У гэтым міні-серыяле ёсць два галоўныя персанажы. Першы — гэта Кора Сібарн (Клэр Дэйнс), жанчына, якая нядаўна аўдавела. Цяпер яна пачынае вывучаць прыродазнаўства, прычым асабліва ёй цікавыя марскія змеі. У вольны час Кора даследуе іх па старых кнігах, картах і здымках з газет.

У нейкі момант з’яўляюцца чуткі, што вялікі змей тэрарызуе маленькую рыбацкую вёску ў графстве Эсэкс, і тады Кора разам з маленькім сынам і сяброўкай садзіцца на цягнік з Лондана, каб прыехаць туды і правесці расследаванне. Але ж на месцы жанчына знаходзіць не пачвару, а гарадок, які на вачах вар’яцее праз страх. Знікае дзіця, і ўсе пачынаюць вінаваціць у гэтым міфічнага змея, які нібыта нападае на самых грэшных з гараджан, піша The Verge.

Адным з першых людзей, якіх Кора сустракае ў гарадку, становіцца мясцовы пастар Уіл Рэнсам (Том Хідлстан). Ён адзін з нешматлікіх мясцовых, хто не лічыць, што змяя з’яўляецца дрэнным знакам ад Бога.

Калі Кора і Уіл упершыню сустракаюцца, яны нічога не ведаюць адзін пра аднаго, але ж Кора не ў захапленні ад новага знаёмага. Пазней Уіла прадстаўляюць ёй належным чынам, і тады здараецца тыповы момант для рамантычных камедый — жанчына ўсведамляе, нібыта пастар, які раней здаваўся ёй даволі грубым, насамрэч з’яўляецца даволі мілым чалавекам. 

Логіка супраць веры

Серыял раскрывае яшчэ адну тэму, і гэта — супрацьстаянне навукі і веры. Кора вельмі жадае знайсці лагічнае тлумачэнне існаванню змея, яна траціць шмат часу на выкопванне акамянеласцяў і канфліктуе з большасцю жыхароў гарадка, якія схіляюцца да версіі, што змеем яны абавязаныя помсліваму боству.

Ёсць чалавек, які затрымаўся пасярэдзіне паміж навукай і верай, і гэта Уіл. Ён — чалавек веры, але ж у той жа час не можа прыняць звышнатуральныя тлумачэнні ўсяго, з чым сутыкаецца горад. У выніку пастар шмат сумняваецца наконт сваіх перакананняў і таго, наколькі ён можа быць карысны супольнасці, якой служыць.

У выніку можна сказаць, «Змей у Эсэксе» больш прысвечаны адносінам між людзьмі, чым экзістэнцыяльным развагам, хаця і гэтая тэма застаецца важнай. Серыял замяшчае шмат вельмі прыгожых герояў у змрочнае месца, а потым дазваляе назіраць за тым, як гэтыя людзі хаваюць пачуцці адзін да аднаго.

Цяжкі шлюб Коры падышоў да канца, і цяпер яна адчувае нешта падобнае да свабоды. Але ў выніку жанчына затрымліваецца паміж Уілам (не толькі пастарам, але і жанатым бацькам двух дзяцей) і Люкам, прыгожым маладым доктарам, які аказваецца адным з пачынальнікаў хірургіі на адкрытым сэрцы.

Героі аказваюцца па-брытанску занадта стрыманымі, каб сказаць уголас, што яны адчуваюць. І гэтая барацьба ўнутры іх не менш яскравая, чым пошук міфічнага змея або развіццё тэхналогіі аперацый на сэрцы. У выніку мы атрымліваем серыял пра прыгожы хаос, які нараджаецца з канфлікту, і карані ў гэтага канфлікту шматлікія. Часам гэта супрацьстаянне паміж навукай і верай, часам — паміж любоўю і нянавісцю, а часам проста наступства таго, што шмат прыгожых людзей апынуліся разам у дэпрэсіўным мястэчку.

Цяпер жывіце з гэтым: Disney выпусціў працяг «Чыпа і Дэйла», у ім Гаечка нарадзіла 42 мухамышы

Грошы, топ-мадэлі і абсурднасць капіталізму. Расказваем пра шведскі фільм, які перамог у Канах

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру