавек так створаны: калі сто разоў на дзень яму з афіцыйных крыніц прамаўляць «ты свіння» ды казаць, што інфармацыя заслугоўвае даверу, на сто першы ён зарохкае. Узгадайце, як мы смяяліся ды кпілі з той плыні ТБ-фантасмагорыі, што абрыньвалася на Расію з пачатку стагоддзя. А яна накрыла ўсіх з галавой і прымусіла з гэтай тванню зжыцца.

Не ведаю, што ў лютым напужала больш: сам факт вайны альбо статыстыка апытанак наконт падтрымкі ўварвання з боку тамтэйшых жыхароў. Канешне, яшчэ спрэчны момант, ці варта ўвогуле верыць усім гэтым «анкетаванням». Бо ў таталітарнай краіне падтасоўка фактаў — звыклая справа. Тым не менш нават калі «прапуцінцаў» зараз не 80, а 50 адсоткаў, гэта жудасна. Значыць, калі заліваць чалавеку лухту не толькі ў вушы, але і ў сэрца з мазгамі — ды яшчэ цягам доўгага часу — ніякія песні яе адтуль не выціснуць.

Што ж, застаецца засведчыць: мы сталі сведкамі глабальных метамарфозаў у грамадстве. Яны адбываюцца заўсёды, аднак асэнсаваць ды заўважыць іх даецца не кожнай генерацыі. Памятаеце, як такім жа незаўважным чынам у 30-я гады мінулага стагоддзя адна дэмакратычная краіна дэмакратычным шляхам спачатку абрала канцлерам Гітлера, пасля забараніла габрэям карыстацца пешаходнымі пераходамі, а надалей стварыла ў Варшаве гета? Вось так і зараз у грамадстве нешта вельмі сур'ёзна трансфармуецца. І, на вялікі жаль, ніхто ад гэтага не застрахаваны.

Цывілізацыя, канешне, стварыла пэўныя абарончыя механізмы кшталту дэмакратычных інстытутаў, як бы смешна зараз гэта ні гучала. І яны збольшага працавалі цягам гістарычных эпох — не як ахова, хутчэй, а як страховачны трос. Але нам не пашанцавала: геапалітычны зрух па сваёй моцы сёння апынуўся больш моцны за гэтыя канструкцыі.

Гэта жудасна. Бо калі ты чытаеш пра нешта падобнае ў Васіля Быкава ці Рэмарка, то разумееш: аповед ідзе ад імя чалавека, непасрэдна звязанага з вайной. А бывае так, што тэлефануеш швагру, які на ўласнай машыне едзе па Украіне ды намагаецца ўратаваць дзетак — і ён распавядае, што не ведае, калі вернецца. Бо няма куды: яго дом месціўся ў Ворзелі, што ля Бучы. Па сутнасці, з фронтам гэта гісторыя не звязаная, але жудасці ў ёй не менш.

Як не менш жудасна асэнсоўваць тое, што твая краіна, паводле класіка, ператварылася ў раскіданае гняздо. Бо усе тыя людзі, з кім звыкся камунікаваць на радзіме, з'ехалі за мяжу. Таму Мінск для мяне сёння сапраўдная пустэча. Гэта ж таксама вайна — супраць уласнага народа…

Спадзяюся, што мае суайчыннікі, беларусы, сёння ў значна меншай ступені падтрымліваюць агрэсію, чым расіяне. Нават упэўнены ў гэтым, ад чаго на душы становіцца лягчэй. Але сам факт таго, што нашу тэрыторыю выкарыстоўваюць для пускаў ракет па Украіне, бянтэжыць ды пужае.

«НН»: Пасля пачатку вайны вы пыталі ў відэазвароце: «Хачу міру. Гэта многа?». Праз тры месяцы баявых дзеянняў патлумачце: калі гэта жаданне мільёнаў людзей, чаму яно не спраўджваецца?

УП: Ад таго, што сем мільярдаў людзей адначасова будуць прагнуць палёту ў космас, ракета ад зямлі не адштурхнецца. Аднаго жадання недастаткова — трэба дзейнічаць: хтосьці раней гэта робіць, хтосьці пазней.

На вялікі жаль, у краін розныя болевыя парогі. Ва ўкраінцаў няма іншага выйсця зараз, толькі змагацца. Мы знаходзіліся ў іншых абставінах — відавочна, і паводзілі сябе інакш. Таму і жаданні кожнага народа спраўджваюцца з рознай хуткасцю.

«НН»: Вось вы настолькі грунтоўна разважаеце, што так і хочацца прапанаваць: можа, у палітыку? Юрыдычная адукацыя з жыццёвым вопытам ёсць, хутка выбары, а перад вачыма ёсць прыклады Вакарчука ды Зяленскага…

УП: Магчыма, вы здзівіцеся, але лічу палітыку складаным ды мярзотным заняткам. Тыя прафесійныя дэфармацыі, што характэрныя доўгавечнікам у гэтай прафесіі, вымушаюць людзей авалодаць тымі якасцямі, якімі я пагарджаю. Напрыклад, крывадушшам. Ніколі не хацеў і не маю такіх амбіцый, як палітычная кар'ера.

«НН»: Аднак філосафы сцвярджаюць, што часцей за ўсё людзей істотна мяняюць велізарныя грошы, слава альбо ўлада над іншымі людзьмі. Калі ўзгадваць лёс J:Морс, дэфармацыі таксама павінны былі вас напаткаць.

УП: Давайце пачнем з таго, што да ўлады я ніколі не цягнуўся. Яна не ўзбуджае, не «трыгерыць» дый не было нічога падобнага ў жыцці. Нават нягледзячы на статус лідара невялікага музычнага калектыва, не магу назваць свае дзеянні кіраваннем. Хутчэй J:Морс — гэта суполка аднадумцаў, якая разумее, куды рухацца. Ніхто адзін аднаму дарогу не паказвае.

Што да грошай, якім бы ты ні быў папулярным, беларускі шоў-бізнэс — не тая сфера, дзе можна азалаціцца. Тым больш у апошнія гады. Ну а слава… Так, быў перыяд, пэўна, гадоў 15 таму, калі мяне ўпершыню пачалі дзесьці пазнаваць — і гэта стукнула па галаве. Але калі ты не ідыёт, то гэтую праблему адужаеш. Як падаецца, здолеў са сваімі дэманамі на гэты конт дамовіцца.

«НН»: Вы ўплываеце на многіх у Беларусі і за яе межамі. А хто за апошні год паўплываў на Уладзіміра Пугача? Давайце тройку назавём.

УП: Мой малодшы брат Міша. Пісьменнік Юваль Ной Харары. А трэці… Уладзімір Пуцін. Нечакана, кажаце? Ну, чаму ж. У сувязі з тым, якія рашэнні ён прымае, мне стала больш зразумела, у якім свеце мы жывем. Гэта не станоўчая адзнака, вы ж разумееце. Але запыт быў пра тых, хто паўплываў, а не захапляў.

«НН»: Каб не сканчваць гутарку Пуціным, давайце лепей пра нешта светлае. Што вы прыгадваеце самі апошнім часам, каб зразумець — усё будзе добра?

УП: Ведаеце, калі быў у Мінску, пачаў ужо думаць, што тая плыня ўзаемападтрымкі, натхнення і аптымізму, якая несла людзей Беларусі да зор у 2020-м, рассасалася ды знікла. Аднак зараз я ужо трэці тыдзень у Варшаве — і з кожным днём усё больш ясна разумею: зіхаценне не знікла, а проста крышку зрушыла ў геаграфіі.

Дапамога адно аднаму, упэўненасць у сілах, прага працаваць — тое, чаго ў Беларусі зараз проста няма — яно ўсё тут. А таксама ў Кіеве, Вільні ды яшчэ сотнях гарадоў, дзе апынуліся нашы годныя людзі. Мне было вельмі прыемна глядзець тут суайчыннікам у вочы, бо тыя вочы гараць, а не апускаюцца долу, як шмат каму б хацелася ў высокіх кабінетах Мінска.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама:

«Нехта скажа: залез пад плінтус. А я стараюся не загразнуць у багне». Шчырая гутарка са Змітром Вайцюшкевічам

«Мы прайшлі праз гвалт і аказаліся ў свеце нікому не патрэбныя». Анастасія Шпакоўская пра калектыўную віну, вайну і творчасць 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру