КДК сцвярджае, што кіраўніцтва медцэнтра ведала пра адсутнасць дазволу на правядзенне артапедычных аперацый, «аднак з мэтай атрымання дадатковага прыбытку на афіцыйным сайце медцэнтра размяшчалася інфармацыя пра тое, што цэнтрам ажыццяўляюцца такія аперацыі».

Так тлумачаць правядзенне праверкі ў медыцынскім цэнтры і затрыманне яго заснавальніка Дзмітрыя Сайкова.

«Для надання законнасці такім аперацыям і ўтойвання інфармацыі аб іх правядзенні (…) артапедычныя аперацыі былі ўключаныя ў прэйскурант і праводзіліся па рахунках як звычайныя хірургічныя», — сцвярджае КДК.

«Работнікамі органаў фінансавых расследаванняў праведзеныя агляды памяшканняў медыцынскага цэнтра і выяўленыя дакументы, лічбавыя носьбіты, чарнавыя запісы, якія пацвярджаюць правядзенне артапедычных аперацый. Таксама ўстаноўлена, што медыцынскі персанал медцэнтра «Нардзін» два месяцы таму (пасля пачатку правядзення Камітэтам дзяржкантролю маніторынгаў у медыцынскіх цэнтрах) быў папярэджаны кіраўніцтвам аб неабходнасці адказваць адмоўна, калі будуць выпадкі звароту кліентаў па пытаннях правядзення аперацый у артапедаў.

У ходзе аглядаў устаноўлена, што аперацыйнае аддзяленне медыцынскага цэнтра па сваіх характарыстыках і параметрах не адпавядала патрабаванням Міністэрства аховы здароўя для аказання ў ім артапедычных аперацый, у сувязі з чым не быў атрыманы спецыяльны дазвол (ліцэнзія)», — абвінавачвае Дзяржкантроль.

Таксама КДК сцвярджае, што ёсць факты ўхілення ад выплаты падаткаў уладальнікамі медыцынскага цэнтра на суму больш за 500 тысяч рублёў. «Яны прызналі віну і гатовыя пагасіць шкоду бюджэту», — піша Дзяржкантроль.

Дзяржкантроль абвінавачвае прыватныя медцэнтры і ў завышэнні цэнаў.

«У цэлым, вывучэнне сітуацыі ў прыватных медцэнтрах паказала, што ў іх дзейнасці маюцца парушэнні па цэнаўтварэнні на паслугі і факты навязвання паслуг. Так, медцэнтры прадастаўляюць комплексныя паслугі па дыягностыцы, у якія ўключана некалькі відаў даследаванняў, пры гэтым пры фармаванні кошту гэтых даследаванняў ажыццяўляецца дубляванне маніпуляцый (у кошт паслугі неабгрунтавана некалькі разоў уключаюцца адны і тыя ж маніпуляцыі).

З мэтай абароны правоў пацыентаў Камітэт дзяржкантролю накіраваў медцэнтрам рэкамендацыі з патрабаваннем пералічыць кошт завышаных паслуг, а таксама даць грамадзянам права выбару паслуг без навязвання непатрэбных даследаванняў, кансультацый і працэдур», — піша КДК.

«Асобнымі камерцыйнымі медцэнтрамі аператыўна прынятыя меры па выкананні гэтых рэкамендацый, — сцвярджаюць кантралёры, пры гэтым не называюць гэтыя цэнтры.

— Да прыкладу, медцэнтрам у Брэсце за кошт выключэння дублюючых маніпуляцый у сярэднім на 15—20% зніжаны кошт правядзення комплексных даследаванняў МРТ і асобных відаў УГД. Прынятыя меры па зніжэнні кошту паслуг мінскім медцэнтрам: зніжаны кошт (на 10—12%) на ўсе віды комплексных даследаванняў МРТ і кошт рэнтгеналагічных даследаванняў (да 40%). Іншым медыцынскім цэнтрам у Мінску зніжаны кошт паслугі пры выкананні камбінаваных УГД (у сярэднім на 14%).

Камітэт дзяржкантролю павядзе выбарачны маніторынг медцэнтраў і вывучыць, наколькі вычарпальна імі прынятыя меры па недапушчальнасці неабгрунтаванага завышэння цэн (у першую чаргу за кошт дублявання маніпуляцый і работ) і выключэння навязвання паслуг».

Нагадаем, што супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў «Нардзін» на мінулым тыдні. Яны канфіскавалі дакументацыю кампаніі, а яе заснавальніка і дырэктара, вядомага псіхатэрапеўта і нарколага Дзмітрыя Сайкова і яго жонку затрымалі, аднак вечарам адпусцілі. Раней была прыпыненая дзейнасць медцэнтра «Ладэ».

Паводле ацэнак людзей з медыцынскай сферы, апытаных «Нашай Нівай», падставы для рэйдаў надуманыя, а сапраўдная прычына — у намеры перадзелу сферы медычных паслуг на карысць структур, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, яго сям'і і асобных чыноўнікаў. 

Разам з тым, гаворка ідзе пра пакаранне за праявы салідарнасці ў 2020-м і жаданне сабраць «выкуп» у выглядзе штрафаў.

Чытайце таксама: «Ладэ» кашмараць за 2020-ы. Выхаваўчы рэкет, выставілі штраф

«Выглядае, як зачыстка рынку на карысць «сваёй» прыватнай медыцыны». Што стаіць за пагромам медцэнтраў 

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2