«Незразумела, ці не будзе новых мутацый»

У Міністэрстве аховы здароўя прагназуюць, што да восені інфекцыя павінна перайсці ў непандэмічную, сезонную фазу.

Згодны з чыноўнікамі доктар Валерый Лышчык, які быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гродзенскай універсітэцкай клінікі, а цяпер працуе ў Польшчы:

«Вірус змутаваў да той ступені, у якой праявіўся «амікрон» — вельмі лагодны тып, які не выклікае цяжкіх наступстваў і ўскладненняў. Гэта, можна сказаць, адзін з мноства вірусаў, на якія хварэе чалавецтва. Амікрон-штам, які прыйшоў у Беларусь у канцы 2021 года, а пасля і падвід «стэлс-амікрон» не давалі такой нагрузкі на грамадства і медыцыну ў плане смяротнасці і шпіталізацыі. Калі вірус застанецца на гэтым узроўні і не будзе далей мутаваць, то мы сапраўды будзем суіснаваць з ім, як з яшчэ з адной хваробай — такой, як сезонны грып, напрыклад».

Валерый Лышчык. Фота: асабісты архіў.

Кавідныя паслабленні назіраюцца не толькі ў Беларусі, дзе нават у разгар пандэміі да інфекцыі ставіліся безадказна, але і ў шматлікіх еўрапейскіх краінах: адчыняюцца межы, знікае абавязак насіць маскі ва ўсіх грамадскіх месцах без выключэння. Наколькі доўга сітуацыя будзе падкантрольнай? Інфекцыяністы тут не могуць сказаць на 100%.

«Усё залежыць ад віруса: калі ён пачне мутаваць у кірунку, якім і ішоў — ад мацнейшага да слабейшага, калі ён перастаў быць агрэсіўным, тады мы зможам даць яму рады. Але можа быць і другі варыянт: вірус змутуе ў нейкі новы штам, падобны да «дэльты» ці іншага, які выклікаў пандэмію і прынёс вельмі шмат смерцяў. Ніхто не можа прадказаць будучыню дакладна, бо мы ўсё яшчэ не да канца разумеем прыроду віруса», — кажа Валерый Лышчык. 

Спецыяліст аднаго з раённых цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі ў каментарыі «Нашай Ніве» выказаў здагадку, што новы ўздым захворвальнасці магчымы восенню: 

«Думаю, бліжэй да восені ўздым будзе. Можа, не такі значны і, магчыма, будзе працякаць лягчэй, бо ўсё ж нейкі імунітэт у насельніцтва ўжо ёсць, а вірус за два гады «паразгубіў» сваю моц».

Пагаджаецца з калегамі Ігар Таболіч, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які два гады прапрацаваў у кавідных стацыянарах. Але ён выказвае асцярогу: з вялікай верагоднасцю магчымыя новыя мутацыі, якія дойдуць да нас з таго ж Кітая, і тады казаць пра каранавірус толькі як пра сезоннае захворванне не прыйдзецца.

«Хоць афіцыйнай статыстыцы Мінздароўя даверу і мала (яна пішацца «пальцам у неба»), усё ж паўсюдна сапраўды назіраецца тэндэнцыя на зніжэнне колькасці захворванняў. Тут грае ролю праслойка вакцынаваных і тых, хто натуральна перахварэў.

Але паралельна, напрыклад, існуе той жа Кітай з палітыкай «нулявой цярпімасці». Яны займаліся ізаляцыяй усіх, хто хоць неяк сутыкаўся з каранавірусам, праводзілі сур’ёзныя эпідзахады. І на гэтым фоне ў іх натуральны імунітэт вельмі нізкі. У іх утварылася вялікая праслойка людзей без імуннага адказу, пайшоў рост колькасці захворванняў. І незразумела, ці не будзе вялікай папуляцыі новых мутацый, якія дойдуць да нас і ўтвораць пагрозу, выклікаўшы новыя хвалі.

Ігар Таболіч. Фота: асабісты архіў.

Праўда, на маю думку, калі рост колькасці захворванняў і пойдзе, то будзе адносна невялікім, зноў жа, з улікам утворанага імунітэту. З меншымі цяжкасцямі і смяротнасцю», — лічыць Ігар Таболіч.

Па ўсіх паказчыках Беларусь фармальна апынулася наперадзе краін-суседак

Па стане на 10 мая (згодна з афіцыйный статыстыкай), з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 982 тысяч 867 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Памерлі 6 тысяч 978 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй. Вакцынаваныя — 5 979 000. Па ўсіх паказчыках Беларусь фармальна апынулася наперадзе краін-суседак: у нас і меншая захворвальнасць, і найменшы паказчык смяротнасці. Але пры гэтым акурат пасля пандэміі Белстат схаваў ад насельніцтва падрабязную статыстыку па смяротнасці і нараджальнасці.

Праўда, калі казаць пра выпадкі новых захворванняў у іншых краінах, то на сёння сітуацыя сапраўды выглядае больш-менш стабілізаванай у параўнанні з тым жа сакавіком: у Польшчы 13 мая зафіксавалі 469 выпадкаў новых інфікаваных (супраць 12690 у сярэдзіне сакавіка), у Літве — 146 (супраць 6428), у Расіі — 4896 (супраць 36 678).

Ілюстрацыйнае фота

«Сярод пацыентаў са здаровым ладам жыцця смяротнасць ніжэйшая»

Медыкі не раяць зусім адкатвацца ў бесклапотныя дапандэмічныя часы ў плане адсутнасці хоць якіх мераў бяспекі. 

«Мыць часцей рукі — заўсёды добра, не толькі ў сувязі з кавідам. Гэта выключае рызыку таго ж рынавіруса, ротавіруса і іншых. Але насіць маскі ва ўсіх памяшканнях, калі не з’явіцца нейкі небяспечны штам віруса, большай частцы насельніцтва не абавязкова. Гэта актуальна для тых, хто мае хранічныя захворванні, пажылых людзей — каго можа «дабіць» любая новая вірусная хвароба», — лічыць Валерый Лышчык.

Што тычыцца вакцынацыі і рэвакцынацыі — кожны мусіць вырашыць для сябе.

«Асабіста я пакуль думаю і далей рэвакцынавацца, каб сябе дадаткова засцерагчы. Маску ж буду насіць у момант уздыму вірусных інфекцый — любых, не толькі кавіду», — кажа супрацоўнік цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. 

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Ігар Таболіч дадаткова нагадвае: 

«Фактары рызыкі для кавіду вядомыя: атлусценне, артэрыяльная гіпертэнзія, хранічныя захворванні дыхальных шляхоў, якія могуць правакавацца паленнем. Стандартная прафілактыка тут — здаровы лад жыцця. Сярод пацыентаў са здаровым ладам жыцця смяротнасць ніжэйшая, у іх таксама куды радзей назіраўся посткавідны сіндром». 

Чытайце таксама:

Улады Паўночнай Карэі ўпершыню паведамілі аб памерлых ад каранавіруса. Заразіліся каля 18 тысяч чалавек

Залішняя смяротнасць у Беларусі магла скласці 32 тысячы чалавек — даныя ўцечкі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру