Маці Соф'і Сапегі дала інтэрв'ю «МК», яна назвала учынак Рамана Пратасевіча агідным. Сям'я Сапегі нічога пра жаніцьбу не ведала.

«Мы прачыталі, што з гэтай нагоды напісаў сам Пратасевіч. Гэта агідна, — сказала маці Сапегі Ганна Дудзіч. — Я проста хачу нагадаць Раману адзін эпізод. Калі іх ужо арыштавалі, нам дазволілі сустрэцца з Пратасевічам у Мінску. Ён распавядаў мне, як любіць маю дачку. Тады ў мяне слёзы навярнуліся. Вельмі кранальны момант быў….»

Жанчына асцерагаецца, што Пратасевіч напіша Соф'і пра сваё вяселле. «Хочацца яму сказаць, каб ён не рабіў гэтага. Я вельмі баюся, што дачка даведаецца пра яго ўчынак. Я як жанчына ўяўляю, які гэта будзе ўдар для яе. Шостага мая ёй вынеслі прысуд, а праз тры дні Раман жаніўся. Дай бог, каб усё гэта было шчыра, а не па сцэнарыі. Але, у любым выпадку, мала прыемнага», — сказала яна.

На думку маці Соф'і, нават калі пара даўно прыняла рашэнне аб расставанні, як пра гэта казаў Пратасевіч, «калі людзі разам трапляюць у бяду, такія рашэнні ў адзін момант забываюцца».

«Чытаць яго апраўданні было брыдка. Я дала сабе слова, што больш не буду нічога чытаць і глядзець. Спадзяюся, Соф'я потым зразумее, што выбар трэба ў жыцці рабіць трошкі інакш. Яна памылілася ў сваім выбары. Хоць, я ўпэўненая, яна ўжо сама ўсё зразумела», — сказала Ганна Дудзіч.

Яна расказала і пра спатканне з дачкой на наступны дзень пасля прысуду.

«Ніколі не магла падумаць, што за суткі чалавек можа так змяніцца. Соф'я на судзе і на спатканні — неба і зямля. Яна сядзела ўся скурчаная, жаласная настолькі, што… і ўвесь час паўтарала: «Мама, мама, мама». І плакала. Казала: «Мама, ведаеш, здаецца, я за гэтыя суткі стала забываць сябе, якая я была раней. Я не хачу сябе забываць». Я супакойвала, што такога не павінна адбыцца. Мабыць, стрэсавы стан дае такі эфект. Слухаць яе было цяжка».

Тым часам пацярпелы бок — сілавікі, чые імёны невядомыя — прад'явіў Соф'і іск у 70 тысяч даляраў.

«Не ведаю, дзе мы возьмем такія грошы пры заробку 300 даляраў. Будзем збіраць. Без пагашэння іску мы не можам падаваць на памілаванне, — сказала маці Соф'і. — Як я разумею, акрамя маральнай шкоды, там больш нічога не было, ні збіцця, ні псавання маёмасці. Дай бог, каб гэтыя грошы прынеслі ім і іх дзецям шчасце».

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
15
Абуральна
48