Аляксей Рэзнікаў
Паводле Рэзнікава, Расія ўжо пацярпела стратэгічную паразу, бо не змагла знішчыць украінскую дзяржаву шляхам ваеннай інтэрвенцыі і змены ўлады на расійскіх марыянетак:
«Мы прымусілі Расію знізіць маштабы мэтаў да аператыўна-тактычнага ўзроўню. На гэтым фоне мы ўваходзім у новую — доўгачасовую — фазу вайны. Каб яе выйграць, трэба старанна планаваць рэсурсы, пазбягаць памылак, распрацоўваць свае сілы так, каб вораг, у рэшце рэштаў, не вытрымаў».
Рэзнікаў заявіў, што ўлады арыентуюцца на тое, каб забяспечыць зброяй, тэхнікай і амуніцыяй 1 мільён чалавек.
«Да стратэгічнай паразы РФ на полі бою дадалося стратэгічнае паражэнне на міжнародным узроўні.
Калі ўспомніць, што цывілізаваны свет узмацняе эканамічныя санкцыі, а Фінляндыя і Швецыя рыхтуюцца падаць заяўкі на ўступленне ў НАТА, то міжнародны кантэкст для Крамля сістэмна пагаршаецца. Свет атрымаў шанец перамагчы дыктатуру, якая стварае глабальную небяспеку» — сцвярджае міністр.
Ён папярэдзіў, што ўкраінцаў чакаюць надзвычай цяжкія тыдні: колькі іх будзе, ніхто дакладна не скажа. Але цяпер адбываецца стратэгічны пералом на карысць Украіны, мяркуе ён. «Гэты працэс зойме некаторы час. У перспектыве гэтыя тэндэнцыі робяць паразу Расіі непазбежнай», — упэўнены Рэзнікаў.
«Рост ціску санкцый на Расею і павелічэнне замежнай дапамогі Украіне ў перспектыве некалькіх месяцаў павінны стварыць умовы, пры якіх Крэмль канчаткова страціць шанцы дасягнуць хоць бы нейкага поспеху. Тады павінна з'явіцца новае акно магчымасцяў для Украіны», — рэзюмаваў ён.





