Трафей Лігі Нацый. Фота: en.as.com

Трафей Лігі Нацый. Фота: en.as.com

Што за Ліга Нацый?

Схема Лігі Нацый даволі мудрагелістая. Як і ў мінулых розыгрышах, мы маем чатыры дывізіёны — A, B, C, D. Кожны дывізіён з першых трох падзелены на чатыры групы, у дывізіёне D ёсць толькі дзве групы. Выглядае гэта так:

Дывізіён А

A1: Францыя, Данія, Харватыя, Аўстрыя.

A2: Іспанія, Партугалія, Швейцарыя, Чэхія.

A3: Італія, Англія, Германія, Венгрыя.

A4: Бельгія, Нідэрланды, Польшча, Уэльс.

Дывізіён В

B1: Украіна, Шатландыя, Ірландыя, Арменія.

B2: Ісландыя, Ізраіль, Албанія.

B3: Боснія і Герцэгавіна, Фінляндыя, Румынія, Чарнагорыя.

B4: Швецыя, Нарвегія, Сербія, Славенія.

Дывізіён С

C1: Фарэрскія выспы, Літва, Люксембург, Турцыя.

C2: Кіпр, Косава, Грэцыя, Паўночная Ірландыя.

C3: Казахстан, Азербайджан, Беларусь, Славакія.

C4: Гібралтар, Грузія, Паўночная Македонія, Балгарыя.

Дывізіён D

D1: Ліхтэнштэйн, Андора, Малдова, Латвія.

D2: Сан-Марына, Эстонія, Мальта.

Унутры кожнай з груп пройдзе кругавы турнір. Па яго выніках пераможцы груп у дывізіёнах B, C і D трапяць у вышэйшы слот. У сваю чаргу няўдачнікі груп у лігах А, В і С апынуцца ў ніжэйшых дывізіёнах.

Тут і на наступным фота: зборная Беларусі ў матчы Лігі Нацый з Люксембургам, 12 кастрычніка 2018 года. Крыніца: АР

Тут і на наступным фота: зборная Беларусі ў матчы Лігі Нацый з Люксембургам, 12 кастрычніка 2018 года. Крыніца: АР

Пераможцы груп у дывізіёне А разыграюць паміж сабой тытул пераможцы ўсяго турніра, але ж адбудзецца гэта ажно ў чэрвені 2023 года.

Як з Лігі Нацый трапіць на Еўра

Розыгрыш Лігі Нацый 2022/2023 дасць магчымасць паехаць на чэмпіянат Еўропы тром камандам — па адной ад дывізіёнаў А, В і С. Чатыры лепшыя каманды ад кожнай з трох ліг разыграюць пуцёўку на першынства ў асобных турнірах плэй-оф.

Але ж Ліга Нацый не адмяняе асноўны адбор на чэмпіянат Еўропы, праз які туды могуць трапіць больш моцныя еўрапейскія зборныя. Калі каманда выходзіць на першынства кантынента праз кваліфікацыю, то яе пуцёўка туды ж, заваёваная ў Лізе Нацый, пераходзіць да наступнай па рэйтынгу Лігі Нацый каманды ў яе дывізіёне.

Калі ж прэтэндэнтаў на пуцёўку ў дывізіёне не знойдзецца, шанс трапіць на чэмпіянат атрымае лепшая зборная сярод двух пераможцаў груп у дывізіёне D.

Што чакае беларусаў

У рамках сваёй групы беларуская зборная адыграе шэсць гульняў:

03.06.2022. Беларусь — Славакія

06.06.2022. Беларусь — Азербайджан

10.06.2022. Беларусь — Казахстан

13.06.2022. Азербайджан — Беларусь

22.09.2022. Казахстан — Беларусь

25.09.2022. Славакія — Беларусь

Адна з прывабнасцей Лігі Нацый — тое, што гэты турнір дае не самым моцным еўрапейскім зборным дадатковы шанс трапіць на чэмпіянат свету ці (як зараз) на чэмпіянат Еўропы. Пасля мінулага розыгрышу турніра беларусы апынуліся на другім месцы ў сваёй групе і адсталі ад пераможцы групы, Албаніі, толькі на адно ачко, адпаведна ўпусцілі шанс трапіць у плэй-оф.

Новы розыгрыш зноў дае беларусам уяўны шанс паехаць на турнір. Але ж для гэтага трэба не толькі перамагчы ў групе (што само па сабе не гарантавана), але і стаць пасля гэтага лепшымі ў турніры плэй-оф з іншымі камандамі дывізіёна С. Сярод іх ёсць моцныя супернікі накшталт Турцыі, Грэцыі і Паўночнай Ірландыі, то-бок барацьба — калі Беларусь атрымае на яе шанс — чакаецца няпростая, і здабытая ў ёй пуцёўка на турнір будзе амаль што цудам.

Варта нагадаць, што беларускі футбол падыходзіць да сёлетняй Лігі Нацый ва ўмовах беспрэцэдэнтных санкцый, звязаных з вайной ва Украіне. Іншая падсанкцыйная каманда — зборная Расіі — увогуле пазбаўленая шансу ўдзельнічаць у розыгрышы.

З беларусамі чыноўнікі УЕФА абышліся (пакуль што) не так строга. Каманда мае магчымасці гуляць у Лізе Нацый, і ад яе не патрабуюць нейтральнага статусу — можна пакінуць на месцы афіцыйныя беларускія сцяг і гімн і не змяняць форму на адзенне ў іншых колерах. Патрабаванне толькі адно — не гуляць хатнія матчы ў Беларусі, таму зборная Георгія Кандрацьева правядзе іх у сербскім Нові-Садзе.

Санкцыі ў хакеі — вітанне тым аптымістам у беларускім спорце, хто думаў, што «гэта ненадоўга»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1