У дзень завядзення на адміністратараў Nexta Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка крымінальнай справы «за стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі» ГУБАЗіК заявіў пра гучную спецаперацыю супраць антылукашысцкага падполля. Мы даведаліся, хто гэтыя людзі.

Вадзім Васільеў. Фота: сацсеткі

Вадзім Васільеў. Фота: сацсеткі

Першы з іх — ураджэнец Віцебска 27-гадовы Вадзім Васільеў. На відэа ён кажа, што быў адміністратарам чатаў «Віцебск 97%» і «Орша 97%» у жніўні 2020 года, тады іх набіралі літаральна па аб'явах. Аніякіх доказаў ягоных «злачынстваў» сілавікі не прыводзяць.

Хлопец па прафесіі быў асвятляльнікам шостага разрада і акцёрам тэатра і кіно. Навучаўся ў дзвюх установах — Віцебскім дзяржаўным ліцэі №5 прыборабудаўніцтва і Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў.

Доўгі час ён працаваў асвятляльнікам у Беларускім тэатры «Лялька» ў Віцебску, а апошнім часам у Цэнтры культуры «Віцебск».

Аляксей Жылянін. Фота: сацсеткі

Аляксей Жылянін. Фота: сацсеткі

Другі з хлопцаў — ураджэнец Гомеля 27-гадовы Аляксей Жылянін. На відэа ён прызнаецца, што быццам бы быў адным з адміністратараў чата «Гомель 97%» і быў неаднаразова судзімы.

Насамрэч, гэта зроблена шляхам мантажу, гаворка пра чат «Гомель — Волатава 97%». Ён налічвае ўсяго 41 падпісанта і не мае амаль аніякай актыўнасці.

Аляксей быў восем разоў асуджаны па палітычным артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку і правядзення масавых мерапрыемстваў), двойчы па артыкуле 17.11 КоАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і двойчы па артыкуле 339 КК (хуліганства). Большасць артыкулаў 23.34 — за агітацыю ў чаце, у якім ён быў адміністратарам, для вельмі малой аўдыторыі.

Што датычыць нібыта «хуліганства», то яно звязанае з тым, што ён 26 кастрычніка 2020 года, у дзень абвешчанай Ціханоўскай агульнанацыянальнай забастоўкі, вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной з дарог Гомеля разам з прадметам, падобным да выбухоўкі. Вось гэта і інтэрпрэтавалі як «хуліганства».

Аляксей меў, відаць, цяжкае дзяцінства. Ён быў раней судзімы — за спробу скрасці сумку ў мужчыны, калі быў у дзявятым класе і пасля за бойку з іншаземным студэнтам на прыпынку. Ён правёў некалькі год спачатку ў дзіцячай выхаваўчай калоніі, а пасля ў калоніі для дарослых.

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
62