Фота: Інстаграм Epam

«Калі не ўладкуюся цяпер, праз месяц мае веды пераўтворацца ў гарбуз, вазьміце на два месяцы хоць задарма», — прыводзіць «Нашай Ніве» паведамленне ад чарговага просьбіта топ-менеджар адной з вядомых ІТ-кампаній. Пасля пачатку вайны такія нефармальныя запыты застаюцца хіба што адзінай надзеяй «увайсці ў ІТ» для тых, хто вырашыў змяніць сферу дзейнасці.

Многія з тых, хто толькі сышоў з папярэдняй працы ў надзеі знайсці цёплае месца ў ІТ, яшчэ не ведаюць, што іх чакае. 

Так, застаецца попыт на праграмістаў з канкрэтнай спецыяльнасцю, але большасць тых, хто цяпер перавучваецца на курсах, выбіраюць «чарнарабочыя» спецыяльнасці — тэсціроўшчыка ці бізнэс-аналітыка. 

«ІТ-бізнэс і бізнэс па перападрыхтоўцы з іншых прафесій — гэта розныя рэчы. Самыя хадавыя спецыяльнасці перападрыхтоўкі рэкламуюцца як тое, у чаго нізкі парог уваходу, што даступна ўсім. 

Можа быць, калі рынак рос, блізка да таго і было. Але цяпер і тэсціроўшчыкі, і бізнэс-аналітыкі аказваюцца за бортам, а попыт на праграмістаў яшчэ застаецца, але таксама звужаецца. Прычыны для гэтага комплексныя», — тлумачыць адзін з удзельнікаў рынку. 

Пасля ўвядзення негалосных «санкцый» на распрацоўшчыкаў з Беларусі і Расіі многія кампаніі страцілі кліентаў. А гэта ў найгоршым выпадку — закрыццё праектаў і скарачэнне, у найлепшым — скарочаны найм.

«Таксама многія вымушаныя былі рэлакавацца, але джуніяру вельмі складана гэта зрабіць праз нізкі заробак і кошт жыцця ў іншай краіне. Яму, нават калі яго гатовыя ўзяць, такі варыянт, як правіла, не падыходзіць», — тлумачаць нам. 

«Каранавірус і вайна перакруцілі рынак працы — многія на дыстанцыйнай рабоце дома, іншыя — у рэлакацыі. І вось уявіце, што ёсць джуніяр, які нічога не ведае. Экспрэс-курсы перападрыхтоўкі ў «царкоўнапрыходскай школе» не ў лік. Яго трэба давучваць. Значыць, трэба адцягваць і без таго нешматлікіх людзей на ментарства. Карысці для праекта ніякай, шкода ў рэсурсе і часе — відавочная. А калі ён і набярэцца досведу, то, як правіла, паспрабуе пашукаць цяплейшае месца і сыдзе — гэта рэаліі», — тлумачыць топ-менеджар іншай кампаніі. 

Браць джуніяра немэтазгодна — цяпер ёсць магчымасць набіраць людзей па ўсім свеце, рэзюмуе трэці суразмоўца.

«Рынак перанасычаны праз вайну і закрыццё кампаній. Адзінае — што рускія зусім не разумеюць англійскай мовы. У беларусаў тут плюс, нават калі яны горшыя па кваліфікацыі». 

«Гэта ясна, што ІТ вымывае кадры з усіх сфер. Але людзі думаюць, што парог уваходу ў сферу застаецца, як і два гады таму. Ідуць на «чорнарабочыя» спецыяльнасці. Але наіўна думаць, што кожны бухгалтар можа стаць аналітыкам: бізнэс-аналітык —гэта прараб на будаўніцтве, які аналізуе патрабаванні замоўцы, разбіраецца ў чужой праблеме.

У Саюзе гэта называлася «пастаноўшчык задач». Бізнэс-аналіз патрабуе досведу, трэба было ўжо шмат чаго патрымаць у руках, вывучыць, памыліцца. І тыя, хто толькі чытаў пра яго, — гэта бяда.

Гэта віна вучэбных цэнтраў, што яны элітную спецыяльнасць сваімі прапановамі курсаў звялі да тэсціроўшчыка», — лічыць чацвёрты гулец рынку. 

У той жа час прадстаўнікі кампаній, якія займаюцца перападрыхтоўкай, кажуць «Нашай Ніве», што іх паслугі цікавяць усё больш людзей. 

«Попыт на ІТ-курсы вырас, але рынак вакансій замёр. Сітуацыя не патавая, але пакуль не дае нагодаў для аптымізму. На ўзроўні эмпірычных назіранняў — колькасць паспяховых працаўладкаванняў зніжаецца.

Варта дачакацца заканчэння другога квартала, каб параўнаць працэнт працаўладкавання з першым. А першы ж асабліва не прасеў, бо асноўная колькасць статыстыкі прыпадае на студзень і люты — мы проста пакуль не маем свежых лічбаў. 

Пры гэтым, па назіраннях, на 40—50% скарацілася колькасць адкрытых пазіцый. Наколькі доўга гэта працягнецца, мы не ведаем — ясна, што ўсё залежыць ад палітычнай сітуацыі. 

Час пошуку работы пасля курсаў сягае 6 месяцаў і, вядома, можа расці далей. Таму цяпер асноўныя пытанні, якія павінен задаваць сабе чалавек, які прыходзіць з іншай сферы: а які ў яго досвед, адукацыя, веданне замежных моваў, ці ёсць экспертыза ў нейкай сферы і падушка бяспекі?» — сказаў нам менеджар аднаго з цэнтраў перападрыхтоўкі. 

«Беларускіх джуніяраў нідзе не чакаюць, бо дома на іх няма запыту, а за мяжу яны пралезці не могуць, — рэзюмуе іншы. — Вялікія кампаніі цяпер думаюць увогуле пра тое, каб ствараць адукацыйныя цэнтры ў блізкім замежжы, каб гадаваць сабе кадры, пачынаючы са школы».

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама:

«З краіны з’язджаюць тысячы людзей з зарплатай 2500—3000 даляраў». Як адток айцішнікаў паўплывае на эканоміку

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру