Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Найбуйнейшая энергакампанія Даніі Orsted заявіла, што не будзе рабіць плацяжы Расіі за пастаўлены газ у рублях.

Як гаворыцца ў заяве Orsted, кампанія рыхтуецца, што «Газпрам» спыніць пастаўкі. Але кампанія спадзяецца, што зможа забяспечыць альтэрнатыўныя пастаўкі на еўрапейскім аптовым рынку.

Orsted дадае, што канчатковы тэрмін плацяжу — аўторак, і кампанія працягне плаціць у еўра. Таму «існуе рызыка, што «Газпрам экспарт» спыніць пастаўкі газу», — гаворыцца ў паведамленні.

Адначасова і пастаўшчык газу ў Нідэрланды кампанія GasTerra прыняла рашэнне не выконваць патрабаванні «Газпрама» плаціць за расійскае блакітнае паліва ў рублях. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні GasTerra. Тут таксама адзначаецца, што Расія спыніць пастаўкі з 31 мая.

«Гэта звязана з тым, што гэта можа прывесці да парушэння санкцый, уведзеных ЕС, а таксама таму, што існуе занадта шмат фінансавых і аперацыйных рызык, звязаных з неабходным варыянтам аплаты», — гаворыцца ў заяве.

Спыненне паставак азначае, што з 31 мая да 1 кастрычніка 2022 года, калі павінен скончыцца актуальны кантракт, GasTerra не атрымае каля 2 млрд кубічных метраў газу. Але як і ў дацкім выпадку, тут кампанія таксама ўпэўненая, што гэты аб'ём яна зможа без праблем атрымаць ад іншых пастаўшчыкоў.

Раней у рублях адмовіліся плаціць Расіі за газ Польшча, Балгарыя і Фінляндыя, «Газпрам» пастаўкі ім спыніў.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0