Аляксандр Лукашэнка і генеральны пракурор Андрэй Швед. Скрыншот з відэа

Папраўкі ў Крымінальны кодэкс уступаюць у сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання, гэта значыць, з 29 мая, паведамляе Zerkalo.io.

У новай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса пашырылі прымяненне смяротнага пакарання (арт. 59 «Смяротнае пакаранне»)

«У якасці выключнай меры пакарання дапускаецца прымяненне смяротнага пакарання — расстрэлу (да адмены смяротнага пакарання) за злачынствы, прадугледжаныя:

частка 2 артыкула 124 (Акт тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі);

Частка 3 артыкула 126 (Акт міжнароднага тэрарызму);

частка 3 артыкула 289 (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, альбо з прымяненнем аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі, альбо з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў альбо ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека);

частка 2 артыкула 359 (Забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, учыненае ў сувязі з яго дзяржаўнай ці грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады)».

Акрамя таго, у новай рэдакцыі Кодэкса паказана, што смяротнае пакаранне прызначаецца «за асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжарваючых абставінах, некаторыя іншыя асабліва цяжкія злачынствы».

Змяняецца і арт. 67 КК Беларусі («прызначэнне пакарання за няскончанае злачынства»).

Раней смяротнае пакаранне не магло быць прызначанае за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства. Цяпер у гэты пункт унесеныя выключэнні, дадаліся да яго злачынствы, санкцыя якіх ужо прадугледжвае смяротнае пакаранне ў адпаведнасці з дзейным КК: ч. 2 арт. 124, ч. 3 арт. 126, ч. 3 арт. 289 і ч. 2 арт. 359.

Законапраект з «расстрэльнымі» папраўкамі за «замах на тэрарызм» на разгляд у парламент унесла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Марына Лянчэўская. 27 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект аб зменах у Крымінальны кодэкс у двух чытаннях. 4 мая яго аднагалосна ўхвалілі ў Савеце Рэспублікі.

Інтэрпрэтацыя таго, што такое тэрарызм, у рэжыму вельмі шырокая. Так, у спіс тэрарыстаў унесеныя лідары палітычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, блогер Антон Матолька і афіцэры сілавых структур, якія падтрымалі рух за свабодныя выбары.

Клас
Панылы сорам
5
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
38

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру