Грузія. Рост цэнаў арэнды ў 2—3 разы

Паводле звестак уладаў Грузіі, за першы месяц вайны ва Украіне ў Грузію прыехалі каля 20 тысяч беларусаў. Гэта ў дзесяць разоў больш, чым звычайна. Беларусаў у каўказскую краіну прыехала нават больш, чым украінцаў (каля 16 тысяч, паводле афіцыйных лічбаў. — РС). Разам з грамадзянамі Расіі яны кардынальна памянялі расклад на рынку арэнды нерухомасці.

Батумі

Батумі

Беларус Андрэй жыве ў Батумі амаль год. Разам з жонкай і дзецьмі наймае «еўрадвушку» ў доме побач з марскім узбярэжжам. Дом новы, кватэра памерам 45 квадратаў, абсталяваная мэбляй, на кухні ёсць посуд. Усё новае, але самае простае, з мясцовага аналага IKEA. Летам 2021 года такое жыллё каштавала 450 даляраў у месяц, але ўжо ў кастрычніку гаспадар знізіў кошт да 250. Перагляд расцэнак па сезонах быў нармальнай для Батумі з'явай да 2022 году. Цяпер усё памянялася.

«Мясцовыя кажуць нам, што беларусы зламалі сістэму (арэнды жылля ў Грузіі. — РС), — расказвае Андрэй. — Рэфармавалі рынак. Шмат хто з беларусаў прыехаў сюды адразу пасля жніўня 2020-га, мы былі далёка не першыя. Тут жыллё летам звычайна арандавалі на месяц. Беларусы прыехалі і рабілі гэта адразу на год. Да мінулага года ў Батумі не было ніколі такога, каб нехта нават на першай лініі (у крокавай даступнасці да пляжаў. — РС) у старых дамах прасіў 300—350 даляраў за месяц. Самая высокая цана была — 250».

Цяпер такі кошт не прапануюць нават у аддаленых ад мора раёнах. З лютага 2022 года рэальных цэнаў на арэнду жылля ў Батумі не ведаюць нават гаспадары кватэр, кажа Андрэй. Прычым якасць жылля ў Грузіі не найлепшая. За 10 месяцаў беларусу прыйшлося часткова мяняць у арэндным жыллі сантэхніку і іншае.

«Выбух быў у сярэдзіне сакавіка, нас гаспадары папярэдзілі, што кошт арэнды вырасце, нават нягледзячы на ранейшыя дамоўленасці яго не павышаць, — расказвае суразмоўца. — Красавік і травень ужо плацім па-новаму. А на лета сказалі ад 500. Думаю, трэба рыхтавацца на 600, і гэта будзе яшчэ добрая цана. Цэны, вядома, прапісваюцца ў дамовах, але гаспадары жылля іх могуць разрываць. У нашым доме жыллё ўжо здаецца па 700 даляраў на месяц. На першай лініі з добрым відам можа быць і 1000 даляраў».

Андрэй расказвае, што візуальна колькасць беларусаў на вуліцах Батумі з канца лютага пачала «павялічвацца ў разы». Нават у зусім нетурыстычным месцы можна лёгка пачуць размову пра тое, што цяпер адбываецца, напрыклад, у Маладзечне.

Пры гэтым дыскрымінацыі да сябе з боку грузінаў суразмоўца не адчувае. Кажа, што ў сакавіку і красавіку была яшчэ нейкая напружанасць. Напрыклад, у банку маглі адмовіцца мяняць банкноту з пашкоджаным краем. Але цяпер збольшага ўсё так, як было да пачатку вайны.

Цяжэй расейцам, якія таксама масава прыехалі ў Грузію. Ім часта адмаўляюць у арэндзе жылля і ў іншых паслугах. З беларусамі такія выпадкі здараюцца адзінкава.

Літва. Цэны ў сярэднім выраслі з 500 да 700 еўра

За першы год, што прайшоў з выбараў жніўня 2020 года, у Літву з Беларусі толькі па гуманітарных візах пераехалі каля 20 тысяч беларусаў. З пачаткам вайны ва Украіне сітуацыя толькі абвастрылася.

Стары горад у Вільні

Стары горад у Вільні

У канцы сакавіка МЗС Літвы паведамляла, што ў амбасадзе ў Мінску сабралася каля 10 тысяч заявак на атрыманне візаў для пераезду.

Усё гэта паўплывала на кошты арэнды жылля ў Вільні.

Калі восенню 2020 года аднапакаёвая студыя тут каштавала 450—500 еўра ў месяц, то цяпер такое ж жыллё могуць здаваць ужо нават за 700 еўра. Таксама знізілася колькасць прапаноў. Калі ў студзені 2022 года ў Вільні здавалі каля 2500 кватэр, то ў канцы траўня — толькі 400, паведамляе партал delfi.lt. Рост коштаў на арэнду жылля з пачатку сакавіка дасягнуў 20—30%.

«Я шукаю жыллё ў Вільні пакуль дыстанцыйна, спісваюся з уласнікамі і агентамі, — расказвае Свабодзе беларуска, якая збіраецца пераехаць у Літву летам. — Каля паловы ўласнікаў адмаўляюцца здаваць замежнікам. Я не ведаю, ці гэта таму, што я беларуска, ці з нейкай іншай прычыны. Жыллё шукаю ўжо месяц, за гэты час цэны выраслі на 100—150 еўра. Раней разглядала магчымасць пераезду ў Грузію, але цэны на кватэры там цяпер такія самыя, як у Літве, таму прасцей перабрацца сюды».

Як расказалі Свабодзе яшчэ некалькі чалавек, якія цяпер шукаюць варыянты пераезду з Беларусі за мяжу, высокія цэны на арэнду жылля ў Літве робяць гэта праблематычным.

Працадаўцы са сферы ІТ часта ахвотна дапамагаюць з пераездам, але нашмат менш ахвотна ідуць на падвышэнне заробкаў альбо аплату арэнды кватэр для сваіх супрацоўнікаў. У выніку тыя, хто не можа з'ехаць, застаюцца ў Беларусі без працы.

Польшча. «Атрымала чатыры адмовы за адзін дзень»

Колькасць беларусаў, якія з 2020 года пераехалі на сталае месца жыхарства ў Польшчу, невядомая. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда летам 2021 года называў лічбу ў 200 тысяч чалавек. Пры гэтым колькасць гуманітарных візаў, якія Польшча выдала беларусам за першы год пасля пратэстаў, значна ніжэйшая — каля 20 тысяч.

Вечаровая Варшава

Вечаровая Варшава

Свежых звестак пра тое, як на сітуацыю паўплывалі падзеі ва Украіне, пакуль няма. Але знайсці жытло ў Варшаве і іншых польскіх гарадах стала нашмат складаней, чым нават год таму. Уплываюць на сітуацыю ўцекачы з Украіны.

«Мы кватэру ў Варшаве пачалі шукаць у сярэдзіне траўня, але за тэндэнцыямі на рынку сачылі яшчэ са студзеня, — расказвае Вольга, якая днямі пераехала з Беларусі ў Польшчу. — Цэны ўверх пайшлі, вядома. Але мне падаецца, што гэта не нейкае жаданне палякаў задраць іх, а проста ўмовы рынку, які рэагуе на сітуацыю. Калі параўноўваць са студзенем, то кватэры, якія тады каштавалі каля 3800 злотых (820 еўра), цяпер каштуюць 4500—5000 (980—1100 еўра)».

Як расказвае Вольга, у Варшаве яна адпачатку шукала трохпакаёвую кватэру, бо плануе працаваць з дому, мае хатняга гадаванца. Да беларусаў, як кажа суразмоўца, палякі па-ранейшаму ставяцца добра. Асабліва калі арандатар крыху валодае польскай мовай. Праблемы ствараюць хутчэй умовы, у якія трапілі шукальнікі арэнднага жылля. Хутка яго знайсці практычна нерэальна, кажа Вольга.

«Мы шукалі кватэру з рыэлтарамі, нават з трыма, — расказвае суразмоўца. — Усіх нам параілі. Кватэры вельмі хутка сыходзяць. Трэба адразу дамаўляцца на прагляд, іначай ты аказваешся дванаццатай у чарзе. Шанцаў, што ты хаця б паглядзіш кватэру, проста няма. Людзі нават проста па званку наймаюць, не гледзячы. Трэба прызначаць сустрэчу адразу з гаспадарамі. Выклікаць таксоўку і ехаць. Калі не паспееш, кватэру здадуць. У мяне быў дзень, калі я не паспела такім чынам чатыры разы».

У выніку Вольга зняла кватэру за 5000 злотых у месяц недалёка ад цэнтру Варшавы ў новым доме. Прыкладна такое ж жыллё бліжэй да ўскраіны польскай сталіцы каштуе каля 3800-4000 злотых у месяц.

У Мінску ў Вольгі засталася свая кватэра, здаваць яе яна не плануе.

Беларусь. «Цэны на арэнду жылля ўпалі да ўзроўню 2012 года»

Дакладная лічба беларусаў, якія з'ехалі з краіны пасля выбараў 2020 года і з пачаткам вайны Расіі супраць Украіны, невядомая. Але гэта ўжо паўплывала на рынак арэнды жылля, перш за ўсё ў Мінску.

Мікрараён Новая Баравая ў Менскім раёне. Архіўнае фота

Мікрараён Новая Баравая ў Менскім раёне. Архіўнае фота

«Цэны цяпер на ўзроўні дзесяцігадовай даўніны, — расказаў у размове са Свабодай адзін з рыэлтараў, які дапамагае знайсці арэнднае жыллё ў Мінску. — Прапанова ўвесь час павялічваецца, а попыт, наадварот, зніжаецца. «Аднушкі» нават ля метро ўжо каштуюць 150—200 даляраў у месяц. Такога не было з пачатку 2010-х гадоў. Прычым гаспадары гатовыя скідаць і такую цану. Кватэры не могуць здаць месяцамі».

Па словах суразмоўцы, попыт цяпер ёсць найперш на адносна танныя кватэры. Частка ўласнікаў, якія з'ехалі з Беларусі нядаўна, адмаўляецца здаваць свае кватэры па нізкіх цэнах. Для іх прасцей працягваць аплачваць камуналку з-за мяжы, чым пусціць некага чужога жыць у сваіх кватэрах і мець з гэтага 200—300 даляраў прыбытку.

«Але нельга сказаць, што прычынай зніжэння цэнаў стала вайна, — кажа суразмоўца. — Яны пачалі падаць яшчэ ў 2020 годзе і працягваюць павольна апускацца. У людзей стала менш грошай, заробкі змяншаюцца. Адсюль і зніжэньне цэнаў на арэнду. Рэзкага росту колькасці прапановаў я не бачу. Верагодна, цэны на арэнду жылля ўжо дасягнулі найніжэйшага ўзроўню. Цяжка прагназаваць, што яны яшчэ могуць зніжацца».

Чытайце таксама:

Ці сапраўды танна жыць у Грузіі? Расказваюць беларусы

Беларусы ставяць рэкорды па куплі нерухомасці ў Польшчы

«Гаспадар адмовіўся браць грошы». Беларусы, якія працягваюць здымаць кватэры ў Кіеве, распавялі пра свой досвед

Зняць кватэру ў Мінску цяпер рэальна ад 100 даляраў. Паглядзелі на самыя танныя варыянты арэнды ў сталіцы

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
12
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
3