Аляксандр Лукашэнка. 16 жніўня 2020 года. Фота: ТАСС

Аляксандр Лукашэнка. 16 жніўня 2020 года. Фота: ТАСС

У дзень, калі Лідзія Ярмошына агучыла дату апошніх прэзідэнцкіх выбараў (8 мая), у Беларусі адбыліся затрыманні прыхільнікаў тады яшчэ проста блогера Сяргея Ціханоўскага. Масавыя затрыманні працягнуліся і ў Дзень Перамогі. Па стане на вечар 10 мая, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра 55 актывістаў і прыхільнікаў блогера, якія апынуліся за кратамі.

Крыху пазней, 29 мая 2020 года, у Гродне затрымалі і самога Ціханоўскага разам з іншымі членамі ініцыятыўнай групы. Праз тры тыдні, 18 чэрвеня, быў затрыманы Віктар Бабарыка. Палітычная сітуацыя ў краіне напружвалася. Затрыманні такіх асоб, як Ціханоўскі і Бабарыка, суправаждаліся перыядычнымі затрыманнямі членаў ініцыятыўных груп і актывістаў, але ўсё гэта было дробяззю ў параўнанні з тым, што беларусаў чакала наперадзе. 

Як бы часам недарэчна ні выглядалі дзеянні лукашэнкаўцаў у дачыненні да сваіх апанентаў, усе яны да пэўнага моманту знаходзілі даволі простае і відавочнае тлумачэнне. Да 9 жніўня яны намагаліся не дапусціць да выбараў тых, хто на іх думку быў здольны скласці канкурэнцыю Лукашэнку (Святлану Ціханоўскую яны не лічылі канкурэнтам). 

Ад вечара 9 жніўня ім трэба было любой цаной утрымаць уладу, не даўшы пратэстоўцам дамагчыся сваёй мэты. 

Аднак і пасля таго як масавыя вулічныя акцыі спыніліся, рэпрэсіі нікуды не зніклі.

Рэжым пераключыўся на татальнае выкараненне «пратэснай» сімволікі. Людзей пачалі масава судзіць за «пікетаванне» шляхам размяшчэння сімволікі ў вокнах дамоў, кватэр і машын. Барацьба з бел-чырвона-белым спалучэннем колераў нярэдка набывала абсурдныя формы, але працягвалася.

Паралельна ўлады грамілі незалежныя СМІ, журналістаў і актывістаў. А законатворцы тым часам прымалі змены ў заканадаўстве, каб узмацніць адказнасць за любую дзейнасць, якая сілавікам падалася б пратэснай. 

З часам любая пратэсная актыўнасць скончылася, а вось рэпрэсіі — не. 

Апошняя дата, калі ў прадстаўнікоў улады былі асцярогі, што вулічныя пратэсты могуць аднавіцца, — гэта 25 сакавіка 2021 года. Аднак гэтага не здарылася. Здавалася, што пасля гэтага ўзровень рэпрэсій мог бы пайсці на спад, але гэтага не адбылося. Улады працягвалі затрымліваць і судзіць людзей, і нават пасадзілі самалёт дзеля таго, каб затрымаць Пратасевіча. 

Час ідзе, незалежныя СМІ разгромленыя, сотні сайтаў заблакаваныя, працягваюцца затрыманні журналістаў. Пачынаецца масавая ліквідацыя НКА. На сталай аснове папаўняецца спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. СМІ і тэлеграм-каналы ўжо не называюць дэструктыўнымі, а пачынаюць прызнаваць іх экстрэмісцкімі ці нават тэрарыстычнымі. 

Праз разуменне таго, што пратэставая дзейнасць ужо канчаткова задушана, грамадства пачынае думаць, што нарэшце татальныя рэпрэсіі павінны спыніцца, нарэшце грамадства зможа перагарнуць старонку і жыць далей. Але гэтага ўсё не адбываецца. Пры гэтым народу стае ўсё складаней знайсці логіку ў працягу шалёных рэпрэсій. А яна ёсць.

Людзей надалей затрымліваюць і судзяць за каментары, пакінутыя ў інтэрнэце і нават закрытых чатах. Пры гэтым карнікам без розніцы, працягвае чалавек нейкую «дэструктыўную» дзейнасць ці не. Усё гэта даўно не мае значэння. Суды канвеерам судзяць людзей за каментары, за значок, за налепку, за перапост, за прыналежнасць да прафсаюза. Усё гэта нагадвае фашысцкія і камуністычныя рэжымы ХХ стагоддзя. 

Сілавікі не стамляюцца шукаць падставы, каб працягваць рэпрэсіі. Чым больш затрымаеш — тым больш прэмій і шанцаў на павышэнне па службе. Калі няма свежых «парушальнікаў», яны трасуць тых, хто браў удзел у пратэстах летам-восенню 2020 года. І калі скончацца тыя, каго можна затрымаць і асудзіць у Беларусі, яны па ўсёй бачнасці пачнуць завочна судзіць тых, хто ўратаваўся за мяжой, тым больш, што такі праект закона ўжо ўхвалілі ў першым чытанні. 

Самае цікавае, што пры ўмовах адсутнасці нават нейкіх намёкаў на непасрэдную пагрозу ўладзе дыктатара, рэпрэсіўная машына не спыняецца ні на дзень. 

Рэпрэсіі ідуць не дзеля таго, каб збіць хвалю 2020-га, і нават не дзеля таго, каб палітычнай паліцыі было чым апраўдаць свае заробкі.

Рэпрэсіі патрэбныя, каб трымаць грамадства ў такім стане, каб людзі нават думаць баяліся пра тое, што можна выступаць супраць улады.

Няважна што ты рабіў, няважна, парушаў ты нейкія законы ці не. Калі ты выступіў супраць улады, ты будзеш непазбежна пакараны. Хоць ты кандыдат у прэзідэнты, хоць ты мама пяці дзяцей, хоць ты крыштальна сумленны вернік — калі ты выступіў супраць улады, табе ўсё роўна прыдумаюць віну і артыкул. Вось тая цынічная «неўнікнёнасць пакарання», як яе разумеюць лукашэнкаўцы.

Рэпрэсіі патрэбныя рэжыму і для таго, каб увесь час пашыраць кола людзей, датычных да гэтых рэпрэсій, звязваць іх свайго роду кругавой парукай.

Каб не толькі гэты, але і кожны наступны дыктатар быў пэўны, што можа кіраваць столькі, колькі хоча, і не панясе пакарання ні за фальсіфікацыі, ні за парушэнні законнасці. 

Улады хочуць умацаваць гэтую сістэму не не гады, а на дзесяцігоддзі, каб страх перад рэпрэсіямі ў грамадстве заставаўся такім, як пры Сталіне і некалькі дзесяцігоддзяў пасля яго.

Чытайце таксама: ГУБАЗіК пахваліўся тым, што затрымаў чарговую маладую айцішніцу. На відэа яна ледзь што не плача

«Расійская эліта пойдзе на велізарныя саступкі Захаду, у тым ліку і адносна кантролю за ядзернай зброяй»

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
78