Цяпер Андрэй перабраўся ў Польшчу і валанцёрыць на памежжы, піша «Радыё Свабода».

Яго паслугі, у тым ліку транспартныя, карыстаюцца попытам ва ўцекачоў. Андрэй палічыў, што за два месяцы «працы» на мяжы перавёз каля 15 тысяч украінцаў.

«На другі дзень пасля пераезду ў Польшчу пафарбаваў бус у колеры ўкраінскага сцяга»

У Віцебску ён меў бела-чырвона-белы «VW Transporter 3». На ім ездзіў на акцыі. Пасля бусік канфіскавала міліцыя.

«Прычым незаконна, без аніякіх дакументаў ці падстаў», — кажа Андрэй.

«Жывемабіль» у 2020 годзе

З сяброўкай Каралінай Цярэнцьевай Андрэй выехаў у Кіеў. Планавалі ехаць у Польшчу, нават зрабілі візы.

«Але Кіеў так спадабаўся! Ужо праз тыдзень я адчуваў сябе як дома. Вырашылі застацца там. Знайшлі працу, пачалі абжывацца», — кажа беларус.

Ён удзельнічаў у беларускіх акцыях салідарнасці на Майдане і хацеў аднавіць свой праект «Жывемабіль». Для гэтага купіў мікрааўтобус «VW Transporter 3». Планаваў пафарбаваць у бела-чырвона-белы колер. Не паспеў — пачалася вайна. Андрэй з сяброўкай вырашылі ехаць у Польшчу. Шлях, як ва ўсіх уцекачоў, быў нялёгкі. Тры дні стаялі на мяжы. Урэшце дабраліся да Варшавы.

«На другі дзень у Варшаве мы пафарбавалі бус у колеры ўкраінскага сцяга. Назвалі яго «Украінамабіль». Вырашылі дапамагаць уцекачам з Украіны. Спачатку вазілі гуманітарную дапамогу па Варшаве. Потым «уладкаваліся» на мяжу, разам з актывісткамі супольнасці «Партызанка»», — кажа Андрэй.

На мяжы маладыя людзі ўжо два месяцы. Яны аказваюць інфармацыйную дапамогу ўцекачам, вырашаюць іх побытавыя праблемы, перавозяць.

«За дзень я ў сярэднім перавожу каля 300 чалавек», — кажа беларус.

«Не бывае такога, каб на мяжы было зацішша»

У параўнанні з першым месяцам вайны плынь уцекачоў з Украіны зменшылася. Але, кажа Андрэй, яна ўзрастае пасля бамбаванняў.

«Пачыталі навіны, што бамбілі Львоў і Адэсу, — праз паўдня-дзень пачынаецца плынь уцекачоў адтуль. І цяпер людзі вырываюцца з Марыупаля і Харкава. Часта — без капейкі грошай. Бо даехаць да ўкраінскай мяжы, скажам, з Харкава, каштуе нямала. Ад мяжы іх трэба адвезці ці на «пункт прыёму», створаны ў гандлёвым цэнтры Tesko ў Перамыслі, ці на чыгуначны вакзал, ці ў зваротным кірунку», — тлумачыць Андрэй.

Ёсць на памежжы і «дзяржаўныя» бясплатныя аўтобусы. Але, кажа валанцёр, апошні ад мяжы ідзе а 9-й вечара, першы — а 5-й раніцы.

«Ноччу людзі на мяжы могуць начаваць добра калі ў намётах», — зазначае ён.

Андрэй кажа, што валанцёрскі транспарт на мяжы запатрабаваны. Яго «Украінамабіль» не толькі курсуе па маршруце мяжа — Tesko — вакзал.

«Адвозіў адну вялікую сям’ю ў вёску, куды не ходзяць ані цягнікі, ані аўтобусы. У той вёсцы ўкраінцам далі жытло, толькі трэба было даехаць», — расказвае беларус.

Ён разам з камандай валанцёраў (а гэта ў асноўным беларусы) здымаюць трохпакаёвую кватэру ў Перамысьлі.

«Калі нас шмат — спім па чарзе. Нехта вяртаецца з начной змены і кладзецца спаць. Іншыя падымаюцца на сваю змену», — кажа Андрэй.

Андрэй Кулакоў з пасажырамі

«Вэтэран вызваляў Прагу, цяпер паехаў туды ратавацца ад расійскіх бомбаў»

Андрэй расказаў пра адзін з выпадкаў на вакзале, які яго ўразіў, — дапамога 96-гадоваму ветэрану вайны Барысу Сямёнаву. Ён з украінскага Нікапаля. У час Другой сусветнай служыў у розных падраздзяленнях.

«Ён шмат расказваў — як гарэў у танку, як ледзьве не застаўся без ног, як мужна ваяваў і меў медалі і ордэны. Барыс Фёдаравіч вызваляў Прагу. Цяпер жа паехаў туды, бо мае там знаёмых і сяброў, ратавацца ад расійскіх бомбаў», — успамінае Андрэй.

Ён кажа, што дапамог ветэрану дабрацца да цягніка, які павёз яго ў другі раз у жыцці ў Прагу.

«Барыс Фёдаравіч не мог зразумець, як так, што на іх расіяне напалі, з якімі раней ён поруч ваяваў у час Другой сусветнай», — дадаў валанцёр.

Андрэй перавозіў мужа і жонку, пенсіянераў, якія ўцяклі ад бамбардзіровак. У жанчыны была зламаная нага.

«Але яны цягнулі на сабе двух вялізных старых сабак, такіх, што тры крокі не могуць ступіць. Ды яшчэ і цяжкія — кілаграмаў па 50. Яны ехалі фактычна ў нікуды — і не кінулі жывёл. Па дарозе яшчэ аднаго сабаку, невялікага, праўда, «зачапілі». Такія выпадкі адкладваюцца ў памяці», — кажа Андрэй.

Ён плануе заставацца на мяжы і дапамагаць, «пакуль тут ёсць попыт на нашу дапамогу».

«Наперад я цяпер не загадваю. Пакуль планаў абжыцца ў Польшчы ў мяне няма. У Кіеве я адчуваў сябе як дома. Хачу вярнуцца ў Кіеў. І ў Беларусь хачу вярнуцца. Але пакуль ні туды, ні туды не магу. Спадзяваюся, што хутка ўсё скончыцца», — кажа беларус.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру