Беларусы прызвычаіліся глядзець Алімпіяду па айчынных тэлеканалах. Фота: insidethegames.biz

Пра што насамрэч гаворка?

Міжнародны алімпійскі камітэт кожныя два гады ладзіць Гульні — і загадзя прадае правы на іх дэманстрацыю ў медыйнай прасторы. Адбываецца гэта праз тэндар: вяшчальнікам, зацікаўленым у паказах, дасылаюцца ўмовы ўгоды. Напрыклад, тэхнічныя параметры, якім неабходна адпавядаць, колькасць гадзін, абавязковых да паказу ў жывым эфіры, дадатковыя лагістычныя выдаткі і гэтак далей. Плюс абвяшчаецца грашовая вартасць пакета — то-бок сума, якую трэба заплаціць непасрэдна за правы.

У лютым 2022 года МАК абвесціў тэндар на зімовая спаборніцтвы 2026 года, што адбудуцца ў італьянскім Карціна-Д'Ампецца, а таксама летні турнір-2028 у амерыканскім Лос-Анджэлесе. Правы можна было набываць на распаўсюджванне трансляцый як у пэўнай краіне, так і ў некалькіх дзяржавах. Да таго ж, пры жаданні, кампанаваліся прапановы па эфірах як у ТБ-прасторы, так і на інтэрнэт-платформах. Заяўкі прымаліся да 25 красавіка, пасля чаго МАК павінен быў разгледзець усе прапановы ды абраць найбольш прывабныя з іх.

І ў чым праблема?

Праз дзевяць дзён пасля пачатку тэндара на сайце МАК у абвестцы з'явілася дапаўненне.

Згодна з тэкстам, продаж правоў на распаўсюджванне «карцінкі» на тэрыторыі Беларусі і Расіі прыпыняўся. Абгрунтоўвалася рашэнне спасылкай на заяву выканкама МАК адносна парушэння кіраўніцтвам Расіі алімпійскага перамір'я праз ваеннае уварванне на тэрыторыю Украіны. Беларусь жа з суседкай-агрэсарам ішла ў шчэпцы, бо падтрымала нападзенне.

Але спорт, калі верыць той жа алімпійскай хартыі, па-за палітыкай!

Бяда вось у чым. Асноўным і нязменным вяшчальнікам Гульняў на тэрыторыі нашай краіны была і застаецца Белдзяржтэлерадыёкампанія. Яна напрамую звязаная з уладай.

Палітыка стала неад'емнай часткай спорту нават падчас Алімпіяд. Карыкатура: Чэд Кроў

Палітыка стала неад'емнай часткай спорту нават падчас Алімпіяд. Карыкатура: Чэд Кроў

Палітыка ж Аляксандра Лукашэнкі, што яшчэ колькі месяцаў таму ўзначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт, выклікала абурэнне большасці спартыўных арганізацый і асацыяцый. МАК «культуру адмаўлення» падтрымаў, таму тэндарную заяву ад Беларусі «ануляваў» загадзя.

І што, Гульням на нашых экранах гамон?

Не ўсё так адназначна. Справа ў тым, што Алімпіяда толькі выглядае прэстыжна: рэйтынг праглядаў турніру вельмі нізкі. Ратуюць Гульні асобныя віды спорту кшталту лёгкай атлетыкі ды фіналы ў камандных гульнях — баскетболе і валейболе, да прыкладу. Усё астатняе нават фонам праглядаецца аўдыторыяй так сабе: на 30 адсоткаў годнага кантэнту, як кажуць тэлевізійшчыкі, прыпадае 70 адсоткаў прахаднога. І гэта цудоўна разумеюць усе: МАК, вяшчальнікі, спонсары…

Алімпіяда — гэта не столькі камерцыйны, колькі сацыяльна-палітычны праект. Калаж: Мая Латроп / Кларыён

Алімпіяда — гэта не столькі камерцыйны, колькі сацыяльна-палітычны праект. Калаж: Мая Латроп / Кларыён

Пры гэтым выдаткі на паказ любой Алімпіяды проста касмічныя.

Напрыклад, кітайская кампанія CCTV выдаткавала 465 млн еўра на паказ чатырох алімпіяд, з 2014 па 2020 год. Амерыканцы з NBC ахвяравалі 5,49 млрд еўра на набыццё алімпійскіх правоў з 2022 па 2032 год. Тады як МАК сумарна зарабіў 4,5 млрд даляраў за продаж медыяправоў на Гульні-2018 і 2020.

Такім чынам відавочна, што набыццё дазволу на паказ Алімпіяды — гэта не камерцыйны, а больш сацыяльны праект. І выключна за кошт спонсараў ці рэкламных прыбыткаў цэны на медыяправы не пакрыць. Таму так ці інакш дзяржава ў любой кропцы свету прымае ўдзел і ва ўгодзе з МАК, і ў распаўсюджванні кантэнту непасрэдна падчас спаборніцтваў. І губляць рынак збыту, нават па палітычных прычынах, ніхто з кіраўніцтва алімпійскага руху не захоча — занадта ўжо вялікія грошы стаяць на коне.

То-бок МАК можа пайсці на саступкі?

Гэта як мінімум. Фармулёўка пра забарону занадта ўжо варыятыўная. Прыпыненне тэндару на продаж правоў пад тэрыторыі Расіі і Беларусі не азначае адмовы, забароны ці поўнага выключэння рэгіёна са спісу спажыўцоў кантэнту. Так, цяпер зацікаўленыя асобы пакуль не здолеюць задаволіць попыт. Аднак што перашкаджае гэтае абмежаванне зняць, скажам, праз месяц-два?

Кампаніі, якія раней выступалі вяшчальнікамі ў гэтых краінах, МАК даўно знаёмыя. Тэхнічныя патрабаванні выконвалі не раз, як узімку, так і летам. Дзяржаўныя гарантыі па аплаце таксама наўрад ці выклікаюць пытанні — застанецца толькі прапрацаваць дэталі рублёва-валютных канвертацый ва ўмовах санкцый.

На што гэта вы намякаеце?

Кампанія, якая набывае эксклюзіўныя правы на паказ таго ці іншага спаборніцтва, можа адначасова і абмеркаваць перапродаж кантэнту (цалкам альбо часткі) трэцяму боку. А той, у сваю чаргу, таксама здольны падоўжыць ланцуг — варта толькі ўмовы ўзгадніць. Адпаведна, любая краіна лёгка выступіць пасрэднікам між МАК і «забароненымі тэрыторыямі», каб рэпутацыя міжнароднага камітэту не пацярпела.

Ёсць варыянты і больш складаныя. Кшталту стварэння ці рэгістрацыі ОТТ-платформы ды пераносу кантэнту туды — «Беларусь 5 Інтэрнэт» ужо рушыць у гэтым кірунку. Прыклады «Мегаго», «Еўраспорту» ці «Сетанты» дазваляюць зразумець, як гэта працуе. З развіццём сеціва ды шырокім выбарам дэвайсаў сваіх карыстальнікаў алімпійскі кантэнт не толькі не згубіць, але і прырасце. Тым больш, што тут таксама можна працаваць «у складчыну»: замежных партнёраў папрасіць правы набыць, а далей увайсці ў долю — як па вяшчанні, так і па падзеле фінансавага цяжару.

А калі МАК ды любы перапродаж правоў беларусам забароніць?

Тады мы ўсе згадаем 2002 год — і гісторыю паказу футбольнага першынства свету. Тады беларускае ТБ не набывала правы, бо разлічвала «па-брацку» атрымаць іх у падарунак ад расійскіх калег. Аднак уладальнік правоў на рэгіён, кампанія «Кірхмедыя», такую аперацыю забараніла.

За тыдзень, што заставаўся да старту першынства, кампрамісу не знайшлося — і айчынны вяшчальнік пайшоў на злачынства. «Карцінку» наўпрост кралі з «НТВ-плюс» ды замазвалі лагатып. Як кажуць, рашэнне прымалася на ўзроўні кіраўніка БТ Ягора Рыбакова, за што функцыянера нават пасля хвалілі на самым высокім ўзроўні.

Праўда, на наступны дзень «НТВ+» пачало пагражаць беларусам судовымі іскамі — і лавачку давялося прыкрыць ды набываць правы афіцыйна.

Адсутнасць трансляцый футбольнага першынства свету выклікала народныя пратэсты. Фота: pressball.by

Адсутнасць трансляцый футбольнага першынства свету выклікала народныя пратэсты. Фота: pressball.by

Але цяпер, калі палітыка «часам не да законаў» праводзіцца дзяржавай нават на афіцыяльным узроўні, каго спужае міжнародны суд? Тым больш, што праўладная рэакцыя на забарону з боку МАК прыблізна такой і была: «Тыя трансляцыі, за якія раней даводзілася плаціць сотні тысяч і мільёны еўрадаляраў, цяпер будуць забіраць бясплатна ды трансляваць на РБ. А што яны зробяць БТ? Выключаць з саюза еўрапейскіх вяшчальнікаў? Дык ужо!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0