Лукашэнка заявіў, што Беларусь пастаянна падвяргаецца «ідэалагічным, інфармацыйным, ваенным і псіхалагічным пагрозам».

«Мы знаходзімся фактычна пад гэтым прэсам з боку калектыўнага Захаду — Вашынгтона і яго саюзнікаў. Намеры вядомыя: дэстабілізаваць грамадства, змяніць канстытуцыйны лад, прывесці да ўлады патрэбных людзей, паслухмяных Захаду. Узровень тэхналогій, кінутых на рэалізацыю гэтых мэтаў, вельмі высокі», — адзначыў ён.

На думку Лукашэнкі, «калектыўны Захад» спрабуе ўздзейнічаць на Беларусь «з выкарыстаннем псіхалагічных аперацый і методык уплыву на свядомасць людзей». У якасці прыкладу ён прывёў Украіну, дзе, маўляў, «разгортваецца сцэнарый, не рэалізаваны на нашай зямлі».

«Трэба разумець, што людзі, якія сочаць за навінамі, не заўсёды ў стане аддзяліць праўду ад хлусні. Калі не з'яўляешся рэальным удзельнікам падзей і атрымліваеш велізарную колькасць інфармацыі ў выглядзе хлусні і фэйкаў, сапраўды цяжка праўду ад хлусні аддзяліць. На Захадзе палітыку ў прынцыпе даўно ператварылі ў пастановачнае кіно, шоу. Людзей прывучылі да такога фармату падачы інфармацыі, таму праўда часам не цікавая. Цікавейшы фэйк, шоу. Таму што прыгожа пастаўлены», — сказаў палітык.

«Самае галоўнае — мы павінны ўмець весці контрпрапаганду, як яе называлі раней у Савецкім Саюзе, — дадаў Лукашэнка. Я і сёння не адмаўляюся ад гэтага. Так, не трэба баяцца гэтага слова — прапаганда. Мы прапагандуем найлепшае, агітуем за найлепшае. Раней былі аддзелы прапаганды і агітацыі ў ЦК партыі і да райкамаў. Прапагандавалі свой лад жыцця, вялі барацьбу, агітавалі за ўсё найлепшае, як мы гэта разумелі».

Клас
1
Панылы сорам
32
Ха-ха
11
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
8