Карыкатура Сяргея Ёлкіна

Адкуль узялася эканамічная і псіхалагічная залежнасць Беларусі ад усходняга суседа

Гэтае перакананне ўбівалі ў беларускія галовы яшчэ з савецкіх часоў, і яно настолькі глыбока засела, што многія сапраўды паверылі ў «без Расіі мы нішто, без Расіі мы памром». Бо там вялізны рынак, а таму інтэграцыі з ёй няма альтэрнатывы. Менавіта таму трэба туды «паўзці на каленях». І пры гэтым беларусам паўтараюць, як мантру, што «нас нідзе не чакаюць». Гэта фэйк, і гэта вам скажа любы Белстат.

На долю Расіі сапраўды прыходзіцца шмат беларускага экспарту, але нават не палова. У мінулым годзе гэта быў 41%, то бок 59% беларускай прадукцыі пастаўляецца не ў Расію, а ў іншыя краіны свету.

Тады чаму беларусаў прывучаюць да таго, што памерці яны могуць толькі без Расіі, а не, напрыклад, Еўразвязу або Украіны, — задаецца пытаннем Гурневіч.

Або яшчэ адна мантра пра «Беларусь памрэ без расійскай нафты і газу».

— Атрымліваецца, што недзе да 1963-га і 1975-га беларусы і не жылі ўвогуле, бо менавіта тады ў БССР былі пабудаваныя Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы і ў гэты ж час пачалася газіфікацыя Беларусі, — тлумачыць журналіст.

Дык няўжо ж беларусы да гэтага часу сядзелі на дрэвах?

Але гэта так, гістарычны нюанс, які сведчыць аб тым, што ў Беларусі не было масавага голаду без расійскіх энергарэсурсаў. Ды што казаць? Гэта былі залатыя часы нараджальнасці беларусаў.

Так, за газ і нафту беларусы плацяць у сярэднім танней, чым іншыя дзяржавы ў свеце. Дык а якая цана павінна быць пры такім узроўні лаяльнасці ўлады Беларусі да Крамля? Расія ж хоча мець саюзніка, хоча мець у Беларусі свае вайсковыя аб’екты. Гэта каштуе мільярды. Меншая, чым для іншых, цана, — гэта зніжка за суперлаяльнасць.

Было б дзіўна, калі б беларусы пры гэтым плацілі за паліва, як палякі, якіх Масква называе русафобамі нумар адзін. Але яшчэ нюанс. Нават пры вышэйшых цэнах для Польшчы, там ніхто ад гэтага не памёр. Польшча куды багацейшая за Беларусь.

Іншая справа, што самой Беларусі столькі расійскай нафты ці газу не трэба ўвогуле. Беларусь пасадзілі на расійскую іголку, прымусіўшы паверыць, што гэта яе лёс.

«А што, калі Расія адключыць Беларусі газ і нафту?» — гэта чарговы плач. Беларусы, маўляў, замерзнуць, беларуская прамысловасць спыніцца.

— Па-першае, а навошта адключаць, калі за іх спраўна плаціцца? — задаецца пытаннем Гурневіч. — А калі адключаюць проста так, каб напалохаць, то каму патрэбны такі бізнэс-партнёр?

Пасля анексіі Крыма чорную будучыню малявалі і ўкраінцам «Украіне канец, Масква яе пакарае, яна замерзне і памрэ з голаду». Але нават ва ўмовах вайны ўкраінская эканоміка працягвала рост і далей купляла расійскае паліва, проста інакш, чым раней.

А вы чулі, што нават напаўшы на Украіну, Расія працягвае пастаўкі газу на захад праз яе тэрыторыю, плацячы за транзіт? Ажно 30% расійскага газу на Захад ідзе сёння праз Украіну, якую бамбяць расійскія ракеты.

Пры гэтым Расія даўно не галоўны гандлёвы партнёр Украіны. Яе месца заняў Кітай.

— Тое, пра што марыць Лукашэнка, ва Украіне — рэальнасць, — адзначае журналіст.

Але вернемся да газу і нафты.

Усё вельмі проста. Не толькі Захаду і Беларусі патрэбныя расійскія энергарэсурсы, але яшчэ больш ад іх продажу залежыць сама Расія. Бо менавіта паліва — магутная крыніца папаўнення расійскага бюджэту.

Расія сама знаходзіцца на нафтагазавай іголцы. Звярніце ўвагу, Захад увёў рэкордныя за ўсю гісторыю чалавецтва санкцыі, а ці адказала Расія тым, што цалкам спыніла пастаўкі газу або нафты ў Еўразвяз? Вядома ж, не. Бо яна ведае, чым гэта для яе скончыцца — галечай.

Ва ўсім Эўразвязе даўно ідзе працэс пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, бо газ і нафта не вечныя, у тым ліку ў Расіі.

Яшчэ адзін улюбёны аргумент аматараў памерці без Расіі — тое, што гэта не краіна, а табліца Мендзялеева. Маўляў, там ёсць усе карысныя выкапні і таму трэба трымацца за яе.

— За 26 год будаўніцтва так званай саюзнай дзяржавы вы шмат чулі, каб беларусам далі распрацоўваць нейкія радовішчы ў Расіі? Нягледзячы на тое, што Расія сапраўды багатая на карысныя выкапні, яе залежнасць ад імпарту каласальная, — адзначае Дзмітрый Гурневіч.

Вы чулі, як Матвіенка казала, што ў іх нават цвікі імпартныя?

Але цвікі — гэта не элемент табліцы Мендзялеева, а вось літый — так. Пару тыдняў таму Чылі і Аргенціна заявілі, што спыняюць пастаўкі ў Расію літыя, трэцяга элемента табліцы. У выніку чаго ў Расіі прагназуюцца цяжкасці ў вытворчасці акумулятараў.

І яшчэ пра выкапні. Як вынікае з дакладу энергетычнага цэнтра Сколкава, у будучыні здабыча карысных выкапняў у Расіі ў сувязі з санкцыямі істотна знізіцца, паколькі тэхналогіі там выкарыстоўваюцца менавіта заходнія. А ў вынікі страты бюджэту Расіі будуць расці.

— Дык хто ўкладае грошы ў эканоміку Беларусі? У 2021 годзе прамых інвестыцый з Расіі ў Беларусь было 2,2 мільярды долараў, а з Еўразвязу на 40 мільёнаў больш — 2,24 мільярды.

Рост экспарту Беларусі ў ЕЗ, які нібыта вядзе эканамічную вайну з Беларуссю, як кажа Лукашэнка, вырас за год ажно на 74%. А з Расіяй, якая абяцала памагчы Беларусі кампенсаваць страты, — на 24%.

Гэта паказвае, наколькі тэндэнцыя можа мяняцца, а ў выніку і сітуацыя, было б жаданне.

Так, бясспрэчна, Расія сёння — важны рынак для беларускай прадукцыі, але толькі таму, што ўлады Беларусі так захацелі. Але з іншага боку, чаму Расія павінна кудысьці знікнуць, а Беларусь у выніку памерці?

Ну, добра, уявім на імгненне, што Расія сапраўды кудысьці знікла, а на яе месцы ўтварыўся новы акіян. Вы сапраўды лічыце, што беларусы, дазнаўшыся пра гэта, памруць? Знік калісьці Савецкі Саюз. Нейкая дзяржава ад гэтага памерла?

І чулі вы, каб штосьці такое казалі лідары Казахстана, Фінляндыі, Грузіі, якія таксама мяжуюць з Расіяй і гандлююць з ёй?

Нават калі ўявіць, што Расія як дзяржава распадзецца, а на яе месцы ўзнікнуць дзясяткі іншых дзяржаў, або яна яшчэ неяк трансфармуецца, людзі там застануцца і ім далей будуць патрэбныя трактары, малочка і трыкатаж з Беларусі, — кажа Гурневіч.

Ну і пра трактары.

— Летась Беларусь прадала ў Расію 13,5 тысяч трактароў, а ва Украіну — 6 тысяч. Але насельніцтва ў Расіі ў 3,5 разы большае, а пра тэрыторыю, якую трэба ўзараць, я ўвогуле маўчу.

У ідэале трэба дбаць пра якасць прадукцыі і празрыстыя схемы гандлю, а не выкарыстоўваць фэйкавыя клішэ пра смерць без Расіі, каб імі апраўдваць сваю марыянеткавасць у палітыцы.

Сёння Беларусь сапраўды ў многім залежыць ад Расіі. І толькі таму, што 30 год паўзе туды на каленях.

Беларусь прывязваюць да Расіі, каб потым заявіць, што без Расіі яна памрэ.

Дастаткова проста не паўзці на каленях, а ўстаць.

Ніякай смерцю гэта не пагражае. Наадварот. Калені перастануць балець.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру