Першымі ў дэфіцыце аказаліся лекі для шчытападобнай залозы і для лячэння цукровага дыябету. Недахоп на сабе адчулі і людзі, якія пакутуюць на астэапароз, распавядае «Настоящее время».

Мінчанка Людміла доўга шукала для сяброўкі па сталічных аптэках швейцарскі прэпарат «Бонвіва». Гэта ін'екцыя, якую робяць пацыентам з астэапарозам костак раз на тры месяцы.

У выніку змагла знайсці лекі толькі ў суседняй Польшчы. «Палякі адпускаюць па нашым рэцэпце. Ну, складана, вядома. Патурбавалі ўсіх знаёмых, каб знайсці гэты прэпарат. Цяпер робім дзеянні, як яго адтуль займець. У Беларусі з гэтым пытаннем складана», — распавядае Людміла.

Не лепшая сітуацыя і з нямецкім прэпаратам гармонаў шчытападобнай залозы «Euthyrox». Калі ён зноў з'явіцца ў продажы, у аптэках не ведаюць і ў лепшым выпадку прапануюць запісацца ў чаргу.

Дэфіцыт закрануў не толькі беларускія аптэкі, але і бальніцы. Па словах рэаніматолага Расціслава Савіцкага, у яго на працы заканчваюцца жыццёва важныя імпартныя медыкаменты. Асабліва цяжка з лекамі, якія раней закуплялі ва Украіне.

«У нас застаюцца толькі расійскія рынкі, якія ў поўным аб'ёме не могуць папоўніць усе дэфіцыты. Ёсць папаўненне анальгетыкамі расійскай вытворчасці, але ў плане атрапіну ў нас вялікая праблема. Яго мала ў бальніцы. У перспектыве мы не бачым, каб былі вялікія пастаўкі», — кажа лекар-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Беларускія чыноўнікі дэфіцыту замежных лекаў імкнуцца не заўважаць і паралельна настойліва раяць пераходзіць на айчынныя аналагі. Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Чараднічэнка, усяму «крытычнаму імпарту ёсць замена».

Суразмоўцы «Настоящего Времени», якія гадамі прымаюць замежныя лекі, прызналіся, што спрабавалі пераходзіць на айчынныя, але хутка адмовіліся ад гэтай ідэі. У асноўным скардзяцца на нізкую эфектыўнасць.

Адзіны выхад, які застаецца цяпер беларусам, — шукаць дэфіцытныя лекі за мяжой: у Польшчы і краінах Балтыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
18
Абуральна
29

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру