Пасля анэксіі паўвострава Расіяй многія вырашылі адмовіцца ад адпачынку там па палітычных матывах.

Іншыя наважваліся ездзіць у Крым праз Расію, але такі шлях не меў вялікай папулярнасці, бо адлегласць ад Мінска да Ялты праз Украіну складала менш за 1500 км, а калі ехаць праз Расію — то 2300 км. І што важна — наведванне Крыма праз РФ магло прывесці да негатыўных наступстваў, калі пасля гэтага чалавек збіраўся ў іншую частку Украіны.

Тым не менш, некаторыя беларускія тураператары працягваюць прадаваць туры ў Крым. Заўважна, што ніводны з іх не настойвае і нават не прапаноўвае рабіць страхоўкі, хоць цяпер на поўдні Украіны ідуць баявыя дзеянні.

І не папярэджваюць, што наведванне Крыма праз тэрыторыю РФ — гэта парушэнне ўкраінскага заканадаўства, якое цягне забарону на ўезд ва Украіну.

Адзіная праблема, якую адзначаюць у фірмах, — праблемы з карткамі.

«Калі вы збіраецеся ехаць на адпачынак у Крым, то трэба запасціся наяўнымі, пажадана адразу ў расійскай валюце. З разлікам карткамі там ёсць пэўныя складанасці. Большасць беларускіх банкаўскіх картак у Крыме не працуе. У малых крамах і кавярнях прымаюць толькі гатоўку», — пачулі мы ад турагентаў. 

34—36 гадзін у дарозе 

Што прапануюць? Пераважна аўтобусныя туры з выездам з Мінска, Бабруйска, Жлобіна і Гомеля.

«Дарога з Мінска да мора на турыстычным аўтобусе займае 34—36 гадзін. Аўтобус выязджае з Мінска ўвечары, таму ночыць у дарозе давядзецца двойчы. Аўтобус не спыняецца на начлег, на ўсім шляху (больш за 2000 км) прадугледжаны толькі санітарныя прыпынкі раз на 4—5 гадзін»,

— апісваюць шлях да Крыма ў адной са сталічных турфірм.

Цана адпачынку моцна залежыць не толькі ад месяца і ўзроўню гатэля, але і ад населенага пункта.

На канец чэрвеня — пачатак ліпеня агучваюць наступныя прапановы:

«Ёсць варыянты 10-дзённага адпачынку ў Судаку па 285 $ за дарослага і 225 $ за дзіця да 12 год. Да гэтай сумы трэба дадаць па 65 рублёў з дарослага і 55 з дзіця за турпаслугу. Гэта пачатковыя цэны на пуцёўку без харчавання. У пакет уваходзіць трансфер і пражыванне».

Турагенты дадаюць, што на сям'ю з трох чалавек штодзённа на харчаванне давядзецца траціць яшчэ каля 50 даляраў. 

Калі гэта варыянт з трохразовым харчаваннем, то цана 10-дзённай пуцёўкі на аднаго дарослага ўзрастае да 630 даляраў. 

З сярэдзіны ліпеня цэны яшчэ вышэйшыя. Пры гэтым турагенты адзначаюць, што гэта ўсё адно стартавыя цэны.

«Крымскі all inclusive»

Большасць беларускіх тураператараў, які возяць у Крым, прапануюць туры на ўсходнім узбярэжы — у Феадосію, Судак, Кактэбель. 

«Паўднёвы бераг даражэйшы за ўсходні, у дадатак гэта на 200—300 кіламетраў больш дарогі, чым да таго ж Судака, таму мы нават не прапануем адпачынак на паўднёвым беразе Крыма», — адзначылі ў адной з турфірмаў.

Турагенцый, гатовых везці беларусаў далей за Судак, не шмат, але яны есць. У адной з іх нават прапаноўваюць «крымскі all inclusive».

«Зараз есць вельмі выгадная прапанова ў Алушце па праграме all inclusive. Пры выездзе з Мінска 28 чэрвеня цана 10-дзеннай пуцёўкі складзе каля 1500 даляраў за дваіх дарослых. Гэта даволі рэдкая прапанова для Крыма», — рэкламуюць у адной з фірмаў.

Трансфер (без адпачынку) да Крымскага паўвострава прадаюць па наступных цэнах. Праезд па маршруце Мінск—Феадосія (Судак) — 130—140 $ з чалавека, да Ялты ці Алушты — 150—160 $. Плюс 60—70 рублёў за турпаслугу. 

«Дорага? Ну можам яшчэ Абхазію прапанаваць», — парэкамендавалі на тым канцы провада.

Чытайце таксама: 

«Гродна для Беларусі — гэта як Львоў для Украіны». Што з турыстамі ў Гродне пасля адкрыцця межаў

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
12